БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі апублікаваў на Захадзе артыкул пра мадэль «фінляндызацыі» для Беларусі. Яму адказалі з Фінляндыі: Гэта манілаўшчына і хацелкі

23.05.2026 / 22:38

Nashaniva.com

22 мая ў часопісе EU Observer выйшаў артыкул Сяргея Ціханоўскага, дзе ён які ўжо раз абгрунтоўвае для Беларусі ідэю так званай «фінляндызацыі». Дырэктар даследчых праграм па Расіі, Усходняй Еўропе і Еўразіі Фінскага інстытута міжнародных адносін Аркадзь Мошэс падзяліўся з выданнем «Салідарнасць» сваёй рэакцыяй на гэту настойлівую прапанову былога палітвязня.

Сяргей Ціханоўскі. Фота: Marek Antoni Iwanczuk NurPhoto via Getty Images

Не думаў, што мне зноў прыйдзецца выказвацца адносна магчымасці і тым больш пажаданасці для краін Усходняй Еўропы прымяраць на сябе мадэль так званай «фінляндызацыі».

Мне неаднаразова даводзілася абмяркоўваць гэтае пытанне прымяняльна да Украіны. Яе доўгі час падштурхоўвалі ў гэтым кірунку еўрапейскія «дабрадзеі», якія не жадалі абвастраць адносіны з Расіяй.

На жаль, у выніку ў тым ліку і гэтых «добрых парад», Украіна занадта доўга не магла вызначыцца адносна свайго месца ў сучаснай геапалітычнай структуры свету і Еўропы, не магла зрабіць выбар.

Але ўсе спробы лавіраваць не ўратавалі яе ад вайны з Расіяй. Мне здавалася, што ўжо калі здабываць урокі, то цяжка прыдумаць прыклад больш наглядны, чым украінскі.

Тым больш дзіўна для мяне было ўбачыць артыкул Сяргея Ціханоўскага, у якім ён заклікае да «фінляндызацыі» Беларусі.

На жаль, артыкул гэты дэманструе базавае неразуменне таго, што любая мадэль унікальная і прыдатная — і таму павінна разглядацца — толькі ў тых канкрэтных гістарычных абставінах, у якіх яна ўзнікла.

У выпадку Фінляндыі абставіны гэтыя наступныя. Перш за ўсё, «фінляндызацыя» не была свабодным выбарам фінскага народа, і гэты тэрмін да гэтага часу ўспрымаецца фінамі з пачуццём крыўды і горычы, паколькі ён у вялікай ступені несправядлівы.

Мадэль была навязаная Фінляндыі Савецкім Саюзам — краінай-пераможцай краіне пераможанай. Альтэрнатывай была б акупацыя, як гэта здарылася з краінамі Балтыі і Усходняй Еўропы.

Магчыма, Сяргей Ціханоўскі ўспрымае выбар сённяшняй Беларусі менавіта такім чынам, як выбар паміж адмовай ад знешнепалітычнай самастойнасці і расійскай акупацыяй, але тут з ім, я думаю, гатовыя будуць паспрачацца вельмі многія яго суайчыннікі, якія звязалі свой асабісты лёс з Еўропай і бачаць будучыню сваёй краіны ў інтэграцыі з Еўропай.

Паўтару, што для Фінляндыі «фінляндызацыя» была калі і не перамогай, то і не поўным паражэннем. Для гэтага ёй давялося вытрымаць дзве вайны, 1939‑40 і 1941‑44 гадоў.

Падчас першай, так званай «Зімовай вайны», з расколатага на чырвоных і белых грамадства нарадзілася сучасная фінская нацыя. Другая, вядомая як «вайна-працяг», скончылася на цяжкіх, але ганаровых умовах. Нават Іосіф Сталін разумеў, што вывесці Фінляндыю з вайны, дабіўшыся ад яе згоды абвясціць вайну Германіі і выплаціць рэпарацыі, значна больш пажадана для СССР, чым працягваць вайну.

На двары быў верасень 1944 года, і рухацца трэба было на Берлін, а не на Хельсінкі, губляючы тысячы і тысячы салдат. З кім, ва ўяўленні Ціханоўскага, павінна весці сваю «Зімовую вайну» Беларусь, каб дабіцца аналагічнай павагі ад Крамля?

Ужо ў міжваенныя гады Фінляндыя была парламенцкай дэмакратыяй і даражыла гэтым. Таму абмежаванне знешнепалітычнага суверэнітэту ў абмен на захаванне ўнутрыпалітычнага ладу было для фінаў балючым, але прымальным выбарам. Дэмакратычныя інстытуты сталі той асновай, якая дазволіла фінам заставацца інтэграванымі ў Захад. Перш за ўсё эканамічна, вядома, але ў пэўнай ступені і палітычна.

Таму, як толькі пасля распаду СССР перад краінай адкрылася магчымасць стаць членам ЕС, яна гэтай магчымасцю скарысталася. А яшчэ да гэтага, у 1970-я, уступіла ў Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю (ЕАСГ). Не ў СЭВ, заўважым.

Не спатрэбіліся ніякія пераходныя перыяды ці рынкавыя рэформы. А галоўнае — не трэба было нікому тлумачыць унутры краіны, дзе і разам з кім Фінляндыі быць натуральна і арганічна, а дзе — не.

Паспрабуйце задаць пытанне, дзе і з кім будзе камфортна лукашэнкаўскай Беларусі, і вы адразу зразумееце розніцу і непрымяняльнасць вопыту Фінляндыі для Беларусі. А што будзе натуральным для Беларусі пасля Лукашэнкі, зараз варажыць бессэнсоўна.

Калі ж адхіліцца ад гісторыі, то ва ўсіх тых аналітыкаў, а тут Ціханоўскі далёка не першы, якія любяць паразважаць на тэмы нейтралітэту Беларусі, хацелася б спытаць — а што, Масква калісьці прапаноўвала такую опцыю?

Мне здаецца, што ўсё развівалася ў адваротным кірунку — ад статусу краіны, якая дэкларавала жаданне хаця б у будучыні стаць нейтральнай, да статусу не проста фармальнага члена вайсковых саюзаў з Расіяй на чале, але адзінай постсавецкай дзяржавы, якая стала суагрэсарам Расіі ва Украіне.

Думаць, што Масква адмовіцца ад кантролю над Беларуссю, яе тэрыторыяй і паветранай прасторай, яе палігонамі і вайсковымі вытворчасцямі, яе чалавечым рэсурсам, нарэшце, у абмен на абяцанне не ўступаць у НАТА, на рускай мове называецца «манілаўшчынай», добрымі пажаданнямі, «хацелкамі». Да практычнай палітыкі ўсё гэта — у адрозненне ад «фінляндызацыі» ў свой час — ніякага дачынення мець не будзе.

Чытайце таксама:

Ціханоўская: Дзеці хутка вернуцца да мяне ў Варшаву. Вельмі чакаю

Пазняк: Ціханоўскія і Бабарыкі — абсалютнае нішто. У іх усё на чужыя грошы, ад губной памады да шкарпэтак

Пракоп’еў: З каманды ёсць толькі я і Сяргей Ціханоўскі

Мацкевіч — Пракоп’еву: Ціханоўскі — таксама індывідуальны гулец, сышліся дзве адзіноты. У вас абодвух нічога не атрымаецца

«Ён яшчэ сваё слова скажа». Ціханоўская — пра Ціханоўскага

Ціханоўскі выступіў у Кангрэсе ЗША

Каментары да артыкула