Крэпасці, каналы і лунаючыя скалы. Куды паехаць з Гродна на вялікія майскія выхадныя
У час, калі выбар краін для вандровак абмежаваны, добра захаваны Гродна з палацамі і касцёламі стаў айчыннай альтэрнатывай для аматараў атмасферы старой Еўропы. А для тых, хто ўжо добра яго вывучыў, «Наша Ніва» прапануе цікавосткі ў гадзіне язды ад горада.
Свяцкі палац
Адзін з найбольш відавочных кірункаў, які можа дапоўніць прыемныя ўражанні ад гістарычнага Гродна — гэта Свяцкі палац, які размешчаны на паўночны захад ад горада.

Палац у Свяцку быў пабудаваны ў апошнія дзесяцігоддзі XVIII стагоддзя Антоніем Валовічам. Прадстаўнікі роду Валовічаў стагоддзямі займалі найвышэйшыя пасады ў краіне. Новую рэзідэнцыю ў Свяцку будаваў каралеўскі архітэктар, італьянец Джузэпэ дэ Сака, які стварыў таксама палацы ў Шчорсах, Гродне і Станіслававе. Цікава, што гэты ўскраек Беларусі ў той час трапіў пад уладу прускага караля, так што Свяцкі палац, відаць, адзіны палац у краіне, які быў пабудаваны за часамі Прусіі.
Пра яго гісторыю мы падрабязна распавядалі ў асобным артыкуле.

У 2023 годзе скончылася першая чарга рэстаўрацыі комплексу. У графскім палацы адкрытая гасцініца са SPA-цэнтрам і рэстаранам.
Удзень па тэрыторыі сядзібы праводзяцца экскурсіі. Вакол палаца разбіты парк з жывапіснай воднай сістэмай. Барочны палац і неагатычную капліцу-пахавальню пакуль можна пабачыць толькі звонку, бо рэстаўрацыя комплексу працягваецца.

На тэрыторыі сядзібы працуе атмасферны рэстаран-піваварня «Свяцкі бровар». Працуе, праўда, толькі тры дні на тыдзень — з пятніцы па нядзелю, з 11:00 да 20:00.
Уваход на тэрыторыю сядзібы платны: для дарослых 5 рублёў, да дзяцей з 7 па 14 гадоў — 2 рублі, дзецям да 6 гадоў уключна ўваход бясплатны. Інфармацыю можна ўдакладніць на сайце Свяцкага палаца.
Як даехаць?
Адлегласць па дарозе ад цэнтра Гродна да Свяцка складае 25 км.
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна зойме прыкладна 30 хвілін.
На грамадскім транспарце: ад аўтавакзала «Гродна» ходзяць прыгарадныя аўтобусы 230-С, 213-С, 236-С, 295-С. Прыблізны час у дарозе — каля 45 хвілін.
Расклад аўтобусаў удакладняйце па транспартных мабільных дадатках і ў даведцы аўтавакзала.
Аўгустоўскі канал
Далей за Свяцк на паўночны захад размешчаны інжынерны цуд пачатку XIX стагоддзя. Агульная працягласць канала, які падзелены на дзве часткі беларуска-польскай дзяржаўнай мяжой, складае звыш 100 км.

Амбіцыйны праект канала быў прыдуманы, каб звязаць цэнтральную Польшчу, якая была ў той час адрэзана ад мора, з партамі Расійскай імперыі на Балтыйскім моры ў абыход Прусіі, якая ўвяла вялікія правазныя мыты. Завяршэнню апошняга этапа будоўлі перашкодзіла паўстанне, пасля пабудаваная частка канала выкарыстоўвалася для гаспадарчых мэтаў унутры краіны.
Канал стаў турыстычным аб'ектам яшчэ ў міжваенны час. Па маршруце Гродна — Аўгустаў рэгулярна курсіравалі пасажырскія параходы. Сёння даехаць да польскага Аўгустава па канале немагчыма, але пракаціцца па беларускай частцы канала можа кожны.

На беларускай частцы канала размешчаны дзве плаціны і тры шлюзы. Пабачыць іх можна ў час прагулак па канале на цеплаходах, якія адпраўляюцца ад прыстаняў каля шлюза «Дамброўка». Цеплаход «Вольга Соламава» возіць толькі арганізаваныя групы, зняць яго на рэйс працягласцю ў гадзіну можна за 510 беларускіх рублёў.
Цеплаход «Нёман» ажыццяўляе гадзінныя прагулачныя рэйсы для індывідуальных наведвальнікаў чатыры разы на дзень: у 11:20, 13:40, 16:00 і 18:20.


Кошт прагулкі на цеплаходзе «Нёман» — 15 беларускіх рублёў, для дзяцей да 7 гадоў — бясплатна. Білет можна набыць на борце цеплаходзе. Варта загадзя ўдакладняць інфармацыю пра рэйсы, бо яны могуць быць занятыя турыстычнымі групамі. Цеплаход таксама можна ўзяць у арэнду за 650 беларускіх рублёў.

Каля шлюза «Дамброўка» можна пакатацца таксама на пракатных катамаранах, лодках і веласіпедах, наведаць Музей Аўгустоўскага канала, які адкрыты ў гістарычным будынку шлюзавага майстра і распавядае пра гісторыю і асаблівасці гідратэхнічнага збудавання, а таксама пра побыт мясцовых жыхароў на мяжы XIX і ХХ стагоддзяў. На іншым баку канала знаходзяцца летнія кафэ.
З 2025 года пракат катамаранаў арганізаваны і каля шлюза «Нямнова».

У лесе, недалёка ад шлюза «Дамброўка», знаходзяцца доты Заходняга асобага ўмацаванага раёна, узведзеныя ў 1940 годзе. У чэрвені 1941 года ўмацаванні аднымі з першых прынялі на сябе ўдар 28-й нямецкай пяхотнай дывізіі.
Як даехаць?
Адлегласць па дарозе ад цэнтра Гродна да шлюза складае 35 км.
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна зойме прыкладна 40 хвілін.
На грамадскім транспарце: ад аўтавакзала «Гродна» ходзяць прыгарадны аўтобус 295-С. Прыблізны час у дарозе — каля 55 хвілін.
Фарты Гродзенскай крэпасці

Аматарам фартыфікацыі і гісторыі Першай сусветнай вайны можа быць цікава наведаць фарты Гродзенскай крэпасці. З захаду і поўдня ад Гродна размешчаны дзевяць фартоў, якія будаваліся ў 1913-1915 гадах для абароны горада, але не былі скончаны нават на палову праз хуткі наступ нямецкай арміі ў час Першай сусветнай вайны.

Фарты ўзводзіліся па індывідуальных праектах, ні адзін з якіх не паўтараўся, праз што кожны з іх быў добра прыстасаваны да рэльефу мясцовасці. Таўшчыня бетонных скляпенняў фортаў дасягала каля 4 метраў бетону, а таўшчыня сцен, звернутых да суперніка, была яшчэ большай, каб абараніць гарнізон ад варожай артылерыі.
Сёння раскіданыя вакол Гродна масіўныя фартыфікацыйныя збудаванні быццам служаць надмагільнымі камянямі былой імперыі і яе геапалітычным амбіцыям.

Форт № 1 Гродзенскай крэпасці размешчаны ў вёсцы Загараны, за 7 км на паўночны захад ад Гродна, форт № 2 — у садовым таварыстве Аўтатранспартнік, форт № 3 — у вёсцы Лабна-Агароднікі, форт № 4 — у лесе каля садовага таварыства Сунічка, форт № 5 — у садовым таварыстве Прыгранічнае, форт № 6 — у садовым таварыстве Каменка, форт № 7 — у лесе паміж Малой Альшанкай і Бростамі, форт № 8 — у лесе каля Гібулічаў, форт № 9 — у лесе каля садовага таварыства Ніва-2.
Фарты №№ 4-8 таксама прызнаныя батанічнымі помнікамі. Тут растуць чырвонакніжныя віды дзікарослых раслін.
Як даехаць?
На аўтамабілі: Некаторыя фарты знаходзяцца за кіламетр ад мяжы горада, але гэтая блізкасць падманлівая. Найлепш дабірацца да фортаў на аўтамабілі — шлях да любога з іх з цэнтра горада не зойме больш за паўгадзіны, да таго ж ёсць магчымасць наведаць адразу некалькі аб'ектаў. Але наведаць усе фарты задача складаная нават на аўтамабілі.
На грамадскім транспарце: некаторыя фарты Гродзенскай крэпасці размешчаны паблізу маршрутаў прыгарадных аўтобусаў.
Каля форта № 2 размешчаны прыпынак С/т Аўтатранспартнік, дзе спыняюцца аўтобусы маршрутаў 213-С, 230-С і 236-С.
Да вёскі Лабна-Агароднікі, на ўскраіне якой знаходзіцца форт № 3, давязуць аўтобусы 231-С, 208 і 218-С.
Астатнія фарты патрабуюць яшчэ паўгадзіны пешай прагулкі па лесе ад прыпынкаў грамадскага транспарту.
Альтэрнатыўныя варыянты: фарты размешчаны недалёка ад горада, так што дабрацца да іх на ўласных веласіпедах ці электрасамакатах цалкам пасільная задача.
Слупы зямлі

На ўскраіне Гродна, недалёка ад дарогі на Мінск ёсць незвычайная прыродная славутасць. На правым беразе Нёмана, недалёка ад былой вёскі Жыдаўшчына знаходзіцца агаленне Калодзежны Роў, адно з самых багатых на рэшткі выкапнёвых раслін і жывёл месцаў на тэрыторыі Беларусі, якое мае сусветнае значэннем.

Але турыста тут прываблівае зусім не гэта. Ціск ледавіка сцэментаваў тут зямлю так, што ўтварыліся шэсць велізарных грудаў, падобных да сапраўдных скал, якія ўзвышаюцца да 5 метраў над зямлёй. Гэты Прынёманскі кангламерат (каардынаты) прыцягвае многіх аматараў зрабіць незвычайныя фотаздымкі.
Як даехаць?
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна зойме прыкладна 20 хвілін. Але зручнага пад'езда няма, далей давядзецца прабірацца сваім ходам.
На грамадскім транспарце: зручных маршрутаў няма. Можна даехаць на гарадскі аўтобусе № 18 да прыпынка СУ-178 ці на № 52 да С/т Хімік-Азот, але ў любым выпадку яшчэ прынамсі паўгадзіны трэба ісці пешшу.
Альтэрнатыўныя варыянты: веладарожка вядзе да самага С/т Хімік-Азот — магчыма, гэтай найлепшы выбар для таго, каб пабачыць Прынёманскі кангламерат.
Індура
На поўдзень ад Гродна знаходзіцца мястэчка Індура. У Індуры ёсць старажытнае гарадзішча і Свята-Аляксандра-Неўская царква, пабудаваная ў 1881 годзе. На іншым беразе Індуркі знаходзяцца фрагменты сядзібы Казлоўскіх. Але заехаць сюды варта не з-за іх.

Галоўная перліна мястэчка гэта касцёл Найсвяцейшай Троіцы. Ён пабудаваны ў 1815 годзе ў стандартных для класіцызму формах з калонным порцікам на фасадзе. Але Індурскі касцёл непадобны ні на адзін з касцёлаў таго часу, ён больш элегантны і быццам перанесены аднекуль з Францыі. Гэтае ўражанне ствараюць дзве рознавялікія вежы, накрытыя незвычайнай формы купаламі са шпілямі і люкарнамі. Такі выгляд касцёл атрымаў у выніку перабудовы пачатку XX стагоддзя па праекце губернскага архітэктара Вільгельма Срокі і выдатна захаваў яго да нашага часу.

Другі значны аб'ект Індуры гэта вялікая мураваная сінагога, якая была пабудаваная ў 1885 годзе, калі ў мястэчку жыло больш за дзве тысячы яўрэяў. Сёння яўрэяў тут няма, а сінагога стаіць закінутая, але памеры малітоўнага дома ў невялікім мястэчку ўсё роўна ўражваюць. На пагорку, які ўзвышаецца над Індурай на яе заходняй ускраіне, таксама ёсць старыя яўрэйскія могілкі, адтуль адкрываецца добры від.
Як даехаць?
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна зойме прыкладна 30 хвілін.
На грамадскім транспарце: з аўтавакзала «Гродна» праз Індуру праходзіць мноства прыгарадных аўтобусаў: 211-С, 214-С, 239-С, 277-С, 288-С і 298-С. Прыблізны час у дарозе — каля 45 хвілін.
Скідзель

У гэтым невялікім горадзе на тэрыторыі Гродзенскага раёна, які больш вядомы цукровым камбінатам, захаваўся стары шляхецкі парк плошчай больш за 4 гектары. Скідзельскі маёнтак быў падараваны імператрыцай Кацярынай II удаве князя Антонія Святаполк-Чацвярцінскага, якога раз'юшаны натоп у Варшаве павесіў як здрадніка, бо ён прасоўваў інтарэсы Расіі і загубіў сваю дзяржаву. У парку захаваў пастамент, на якім калісьці стаяў бюст імператрыцы.
Сядзібны дом Чацвярцінскіх не захаваўся, згарэў яшчэ ў 1920 годзе, але засталіся флігелі, кухня і млын. На ўваходзе ў парк, які з'яўляецца батанічным помнікам прыроды, сустракае казачная брама ў выглядзе дзвюх вежаў, змешчаная на гербе горада.

У іншым канцы парку, за ракой Спушанкай, у 1870 годзе Чацвярцінскія пабудавалі фамільны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, ахоплены колам клёнаў і ясеняў. Ён невялікі па памерах, але мае выразныя неагатычныя формы. Ад усіх іншых неагатычных касцёлаў на Беларусі гэты адрозніваецца незвычайнымі для стылю круглымі вежкамі з канічнымі завяршэннямі.
Тыя, хто прыбываюць у горад на чыгунцы, пачынаюць знаёмства з горадам з прыгожага вакзала пачатку XX стагоддзя. Па дарозе да парку можна пабачыць два вялікія сучасныя храмы — каталіцкі і праваслаўныя, размешчаныя пасярод поля адзін насупраць другога, быццам у спрадвечным супрацьстаянні за гэты рэгіён.
Як даехаць?
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна да Скідзеля па мінскай шашы зойме прыкладна 35 хвілін.
На грамадскім транспарце: з аўтавакзала «Гродна» ў Скідзель ідуць прыгарадныя аўтобусы 5001С, 506 і 520. Прыблізны час у дарозе — каля 35 хвілін.
Праз Скідзель праходзіць электрычка на лініі Гродна-Ліда. Нягледзячы на ўяўную зручнасць, гэта самы павольны варыянт — дарога на электрычцы зойме 45 хвілін.
Лунна

Лунна гэта выдатна захаванае, узорнае беларускае мястэчка, скіроўвайцеся сюды, каб адчуць атмасферу мяжы XIX і XX стагоддзяў. Тут ёсць усё — дагледжаныя мілыя домікі, якія яшчэ не сапсаваныя еўрарамонтамі, квадратны пляц былога рынку, самая звычайная Свята-Іаана-Прадцечанская царква 1880-х гадоў і касцёл Святой Ганны, пабудаваны на стагоддзе раней за яе ў характэрнай для Беларусі тэхніцы разынкавай муроўкі, вакол касцёла — прыгожыя надмагільныя помнікі мясцовых землеўласнікаў.
З Луннам і мясцовым касцёлам цесна звязаная гісторыі сям'і Ромераў, з якой выйшла нямала выдатных мастакоў і навукоўцаў. Напрыклад, на адной са сцен касцёла можна ўбачыць эпітафію мастаку Эдварду Матэю Ромеру, творы якога сёння захоўваюцца ў галоўных музеях Варшавы, Кракава, Вільні і Коўна.

Абавязкова наведайце атмасферныя яўрэйскія могілкі за жывапіснай Стужкай, на заходняй ускраіне вёскі — хрысціянскія могілкі з цаглянай капліца Святога Роха, якая ў сваім выглядзе захоўвае нешта няўлоўна італьянскае.
У Лунне ціха і спакойна — ідэальнае месца для тых, хто нікуды не спяшаецца.
Як даехаць?
На аўтамабілі: дарога з цэнтра Гродна да Лунна зойме прыкладна 45 хвілін.
На грамадскім транспарце: з аўтавакзала «Гродна» да Лунна праз Скідзель ідзе прыгарадны аўтобус 5001С. Прыблізны час у дарозе — каля 55 хвілін.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары