Вайна88

Украінскі баец два тыдні праседзеў у расійскім бліндажы з ворагам. І ўгаварыў яго самога здацца ў палон — украінскі

Гісторыя Вадзіма Летунова падаецца сюррэалістычнай: пасля разгрому сваёй пазіцыі ён выпадкова трапіў у варожы бліндаж і апынуўся ў руках расійскага салдата. Выкарыстоўваючы веды па псіхалогіі і жалезную вытрымку, Летуноў здолеў не толькі пазбегнуць расстрэлу, але і ў выніку пераканаць свайго турэмшчыка разам выйсці да ўкраінскіх пазіцый. Сваю гісторыю ён расказаў карэспандэнту The Guardian.

Вадзім Летуноў. Фота: ukrainewin / Facebook

Вадзім Летуноў на фронце з самага пачатку расійскай агрэсіі ў лютым 2022 года. Ён служыў ва ўзводзе СПА і прымаў удзел у вызваленні Херсона. У лютым гэтага года пазіцыі 118‑й брыгады, на якіх знаходзіўся 34‑гадовы сяржант, трапілі пад масаваны абстрэл. Ён цягнуўся па шэсць-сем гадзін кожны дзень. Расіяне білі па бліндажы, дзе ён хаваўся, дронамі-камікадзэ і мінамётамі. Пасля кожнага ўдару Летуноў і яшчэ адзін украінскі салдат, Саша, латалі пашкоджанні, тушылі агонь бутэлькамі з мачой і запіхвалі на месца мяшкі з глінай.

У канцы лютага расіяне пачалі выкарыстоўваць новую тактыку: дроны скідвалі супрацьтанкавыя міны. Адна з іх выбухнула каля ўваходу ў сховішча, кантузіўшы абодвух. Праз некаторы час яшчэ адна міна ўпала проста на бліндаж і разбурыла яго. У выніку выбуху Сашу адарвала ногі, і ён хутка памёр. Летуноў зразумеў, што наступны ўдар заб’е і яго, таму вырашыў уцякаць.

На адрэналіне, застаючыся ў адных шкарпэтках, Летуноў пабег у бок, дзе, як думаў, знаходзяцца ўкраінскія пазіцыі. Неўзабаве ён убачыў умацаванне ў лесе і накрыты коўдрай уваход.

«Я пачаў крычаць. Думаў, што ўнутры нашы хлопцы. Потым пачуў шоргат. Зайшоў у бліндаж і ўбачыў дзядзьку ў форме, які цэліўся ў мяне з аўтамата, — распавядае ён. — Я сказаў яму, што я з такой і такой брыгады, што нас разбамбілі. Дзядзька кажа: «Заходзь». Ну, я зайшоў. І тут я пачуў яго акцэнт. Ён быў расіянінам. Я спытаў: «Вы ж не наш, праўда? Калі ласка, не забівайце мяне».

Два тыдні суіснавання

Так пачалася сюррэалістычная і дзіўная гісторыя выжывання, якая доўжылася два тыдні ў падземным сховішчы. Украінскі і расійскі салдаты — што здараецца вельмі рэдка ў гэтай вайне — апынуліся разам і былі вымушаныя суіснаваць.

Расійскі салдат, якога звалі Мікіта, не застрэліў Летунова. Ён загадаў яму зайсці ў вузкае падземнае памяшканне і сказаў, што не будзе страляць, бо той без зброі. Расіянін паказаў самаробны крыж з надпісам «Спаси и сохрани». Спачатку Мікіта абяцаў адпусціць палоннага раніцай, але не зрабіў гэтага. Сам Летуноў згадвае, што кожную хвіліну чакаў, што яго могуць забіць.

Як расказвае Вадзім, ён зразумеў, што яго адзіны шанец на выжыванне — гэта псіхалагічна ўплываць на свайго турэмшчыка. Яшчэ ў юнацтве ён цікавіўся псіхалогіяй, і гэта дапамагло яму ацаніць сітуацыю. Ён высветліў, што Мікіта — наркаман і дробны злачынца, якога выпусцілі з турмы, каб ён ваяваў. Той ужо ўцякаў з фронту, быў злоўлены і вярнуты назад. Яго камандзірам быў чачэнец, які аддаваў загады па рацыі.

Мікіта загадаў Летунову распрануцца і ператрос яго адзенне і рэмень у надзеі знайсці наркотыкі, верачы крамлёўскай прапагандзе, што ўкраінскія вайскоўцы — гэта «наркаманы», абсталяваныя сакрэтнымі GPS-маячкамі. На сценах бліндажа былі расклееныя лісты ад расійскіх школьнікаў. Усе яны былі аднолькавымі.

Сам жа расіянін знаходзіўся ў цяжкім стане: мёрз, галадаў і быў адзін. Раз на дзень дрон скідваў 250 грамаў пайка: пакет кашы, джэм і маленькую бутэльку вады.

Псіхічны стан Мікіты быў нестабільны: у яго здараліся прыступы агрэсіі. Як згадвае Летуноў, расіянін мог раптам наставіць аўтамат на яго і пагражаць забойствам, але праз імгненне супакойваўся і змяняў рашэнне. Гэтая непрадказальнасць рабіла сітуацыю яшчэ больш небяспечнай.

Па словах Вадзіма, каб выклікаць давер у праціўніка, ён вырашыў прыкінуцца прастачком.

«Я бачыў, што Мікіта быў трохі тупаваты, але прыкідваўся, што сам яшчэ дурнейшы. Я мог бы ўцячы, але не зрабіў гэтага, каб ён больш мне давяраў», — кажа ён.

З часам стан Вадзіма пагоршыўся: адзін палец на назе пачаў адміраць ад гангрэны. Ён нават прасіў Мікіту вывесці яго і застрэліць, каб яго цела ўбачылі і вярнулі сям’і. Але той адмовіўся, бо баяўся выходзіць з укрыцця.

Тым часам у 118‑й брыгадзе былі ўпэўненыя, што Летуноў загінуў. Камандзір паведаміў маці, што з верагоднасцю 95% сын не вернецца, і яна страціла прытомнасць. Аднак жонка байца, Алеся, працягвала верыць, што ён жывы, і пісала яму паведамленні ў тэлеграме. У іх ёсць пяцігадовы сын.

У сховішчы Мікіта даваў палоннаму мінімум ежы — кавалачак шакаладу і крышку вады. Сам ён скардзіўся на ўмовы: недахоп ежы, неабходнасць збіраць дажджавую ваду і нават піць мачу.

«Аднойчы раніцай ён сказаў мне: «Можа, мне здацца табе ў палон?» — распавядае Летуноў. — Я адказаў: «Не трэба». Але дадаў, што ўмовы добрыя: трохразовае харчаванне, цыгарэты, Жэнеўская канвенцыя». Гэтая размова, па словах украінца, паўтаралася пяць разоў.

Выратаванне

Аднойчы ў іх скончылася вада, і расіянін вырашыў схадзіць за ёй, спаслаўшыся на тое, што ведае адно месца.

«Мы выйшлі ў туман і пачулі гул дрона над галавой. Гэта быў украінскі дрон. Мы павесілі шыльду каля дрэва. На ёй быў мой пазыўны — Картман (з мультсерыяла «South Park») — і нумар брыгады. Я ўпаў на калені, паказаў на знак і крыкнуў, што я ўкраінец», — расказвае Вадзім.

Але яго брыгада палічыла, што абодва — расіяне, і накіравала дрон, каб іх знішчыць, але ён разбіўся. Другі ўдарны дрон ужо рыхтаваўся да атакі, але яе спынілі толькі пасля таго, як камандзір праверыў акаўнты Летунова ў сацыяльных сетках і зразумеў, што знясілены чалавек — гэта іх зніклы таварыш.

Як згадвае Вадзім, з дапамогай дрона ім даставілі рацыю, і ён змог патлумачыць сітуацыю.

«Я расказаў ім пра Мікіту, і яны пачалі задаваць пытанні. Я спрабаваў асцярожна намякнуць, што ў палоне тут я, а не ён, і што маё жыццё залежыць ад яго настрою. Мы адразу ж папрасілі скінуць нам ежу і ваду», — расказвае баец.

Калі ім з дапамогай дрона даставілі чатыры пакеты з сухпайком, Летуноў, спаслаўшыся на немагчымасць глытаць, адмовіўся ад сваёй долі. «Ці была гэта зноў маніпуляцыя? Так. Ён казаў мне, што калі ён сыты, дык добры», — тлумачыць Вадзім.

Паралельна расіяне спрабавалі выкарыстаць Мікіту. Дронам яны даставілі пастку — бервяно са схаваным унутры трацілам. Свайму байцу яны загадалі пакласці яго ў лесе. Па словах Летунова, ён да апошняга моманту не быў упэўнены, ці здасца Мікіта, ці ўзарве іх абодвух.

У адзін з дзён у тумане да іх пад’ехала ўкраінская бранямашына. Абодва мужчыны заскочылі ўнутр, Летуноў усё яшчэ быў без ботаў.

«Я да апошняга моманту не верыў, што выберуся адтуль», — кажа ён і тлумачыць, што раней Мікіта выказваў думку, што мог бы паспрабаваць захапіць украінскую машыну і адагнаць яе на сваю базу. У выніку расіянін пакорліва здаўся і знішчыў свой тэлефон.

На базе брыгады Летунова сустрэлі як героя. Сам ён папрасіў камандзіра добра абыходзіцца з палонным, бо абяцаў яму гэта. Мікіту праз пару гадзін перадалі СБУ, і, хутчэй за ўсё, яго абмяняюць на ўкраінскіх ваеннапалонных.

Сам Летуноў страціў палец на назе і цяпер праходзіць рэабілітацыю пасля ўз’яднання з сям’ёй у Адэсе. Ён кажа, што яму надзвычай пашанцавала выжыць:

«Гэта цуд. Адзін шанец на мільён, як мне кажуць. Я быў у палоне. Але ў выніку выйшла наадварот: з палону я выйшаў ужо з палонным. Такое здараецца рэдка».

Каментары8

  • AD
    04.05.2026
    Крынж , Ну Микита может и наркоман, но автоматом пользоватся я думаю умеет
  • Имя
    04.05.2026
    Крынж , хорошо на диванчике лежа рассуждать и советы давать.
  • Сыч
    04.05.2026
    Крынж , бачу ты круты забойца.

Цяпер чытаюць

Коля Лукашэнка сядзіць побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы7

Коля Лукашэнка сядзіць побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы

Усе навіны →
Усе навіны

Дачка Вардамацкага вырашыла не балатавацца ў Каардынацыйную раду4

Першыя вынікі выбараў у Брытаніі: лейбарысты церпяць паразу, Reform UK захоплівае пазіцыі па ўсёй краіне7

У Беларусі адмянілі яшчэ адзін фэст3

Актывіста з Нароўлі асудзілі на 10 гадоў за «здраду дзяржаве»1

Гэтыя колеры вас зачаруюць. У Мастацкім адкрылася выстава неглюбскіх ткачых3

2300 салдат з КНДР загінулі ў Курскай вобласці3

Кацярына Андрэева наведала паказ фільма, знятага па ейнай з мужам гісторыі кахання2

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты21

У Чарнобылі бушуе вялікі лясны пажар. Вецер дзьме ў бок Беларусі, сёння варта перасцерагчыся10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Коля Лукашэнка сядзіць побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы7

Коля Лукашэнка сядзіць побач з бацькам і Пуціным на Краснай плошчы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць