У Беларусі плануюць збіраць індыйскія трактары
У Брэсце плануюць арганізаваць сумесную вытворчасць трактароў разам з буйным індыйскім вытворцам Solis, паведамляе тэлеграм-канал Брэсцкага аблвыканкама.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: agriland.ie
Паведамляецца, што перамовы пра гэта прайшлі на прадпрыемстве «ГлобалМаш Індустрыя», якое нядаўна стала рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны «Брэст». Бакі абмяркоўвалі магчымасць зборкі трактароў гэтага брэнда на мясцовых магутнасцях, а таксама вытворчасць навяснога абсталявання для іх.
Брэнд Solis належыць індыйскай кампаніі International Tractors Limited, заснаванай у 1995 годзе. Сёння гэта адзін з найбуйнейшых вытворцаў трактароў у Індыі і кампанія, якая хутка развіваецца.
Па даных кампаніі, яе прадукцыяй карыстаюцца больш за 1,8 мільёна кліентаў ва ўсім свеце, а штогод выпускаецца каля 300 тысяч трактароў магутнасцю ад 16 да 125 конскіх сіл.
Чытайце таксама:
У Польшчы легалізуюць 8 тысяч беларускіх трактароў