Свет

Хрыста Грозеў: ад рамантыка-радыёаматара да чалавека, які выкрыў самыя змрочныя таямніцы ГРУ і ФСБ. Як яго вербавала спецслужба Люксембурга і як ён вымушаны хавацца цяпер

Вядомы балгарскі журналіст-расследавальнік Хрыста Грозеў у вялікім інтэрв'ю не толькі раскрыў некаторыя метады пошуку інфармацыі, але і падзяліўся, якую цану даводзіцца плаціць за праўду ў сучасным свеце.

Хрыста Грозеў. Скрын відэа: tvrain / YouTube

Балгарскі журналіст Хрыста Грозеў, вядомы сваім гучнымі расследваннямі, даў інтэрв'ю тэлеканалу «Дождь». Прыводзім найбольш цікавыя моманты.

Дзяцінства ў сацыялістычнай Балгарыі

Як успамінае Хрыста Грозеў, яго дзяцінства і юнацтва, якія прайшлі на зыходзе сацыялістычнай эпохі, сфарміравалі ў ім непрыманне хлусні, цягу да свабоды і ўнікальныя навыкі, якія пазней леглі ў аснову яго прафесійнай дзейнасці.

Па словах самога Грозева, яго бацькі, якія жылі ў балгарскім горадзе Плоўдзіў, былі занадта маладыя, калі ён нарадзіўся, і гэта вызначыла іх адносіны з сынам. Ён не ўспрымаў іх як строгіх старэйшых, а хутчэй як аднагодкаў і аднадумцаў. «Яны былі проста людзі, якія апынуліся ў маім доме, якія апынуліся на 19 гадоў старэйшыя за мяне», — успамінае журналіст.

Менавіта ад бацькоў ён атрымаў першыя і самыя важныя ўрокі. Яго бацька, чалавек з бунтарскім характарам, якога аднойчы звольнілі з пасады дырэктара школы за адмову пагаліць бараду і пастрыгчыся, прышчапіў сыну любоў да англамоўнага рок-н-рола і настаяў на вывучэнні англійскай мовы замест французскай, якую сын засвойваў у школе, купіўшы яму самавучыцель.

Маці ж, у сваю чаргу, навучыла яго шукаць праўду за межамі афіцыйнай прапаганды. Як успамінае Грозеў, яна паказала яму, як знаходзіць на кароткіх хвалях забароненыя радыёстанцыі: «Мае бацькі мне сказалі, што калі ты хочаш ведаць, што рэальна адбываецца ў свеце, ты павінен слухаць радыё «Свабодная Еўропа».

Хрыста Грозеў з бацькамі. Скрын відэа: tvrain / YouTube

Ад зубрэння слоўніка да сінхроннага перакладу ў кіно

Захапленне англійскай мовай хутка перарасло ў сапраўдную страсць. Грозеў быў, паводле яго ўласнага вызначэння, «батанікам»: ён самастойна вывучыў увесь вялікі Оксфардскі слоўнік, а аднагодкі «экзаменавалі» яго па ім. Але сапраўднай марай было перакладаць фільмы.

Шанец з'явіўся нечакана. Маці, якая працавала бухгалтаркай, спрабавала дамовіцца праз сваю калегу, былую супрацоўніцу кінатэатра, пра магчымасць для сына паспрабаваць сябе ў ролі перакладчыка на паказах фестывальных фільмаў, якія ішлі ў арыгінале, без субцітраў і дубляжу.

Аднойчы штатны перакладчык захварэў, і 15-гадоваму Хрысту патэлефанавалі з прапановай яго замяніць. «Гэта быў самы шчаслівы дзень і самы страшны», — успамінае ён.

Яму трэба было ў рэальным часе перакладаць фільм для залы на 2000 чалавек, не бачыўшы карціну загадзя. Ён сядзеў у будцы кінааператара з маленькім мікрафонам і перакладаў на слых. У выніку так ён адпрацаваў чатыры гады. За гэты час ён пераклаў каля 400 фільмаў.

Звычайна ў яго была магчымасць паглядзець фільм адзін раз, а 5:30 раніцы, перад школай. «Я ўваходжу ў кінатэатр а 5:30, і яны пад мяне адкрываюць кінатэатр, каб праектаваць фільм. Потым адразу бягу ў школу», — расказвае Грозеў пра свой тагачасны графік.

Аднойчы яго чакаў сюрпрыз: вестэрн, які ён збіраўся перакладаць «з ліста», аказаўся на італьянскай мове. Каб не праваліць сеанс, ён прынёс у кінатэатр бабінны магнітафон, запісаў гукавую дарожку, а затым дома, з італьянска-англійскім слоўнікам, літаральна за дзень расшыфраваў і пераклаў увесь фільм, экстранна вывучыўшы асновы мовы.

Ад выключэння з універсітэта да «шпіёнскіх» прыгод

Як успамінае журналіст, яго першы сур'ёзны канфлікт з сістэмай адбыўся пасля першага курса ўніверсітэта, калі ён паехаў на лета працаваць у Англію. Там хлопец даў гадзіннае інтэрв'ю «Радыё Свабода», дзе выказаў смелую думку:

«Я ўпэўнены, што камунізм — гэта часова і што нашмат хутчэй гэта скончыцца, чым вы ўсе думаеце». За гэтую фразу яго неадкладна выключылі з універсітэта, а бацьку тэлефанавалі з кампартыі і патрабавалі, каб ён адрокся сына. Бацька, па словах Грозева, кінуў слухаўку, аблаяўшы іх. Праз некалькі месяцаў — у лістападзе 1989 года — спыніў сваё існаванне камуністычны рэжым у краіне.

Застаўшыся без месца вучобы, Грозеў не разгубіўся. Разам з сябрамі ён стварыў у Плоўдзіве пірацкую радыёстанцыю «Канал Ком», якая вяшчала амаль паўгода. Пазней, па дарозе на вучобу ў Бельгію, ён заехаў у Люксембург, каб наведаць легендарнае «Радыё Люксембург», якое слухаў з 14 гадоў, рэгулярна ўдзельнічаў у конкурсах і завочна пасябраваў з дыджэямі. У выніку ён застаўся там на некалькі месяцаў, атрымліваючы каштоўны практычны досвед, але на вучобу ён так і не трапіў.

Менавіта ў Люксембургу адбыўся адзін з самых кінематаграфічных эпізодаў яго юнацтва. Знайшоўшы закінутую балгарскую амбасаду, ён 15 разоў пранікаў унутр, каб чытаць сакрэтныя дакументы.

На пятнаццаты раз яго арыштавала мясцовая паліцыя, прыняўшы за шпіёна. Справа скончылася спробай вярбоўкі з боку люксембургскай спецслужбы, ад якой Грозеў элегантна ўхіліўся, атрымаўшы бясплатны білет бізнес-класа на радзіму.

Радыё «Аўра» і пачатак прафесійнага шляху

Вярнуўшыся ў Балгарыю, па настойванні бацькі Хрыста паступіў у толькі што адкрыты Амерыканскі ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Там ягоная страсць да радыёвяшчання атрымала новае развіццё. Ён стварыў студэнцкую радыёстанцыю «Аўра», якая з невялікай кабельнай сеткі для кампуса ператварылася ў самую папулярную FM-станцыю ў горадзе. Абсталяванне для яе, па ўспамінах Грозева, прывёз сябар з Галандыі — гэта быў стары пірацкі перадатчык і студыйная тэхніка.

«Аўра» стала сапраўднай «лабараторыяй камерцыйнага радыё», дзе студэнты вучыліся ўсяму — ад дыджэінгу да продажу рэкламы. Менавіта гэты поспех і прыцягнуў увагу амерыканскай кампаніі Metromedia. У 1993 годзе былы дырэктар «Радыё Люксембург», які працаваў на кампанію, прыехаў у Балгарыю, паслухаў станцыю і прапанаваў Грозеву працу ў расійскім Сочы.

Расійскі бізнес Грозева: пісталет на стале, маёр ФСБ і піца з пятрушкай

Чаканні, падагрэтыя расказамі працадаўцаў з Metromedia пра «чатыры мільёны турыстаў», разбіліся аб суровую рэальнасць. Як успамінае Грозеў, перыяд, калі ён працаваў у Сочы, дзе запусціў «Радіо Ніка», былі «самым бедным перыядам гэтага горада».

Замест турыстычнага раю ён застаў заняпад: банк, у якім ён атрымліваў заробак, збанкрутаваў, і яму давялося выжываць на мізэрныя сродкі. «Я памятаю, што ўсё лета я там еў піцу з пятрушкай. Гэта было ўсё, што я мог сабе дазволіць», — расказвае журналіст.

Апошняй кропляй, якая падштурхнула яго да ад'езду, стаў вялікі прусак, знойдзены ў каве. У той жа дзень, калі ён быў гатовы ўсё кінуць, яму патэлефанавалі з Metromedia з прапановай узначаліць радыёстанцыі ў Санкт-Пецярбургу. Для 26-гадовага менеджара гэта быў неймаверны кар'ерны скачок, і ён, паводле яго слоў, «не раздумваючы, змяніў сочынскія плюс 25°C на піцерскія мінус 11°C».

У Санкт-Пецярбургу Грозеў сутыкнуўся з галоўным атрыбутам расійскага бізнесу 90-х — рэкетам. Літаральна ў першы дзень працы, як ён расказвае, сакратарка паведаміла пра візіт «нейкіх маладых мужчын, такога спартыўнага целаскладу».

Першая група «спартсменаў» заявіла, што ў іх была дамоўленасць з папярэднім дырэктарам: «мы дамовіліся, што ён будзе нам плаціць 20%». Праз некалькі дзён з'явілася другая, а затым і трэцяя група з аналагічнымі сцвярджэннямі. Грозеву стала зразумела, чаму яго папярэднік так спешна пакінуў краіну.

Метады пераканання былі вельмі просталінейнымі. Па словах Грозева, для большай эфектыўнасці перамоваў «яны пісталет клалі на стол». Малады дырэктар, аднак, знайшоў свой спосаб супрацьстаяння. Ён не ўступаў у канфрантацыю:

«Я ім расказваў цудоўныя гісторыі, анекдоты, успаміны з Балгарыі, запрашаў іх на мора. Яны заўсёды сыходзілі з усмешкамі, рэальна думалі, што мы пасябравалі». Гэты крохкі мір доўжыўся да таго часу, пакуль хтосьці не тлумачыў візіцёрам, што іх зноў падманулі, і яны вярталіся. Так, па словах журналіста, працягвалася амаль год.

У пошуках абароны Грозеў спрабаваў знайсці ахоўную фірму, але хутка зразумеў, што «ўсе кампаніі, якія займаліся аховай, аказаліся таксама мафіёзнымі структурамі». Рашэнне прыйшло з нечаканага боку. На яго выйшаў нейкі маёр ФСБ, які зрабіў дзіўную па сваёй шчырасці прапанову.

«Я не перабольшваю, ён кажа: «Я адказваю за арганізаваную злачыннасць у горадзе»», — успамінае Грозеў. На яго ўдакладняючае пытанне: «Вы маеце на ўвазе за барацьбу з арганізаванасцю?» — маёр адказаў: «Так-так-так». Кошт за такое «заступніцтва» быў дакладна пазначаны — «3 тысячы ў месяц» у доларах.

Грозеў знайшоў кампраміс: маёра аформілі як кансультанта на шэсць месяцаў. У гэты перыяд, паводле яго слоў, наезды спыніліся. Аднак плаціць сілавіку за «дах» ён лічыў абсурдам і, як толькі кантракт скончыўся, спыніў выплаты. Праблемы з бандытамі неадкладна аднавіліся.

Ад медыямагната да вымушанага продажу бізнэсу

Нягледзячы на крымінальны ціск, бізнес Грозева квітнеў. Ён ператварыў стратныя станцыі ў лідараў рынку, стварыўшы такія паспяховыя праекты, як «Эльдарадыё» і «Мелодыя». Але на змену бандытам з пісталетамі прыйшоў ціск іншага кшталту — з боку буйных алігархічных структур.

У 2003 годзе яго амерыканскіх партнёраў вымусілі прадаць усе расійскія актывы, уключаючы радыёстанцыі, структурам расійскай АФК «Сістэма». Першай інструкцыяй ад новых уладальнікаў, як успамінае журналіст, было патрабаванне, «каб больш дрэнных навін не было на гэтай станцыі». Гэта быў сігнал аб змене эпохі: на змену хаатычнаму бандытызму прыходзіў сістэмны дзяржаўны кантроль.

Грозеў зрабіў адчайны крок: у адзіночку паехаў на перамовы ў Маскву і, знайшоўшы амерыканскі інвестыцыйны фонд, здолеў выкупіць радыёгрупу назад. Але гэта была толькі часовая перамога. У 2006 годзе, калі ў Расіі быў прыняты закон, які забараняў замежнікам валодаць буйнымі СМІ, ён быў канчаткова вымушаны прадаць свой бізнес.

Гэты шматгадовы досвед вядзення спраў у Расіі, на думку журналіста, даў яму разуменне таго, як уладкаваная сістэма ўлады ў краіне — ад вулічнага рэкету да алігархічных войнаў і ролі спецслужбаў. Менавіта гэтыя веды сталі падмуркам, на якім ён пазней пабудаваў сваю кар'еру аднаго з самых праніклівых расследавальнікаў, якія спецыялізуюцца на Расіі.

Першыя расследаванні

Вымушаны продаж расійскага бізнесу ў 2006 годзе не азначаў для Хрыста Грозева разрыву з Расіяй. Ён працягваў сачыць за тым, што адбываецца, але ўжо з пазіцыі старонняга назіральніка. Усё змянілася ў 2014 годзе. Анексія Крыма і пачатак вайны на Данбасе, паводле яго слоў, суправаджаліся беспрэцэдэнтнай інфармацыйнай вайной, у якой ён пазнаваў знаёмыя твары. «Частка людзей, якіх я нават навучаў і з якімі працаваў, перайшлі на цёмны бок», — успамінае ён.

Першапачаткова яго цікавасць была акадэмічнай — ён аналізаваў, як ствараюцца і распаўсюджваюцца фэйкі. Але 17 ліпеня 2014 года, калі над Данбасам быў збіты Boeing MH17, яго «хобі» перайшло з віртуальнага свету ў рэальны.

Галоўнай задачай у расследаванні катастрофы MH17 было аддзяліць праўду ад патоку дэзінфармацыі. Расійская прапаганда, як адзначае Грозеў, упершыню ўжыла тактыку «квантавай абфускацыі»: не даказаць адну лжывую версію, а стварыць дзясяткі супярэчлівых, каб праўда патанула ў гэтым «інфармацыйным тумане» і грамадства стамілася ад спробаў разабрацца.

Ключавым момантам сталі апублікаваныя ўкраінскімі спецслужбамі перахопы тэлефонных размоў, дзе расійскія вайскоўцы нібыта прызнаваліся ў зробленым. Каб праверыць іх сапраўднасць, Грозеў вырашыў зрабіць тое, што, на яго думку, было відавочным, але чамусьці ніхто не рабіў. Ён расказвае: «Украінцы публікуюць гэтыя званкі, яны публікуюць нумары гэтых удзельнікаў размовы. Ну давай проста патэлефануем гэтым людзям».

Каб вайсковец на тым канцы дроту зняў слухаўку, Грозеў падмяніў свой нумар на маскоўскі (гэтаму, паводле яго слоў, ён навучыўся яшчэ ў школе). Размова адбылася. Параўноўваючы запіс голасу з апублікаваным перахопам, ён пераканаўся ў іх ідэнтычнасці. Гэта быў паваротны момант: стала зразумела, што ўкраінскі бок у гэтым выпадку не хлусіць, і гэты метад верыфікацыі працуе.

Справа Скрыпалёў

Расследаванне атручвання Сяргея і Юліі Скрыпалёў у 2018 годзе стала для Грозева і каманды Bellingcat сапраўдным прарывам. Яны дзейнічалі па тым жа прынцыпе «пошуку відавочнага», выкрываючы дзіўную некампетэнтнасць расійскіх спецслужбаў і слепату іх заходніх калег. «Заходняя контрразведка гэтага не бачыла», — са здзіўленнем адзначае ён.

Каманда выявіла, што агенты ГРУ падарожнічалі па пашпартах з серыйнымі нумарамі, якія ішлі запар, і з выдуманымі асобамі, створанымі за некалькі гадоў да аперацый.

Але галоўнае пытанне — чаму Скрыпаль? — заставалася без адказу. Па словах Грозева, існуе негалоснае «джэнтльменскае правіла» паміж спецслужбамі: пасля абмену шпіёнамі на іх больш не палююць. У выпадку са Скрыпалём гэтае правіла было парушанае.

Журналіст сцвярджае, што нядаўна, працуючы над новым фільмам пра Солсберы, ён знайшоў звяно, якога не хапала. Падрабязнасцяў журналіст не раскрывае, аднак абяцае, што ў хуткім часе яны будуць апублікаваныя:

«Адзінае, што магу сказаць цяпер… што гэта звязана з вайной у Сірыі. Нечакана. І гісторыя, якую мы раскопваем дагэтуль, яна страшнейшая за атручванне Скрыпалёў».

Хрыста Грозеў. Фота: Arturo Holmes / Staff / Getti Images

Расследаванне па Навальным: выхад з ценю і яго цана

Доўгі час Грозеў падпісваў свае працы як калектыўную працу каманды Bellingcat. Усё змянілася з расследаваннем атручвання Аляксея Навальнага ў 2020-м. Ён зразумеў, што гісторыя пра тое, як «рэальна ФСБ і Пуцін ганяюцца за апазіцыянерамі і іх забіваюць», настолькі жахлівая, што ананімную справаздачу будзе лёгка спісаць на фэйк.

«Хтосьці павінен расказаць гэта, адказаць на ўсе пытанні і сваім тварам, сваім аўтарытэтам растлумачыць і быць адказным за гэтае расследаванне», — тлумачыць ён сваё рашэнне. У той дзень, калі ён выйшаў з ценю, яго жыццё, паводле яго ўласнага выразу, «разарвала».

Наступствы былі імгненнымі. Па-першае, ён даведаўся, што Пуцін аддаў загад «дастаць» яго. Па-другое, яго сям'я, якая ніколі не імкнулася да публічнасці, апынулася пад ударам. Гэта прывяло да цяжкіх, хоць і канструктыўных размоў.

Жонка папракала яго ў недаацэнцы рызык, але дзеці, якія раней лічылі яго працу «хобі крызісу сярэдняга ўзросту», нарэшце ўсвядомілі яе важнасць і пачалі ганарыцца бацькам.

Маральная дылема: выратаванне прадаўцоў даных

Асновай многіх расследаванняў Грозева сталі даныя, набытыя на чорным рынку ў хакераў. Спачатку ён ставіўся да прадаўцоў гэтых даных без асаблівых сантыментаў: «Яны ж злачынцы, таму не я павінен адказваць за іх дабрабыт». Аднак з часам яго погляд змяніўся.

Ён усвядоміў, што гэта не заўзятыя злачынцы, а часцяком «маладыя людзі, якія не маюць увогуле сацыяльных ліфтаў, яны з Чувашыі, яны з маленькіх гарадоў, дзе няма чым заняцца». Уцягваючы іх у палітычныя расследаванні, ён падстаўляў іх пад удар ФСБ, што было непараўнальна небяспечней за звычайны крымінальны пераслед за камп'ютарныя злачынствы.

Гэтае ўсведамленне прывяло да найцяжэйшай маральнай адказнасці. Грозеў зразумеў, што не можа проста выкарыстоўваць гэтых людзей як расходны матэрыял.

«Мне давялося вывозіць з Расіі некаторых з гэтых прадаўцоў даных. Некаторых не паспеў вывезці, таму ў мяне на сумленні ляжыць вельмі многае», — з горыччу прызнаецца журналіст. Гэты аспект яго працы, які застаецца за кадрам гучных публікацый, паказвае сапраўдную цану, якую даводзіцца плаціць за раскрыццё самых змрочных таямніц сучаснай Расіі.

Адрозненне спецслужбаў Расіі ад заходніх

Гады, прысвечаныя вывучэнню аперацый расійскіх спецслужбаў, дазволілі Хрысту Грозеву не толькі раскрыць канкрэтныя злачынствы, але і сфармуляваць глыбокае разуменне таго, чым адрозніваецца іх modus operandi ад метадаў заходніх калег. На яго думку, ключавое адрозненне крыецца не ў самім факце парушэння закона — на гэта здольныя любыя спецслужбы, — а ў маштабах, матывах і, галоўнае, у адчуванні поўнай беспакаранасці.

Па словах Грозева, калі заходнія спецслужбы, асабліва пасля скандалаў мінулага, усё больш баяцца парушаць закон і дзейнічаюць з аглядкай на магчымы аўдыт, то расійскія, наадварот, «вяртаюцца і перайшлі той узровень, які быў раней у Савецкім Саюзе».

Галоўнай прычынай гэтага, на думку журналіста, з'яўляецца нязменнасць улады. «Любы рэжым, які мяняецца часта, ён не дазваляе такой бясконцай карупцыі», — тлумачыць ён. У Расіі ж, дзе няма чакання змены ні ўлады, ні кіраўніцтва спецслужбаў, сфармавалася мафіёзная структура, дзе асабістыя інтарэсы маскуюцца пад дзяржаўныя.

У якасці прыкладу ён прыводзіць гісторыю, як высокапастаўлены генерал ГРУ адпраўляе цэлую каманду элітных агентаў, «усіх Башыравых і Пятровых», збіваць дробнага бандыта, які фліртаваў з яго каханкай. Або як спецслужбы, страціўшы камісійныя ад сарванай здзелкі са зброяй, аб'яўляюць канкурэнта агентам ІДІЛ і ўключаюць яго ў спіс на ліквідацыю, атрымаўшы адабрэнне Пуціна. «Такога нідзе ў свеце не можа быць», — робіць выснову Грозеў.

Новыя «шпіёны»: дылетанты на заданні

Яшчэ адно важнае назіранне Грозева тычыцца кадравага голаду ў ГРУ і ФСБ. Пасля серыі выкрыццяў, калі «пагарэлі» сотні прафесійных шпіёнаў з серыйнымі пашпартамі, спецслужбам давялося шукаць новы рэсурс. Ім сталі непрафесіяналы — звычайныя людзі, якія «ўпісваюцца ў грамадства незаўважна».

Менавіта такая група з шасці балгараў, нанятая для сачэння за Грозевым, стала яскравым прыкладам гэтага новага падыходу. Іх праца, па словах журналіста, была падобная на «вельмі дрэнны фільм, часам смешны, часам страшны».

Яны блыталі адрасы, уломваліся не ў тыя дамы і рабілі абсурдныя высновы. Напрыклад, не знайшоўшы мужчынскіх рэчаў на яго меркаванай віле, яны далажылі заказчыку: «Ён вельмі хітры, ён спецыяльна трэніраваны шпіён, нічога з яго рэчаў там няма».

Але за гэтай камічнасцю хавалася рэальная пагроза. Гэтыя ж людзі, як высветлілася з матэрыялаў суда, планавалі яго выкраданне з наступнай перапраўкай у Сірыю або забойства з дапамогай «Навічка». Яны ж уварваліся ў яго рэальны дом у Вене, калі там знаходзіўся яго сын-падлетак. «Калі б сын устаў з-за камп'ютара і пайшоў бы папіць вады, ну, я не хачу думаць, што б адбылося», — кажа Грозеў.

Жыццё пад прыцэлам: «мяжа Грозева» і вечны стрэс

З моманту выхаду расследавання па Навальным жыццё Грозева ператварылася ў існаванне пад пастаяннай пагрозай. Ён быў вымушаны пакінуць свой дом у Вене, дзе пражыў шмат гадоў з сям'ёй. Вяртанні туды ператвараліся ў спецаперацыю.

«Калі я быў дома на некалькі дзён, перад дзвярыма была каманда спецназаўцаў з аўтаматамі», — расказвае ён. Сябры, каб трапіць да яго ў госці, павінны былі праходзіць праз чэкпойнт з праверкай пашпартоў, які жартам называлі «мяжа Грозева».

Цяпер ён жыве ў ЗША, чакаючы грын-карту, і прызнаецца, што не можа вярнуцца да сваёй сям'і. Гэты перыяд ён апісвае як час нерэальнага стрэсу, калі яму наўпрост сказалі, што па вяртанні ў Вену яго «чакае каманда», каб забіць.

Цікава, што сам Грозеў, будучы прафесійным «паляўнічым», доўгі час не заўважаў сачэння. Ён называе гэта «сіндромам, што паляўнічыя лічаць, што за імі ніхто не палюе». Першай сачэнне заўважыла яго 14-гадовая дачка, якая сфатаграфавала аднаго са шпіёнаў. Праз два гады менавіта гэтая фатаграфія дапамагла паліцыі яго арыштаваць.

Хрыста Грозеў на прэм'еры фільма «Антыдот» падчас фестывалю Tribeca 2024/ 7 чэрвеня 2024 года ў Нью-Ёрку. Фота: Arturo Holmes / Staff / YouTube

Новы фільм і новыя выкрыцці

Нягледзячы на ўсе рызыкі, Грозеў не спыняе сваю працу. Нядаўна ён скончыў працу над новым дакументальным фільмам «Антыдот». У ім расказваецца гісторыя расійскага навукоўца-хіміка, які працаваў над стварэннем атрутных рэчываў, але, усвядоміўшы, што яны выкарыстоўваюцца супраць апазіцыянераў, а не тэрарыстаў, вырашыў раскрыць праўду. Грозеў дапамог гэтаму чалавеку выехаць з Расіі, забяспечыўшы яго бяспеку.

Гэты фільм — яшчэ адзін доказ таго, што нават унутры самой сістэмы ёсць людзі, гатовыя пайсці супраць яе з меркаванняў сумлення. І менавіта на пошук такіх людзей, на выкрыццё самых змрочных таямніц і на веру ў тое, што праўда здольная змяніць свет, і накіравана ўся дзейнасць Хрыста Грозева — чалавека, які прайшоў шлях ад уладальніка радыёстанцыі да ворага дзяржавы нумар адзін.

Каментары

Цяпер чытаюць

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Усе навіны →
Усе навіны

Саша Філіпенка пасля забароны продажу «Слана» ў Беларусі выклаў яго ў інтэрнэт5

Лукашэнка сваім указам абмежаваў хуткасць электрасамакатаў на тратуарах да 10 км/г23

Футбаліст перайшоў у «Гомель», каб зарабіць. Але праз пяць дзён яго звольнілі — з-за майкі з надпісам F*ck Gomel

Трамп лічыць, што Пуцін не будзе ваяваць, калі цана нафты зменшыцца яшчэ на 10 даляраў5

ЗША ўвядуць візавы заклад для грамадзян некаторых краін. Ён можа дасягаць 15 тысяч даляраў2

Вячорка: Не ведаю, што Краўцоў умее рабіць рукамі, на практыцы. Вельмі шмат блазнавання39

Беларускі музыка ўзяў удзел у фестывалі «Таўрыда.Арт» у акупаваным Крыме3

Грозеў расказаў, як агенты расійскіх спецслужбаў пранікалі ў яго дом і як дачка зняла аднаго з іх2

У Жлобіне ліквідуюць знакамітую фабрыку, дзе робяць штучнае футра1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Пяць гадоў таму «дыджэі перамен» уключылі Цоя на дзяржаўным мерапрыемстве. Што з імі цяпер?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць