Рамонт Чырвонага касцёла ў Мінску зноў прыпыняўся
Жыхары Мінска заўважылі, што апошні месяц работы па рэканструкцыі Чырвонага касцёла, якія вядуцца ўжо амаль год і нібыта павінны быць завершаныя сёлета, амаль не праводзілі. Вернікі, якія назіраюць, наколькі гэта магчыма, за ходам работ, пацвердзілі: апошнім часам рамонт вялі неактыўна, піша выданне Katolik.life.
Фота ілюстрацыйнае
Нягледзячы на высокі плот, было заўважна, што будаўнікоў на пляцоўцы амаль не было, а з касцёла не даносіліся характэрныя гукі рамонту.
У парафіі святога Сымона і святой Алены вернікаў ніяк не інфармуюць пра ход работ, таму прыпыненне рамонту прывяло да з'яўлення пэўных здагадак і чутак.
Каб развеяць сумневы, адзін з вернікаў дазваніўся ў дзяржпрадпрыемства «Мінская спадчына», якое з'яўляецца ўласнікам будынка касцёла і заказчыкам работ.
Адказная асоба прадпрыемства пацвердзіла, што рамонт быў прыпынены на некаторы час, і патлумачыла прычыну тым, што з'явілася неабходнасць правядзення дадатковых работ.
Як адказалі верніку, «былі некаторыя пытанні, патрабаваўся час на праходжанне новай экспертызы».
Аднак у «Мінскай спадчыне» запэўнілі, што цяпер асноўныя работы ўжо аднаўляюцца, а тэрміны завяршэння рэканструкцыі зрушаныя не будуць.
Паводле планаў аб'ект павінны ўвесці ў эксплуатацыю ў студзені 2027 года. Але ці перададуць яго зноў у карыстанне парафіі і калі так, то на якіх умовах, — вернікам дагэтуль не паведамлялі.
Нядаўна вернікам не далі дазволу памаліцца ля Чырвонага касцёла ў памятную дату па просьбе былога пробашча парафіі ксяндза Уладзіслава Завальнюка. У канцы сакавіка святар казаў у сваім відэа, што будзе далей спрабаваць атрымаць дазвол, але з таго часу нічога болей не паведамляў на гэту тэму.
Дарэчы, упершыню за апошні час, у мінулую нядзелю, падчас святой імшы для супольнасці Чырвонага касцёла ў парафіяльных аб'явах прагучаў заклік да малітвы аб тым, каб вернікі як мага хутчэй маглі вярнуцца ў свой храм. Праўда, аб'явы чытаў не пробашч парафіі, а вікарый.
Чытайце таксама:
Улады распавялі, калі адкрыюць Чырвоны касцёл
У Мінску хутка пачнуцца працы па рэканструкцыі Кальварыйскага касцёла