БЕЛ Ł РУС

Чаму многім жанчынам бракуе груднога малака

24.05.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Доўгі час лічылася, што праблемы з лактацыяй узнікаюць галоўным чынам праз няправільную тэхніку кармлення або недастатковую стымуляцыю грудзей. Але новыя даследаванні паказваюць: у 10—20% жанчын недахоп груднога малака можа быць звязаны з біялагічнымі асаблівасцямі арганізма, на якія маці амаль не могуць паўплываць.

Фота: Antonio Hugo Photo / Getty Images

Статыстыка сведчыць, што каля чвэрці маці ў развітых краінах спыняюць грудное кармленне неўзабаве пасля пачатку, і асноўная прычына — востры недахоп малака. Калі раней медыцына сцвярджала, што рэальная фізіялагічная недастатковасць сустракаецца толькі ў 5% выпадкаў, то сучасныя даследаванні ў ЗША і Аўстраліі паказваюць значна больш трывожныя лічбы: ад 10% да 20%.

Пры гэтым многія жанчыны, нават выконваючы ўсе рэкамендацыі, сутыкаюцца з тым, што дзіця дрэнна набірае вагу — гэта галоўная прыкмета недахопу харчавання.

Ключавая роля лактацытаў

Ключ да разумення гэтай праблемы, як піша The Economist, ляжыць у мікраскапічных клетках малочных залоз — лактацытах, якія падчас цяжарнасці актыўна размнажаюцца, а пасля родаў пачынаюць выпрацоўваць малако.

Раней іх вывучэнне патрабавала складанай і балючай біяпсіі тканак, але навуковы прарыў 2010 года дазволіў даследчыкам выкарыстоўваць само грудное малако як «вадкую біяпсію».

Высветлілася, што малако змяшчае малекулы мікраРНК, якія захоўваюць усю інфармацыю аб працы клетак маці. Менавіта праз гэтыя даследаванні навукоўцы пачалі разумець, чаму ў некаторых жанчын лактацыйны механізм дае збой яшчэ да моманту нараджэння дзіцяці.

У адных жанчын проста занадта мала лактацытаў. У іншых клеткі ёсць, але працуюць неэфектыўна і выпрацоўваюць мала малака. Праблемы могуць узнікаць яшчэ падчас цяжарнасці. Частка лактацытаў размнажаецца, утвараючы новыя клеткі, а іншая — назапашвае копіі сваёй ДНК, каб павялічыць выпрацоўку малака. Але гэтыя клеткі могуць пашкоджвацца выпадковымі мутацыямі.

За працэс выпрацоўкі малака адказвае складаны генетычны механізм і ферменты, такія як WEE1. У даследаваннях на мышах навукоўцы выявілі, што пры недахопе гэтага фермента сістэма аднаўлення клетак працуе горш. У выніку колькасць функцыянальных лактацытаў памяншаецца, а разам з гэтым падае і выпрацоўка малака. Магчыма, падобны механізм існуе і ў людзей.

Іншыя даследчыкі вывучаюць ролю плацэнты. Менавіта яна выпрацоўвае многія гармоны, якія рыхтуюць грудзі да лактацыі. Навукоўцы даследуюць, ці можа пашкоджанне плацэнты — напрыклад, праз інфекцыі — уплываць на будучую выпрацоўку малака. Калі сувязь пацвердзіцца, дактары змогуць яшчэ падчас родаў прагназаваць рызыку праблем з лактацыяй.

Іншыя прычыны

Але нават пры дастатковай колькасці клетак яны могуць працаваць неэфектыўна. Лактацыя — гэта вельмі энергазатратны працэс, які патрабуе бесперабойнай пастаўкі пажыўных рэчываў.

Даследчыкі выявілі, што генетычныя мутацыі, якія перашкаджаюць транспартаванню цынку ці іншых мінералаў з крыві ў тканкі грудзей, могуць паралізаваць працу лактацытаў.

Але генетыка — не галоўнае тлумачэнне. Навукоўцы лічаць, што больш істотную ролю можа адыгрываць хранічнае запаленне. Яно часта сустракаецца пры атлусценні, дыябеце і аўтаімунных захворваннях.

У 2022 годзе даследчыкі выявілі, што пры хранічным запаленні тлустыя кіслоты горш трапляюць у малочныя залозы. Акрамя таго, запаленчыя малекулы могуць перашкаджаць утварэнню вугляводаў — яшчэ аднаго важнага кампанента груднога малака.

Таму ў жанчын з атлусценнем, дыябетам, аўтаімуннымі захворваннямі або прээклампсіяй (захворваннем плацэнты, якое сустракаецца прыкладна ў 4% цяжарных і можа пашкоджваць розныя сістэмы арганізма) рызыка праблем з лактацыяй можа быць значна вышэйшай. Паводле некаторых даследаванняў, у асобных групах такія цяжкасці могуць узнікаць амаль у паловы маці.

Ёсць і іншыя фактары, якія пакуль вывучаны слабей. Напрыклад, некалькі даследаванняў выявілі сувязь паміж недастатковай лактацыяй і шырока расстаўленымі грудзьмі. Часта ў такіх жанчын менш залозістай тканкі і, адпаведна, лактацытаў.

Таксама існуюць здагадкі, што атлусценне ў дзяцінстве можа ўплываць на развіццё малочных залоз яшчэ ў падлеткавым узросце.

Усе гэтыя фактары складаюцца ў адзіную карціну, якая паказвае: нізкая лактацыя — гэта часцей медыцынская праблема, чым вынік «няправільных паводзін» маці.

Паступова з’яўляюцца і новыя спосабы дыягностыкі. Аўстралійскія даследчыкі ўжо стварылі ручныя датчыкі, якія могуць вызначаць узровень натрыю ў грудным малаку. Павышаны ўзровень можа сведчыць пра парушэнні працы лактацытаў або іншыя праблемы, напрыклад мастыт.

Чытайце таксама:

Беларуска пры родах атрымала рэдкае ўскладненне: «Выпісалі са стомай у боку»

Новы трэнд — малодзіва замест вітамінаў. Яно сапраўды карыснае?

У ЗША зацвердзілі наватарскія таблеткі ад пасляродавай дэпрэсіі

Каментары да артыкула