70‑годдзе беларусістыкі ў Польшчы адзначылі адмысловай манаграфіяй
Манаграфія Радаслава Калеты «Мая беларусістыка. З польска-беларускіх лінгвістычных і глотадыдактычных даследаванняў» была падрыхтаваная да друку з нагоды 70‑годдзя беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце. Кніга змяшчае артыкулы розных гадоў, напісаныя па-польску і па-беларуску, піша Bellit.info.
Тэксты Радаслава Калеты былі адабраныя для публікацыі з розных галін, такіх як: беларускі правапіс, міжмоўная аманімія, транслітарацыя і транскрыпцыя беларускага алфавіта, бібліяграфічныя базы даных, стаўленне да беларускай мовы, мовазнаўчыя беларусістычныя біяграфіі (якія датычаць навукоўцаў, важных для польскай беларусістыкі), польска-беларускія моўныя кантакты і беларусістычная глотадыдактыка.
Манаграфія з’яўляецца своеасаблівым навуковым дзённікам, сведчаннем індывідуальных дасягненняў, якія з’яўляюцца часткай шматгадовай і разнастайнай спадчыны кафедры беларусістыкі. Кніга таксама можа служыць натхненнем для ўласных даследчых пошукаў у адпаведнасці з этыкай, якую папулярызавала заснавальніца польскай беларусістыкі — прафесарка Антаніна Абрэмбска-Яблоньска.
Кнігу можна спампаваць у PDF-фармаце з сайта кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта.
Чытайце таксама:
У Мінску выдалі кнігу пра Еўфрасінню Полацкую для невідушчых дзяцей