У Свяцку пад Гроднам адкрылі рэканструяваныя залы ў мясцовым палацы. На адкрыццё прывезлі кіраўніцу расійскага Цэнтрабанка
У палацава-паркавым комплексе «Вялікі Свяцк Валовічаў», які знаходзіцца недалёка ад Гродна, пасля рэканструкцыі адкрылі для турыстаў новыя залы. Урачыстае адкрыццё прайшло з удзелам кіраўніка Нацбанка Беларусі Рамана Галоўчанкі і старшыні Цэнтрабанка Расіі Эльвіры Набіулінай, піша Times.by.
Эльвіра Набіуліна і Раман Галоўчанка. Фота: Times.by
Аднаўленне гістарычнага комплексу праводзіцца пры падтрымцы і фінансаванні Нацыянальнага банка Беларусі. Помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII—XIX стагоддзяў паступова вяртае свой гістарычны выгляд.
У рэстаўрацыі роспісаў і інтэр’ераў удзельнічалі студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Разам з прафесійнымі майстрамі яны аднаўлялі насценны жывапіс і дэкаратыўныя арнаменты.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Сёння комплекс ужо называюць адным з турыстычных сімвалаў Гродзеншчыны. Раней тут адкрылі гатэль, рэстаран і бровар. У будучыні плануюць стварыць музей, аднавіць гістарычныя інтэр’еры, напоўніць палац старадаўняй мэбляй і рарытэтнымі рэчамі, а таксама развіваць спа-комплекс.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Будаўніцтва палаца пачалося ў 1779 годзе па ініцыятыве гродзенскага маршалка Юзафа Валовіча. Праект распрацаваў італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. У архітэктуры палаца спалучаюцца рысы барока, класіцызму і рамантызму. Пасля смерці Юзафа Валовіча будаўніцтва працягнуў яго сын Антоній. Палац стаў галоўнай рэзідэнцыяй вядомага роду Валовічаў.
Фота: Times.by
Фота: Times.by
Чытайце таксама:
Крэпасці, каналы і лунаючыя скалы. Куды паехаць з Гродна на вялікія майскія выхадныя
Тэрыторыю непрададзенай гістарычнай сядзібы ў Сенненскім раёне ператварылі ў сметнік