БЕЛ Ł РУС

Ва ўкраінскі палон трапіў яшчэ адзін грамадзянін Беларусі. Ён звярнуўся да Лукашэнкі

25.05.2026 / 16:18

Nashaniva.com

Грамадзянін Беларусі Іван Аненкаў з Ваўкавыска, які ваяваў на баку Расіі супраць Украіны і трапіў ва ўкраінскі палон, звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі па дапамогу, каб вярнуцца на радзіму, піша «Радыё Свабода».

Іван Аненкаў. Скрыншот з відэа

Як паведамілі ў тэлеграм-канале «Оперативний ЗСУ», Іван Уладзіміравіч Аненкаў нарадзіўся 9 верасня 1977 года і ваяваў пад пазыўным «Стары» ў 164‑й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухапутных войскаў Расіі (месца пастаяннай дыслакацыі — Алейск Алтайскага краю).

Згодна з інфармацыяй украінскага боку, палонны беларус паходзіць з Ваўкавыска. Як ён расказаў украінскім вайскоўцам, на кантракт ён трапіў з расійскай турмы, у якой адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 5 гадоў за наўмыснае нанясенне цяжкай шкоды здароўю. У Расію Аненкаў ездзіў на працу. Ён адседзеў 2 гады і вырашыў падпісаць кантракт з расійскай арміяй.

На першым жа баявым заданні Аненкаў атрымаў раненне і вярнуўся ў сваю вайсковую частку, удзельнічаў у прапагандысцкіх тэлевізійных рэпартажах. Потым яго вярнулі на фронт, дзе ён атрымаў другое раненне, пасля якога зноў вярнуўся на фронт. Украінскія рэсурсы сцвярджаюць, што ён канфліктаваў з афіцэрамі праз тое, што яны не запаўнялі журнал баявых дзеянняў і ён не мог атрымаць грошы за раненні.

Пасля скаргаў беларуса зноў адправілі на фронт. Калі Аненкаў разам з іншымі расійскімі вайскоўцамі спрабаваў замацавацца на пазіцыях, іх атакавалі ўкраінскія дроны. Пасля гэтага ён трапіў у палон.

Узялі Аненкава ў палон вайскоўцы 18‑й брыгады Нацыянальнай гвардыі Украіны. Гэта адбылося на ліманскім кірунку, у раёне паселішча Ямпаль Краматорскага раёна Данецкай вобласці. Цяпер жа ён звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі, каб той дапамог яму вярнуцца на радзіму.

Чытайце таксама:

Нядаўна абмененага Расіяй жыхара Лёзна зноў адпраўляюць на фронт

«Жэня пагадзіўся на будоўлю, а не ваяваць. І толькі калі выйдзе з запою!»: як прадалі ў расійскую армію жыхара Лёзна. Ахвяра не адна

Украінскі баец два тыдні праседзеў у расійскім бліндажы з ворагам. І ўгаварыў яго самога здацца ў палон — украінскі

Каментары да артыкула