Беларуска праз сацсетку за шэсць гадзін дапамагла італьянцам знайсці хлопчыка, які гасцяваў у іх амаль 30 гадоў таму
Дзіўная гісторыя разгарнулася на старонцы ў Threads у карыстальніцы па імені Дыяна. Калісьці дзяўчына сама ездзіла «ў сям'ю» ў Італію — знайшла яе праз сацсеткі, і цяпер дапамагае іншым італьянцам, якія жадаюць атрымаць вестачку ад дзяцей, якіх яны прымалі ў госці па «чарнобыльскай» праграме, піша выданне «Моцныя навіны».
Дыяна апублікавала пост пра тое, што жыхарка італьянскага горада Танара па імені Сільвана Мартыз шукае гамельчука Юрыя Юрчанку, які напрыканцы 1990‑х гасцяваў у яе сям'і. Хлопчыку на той момант было 9 гадоў. Італьянцы хацелі даведацца, як склалася яго жыццё, і аднавіць стасункі.
Пост завірусіўся — і Юра знайшоўся ўсяго праз 6 гадзін пасля публікацыі. Дакладней, у каментарыях аб’явілася яго жонка, бо ў самога Юрыя няма старонак у сацсетках. З дазволу мужа Дар'я падзялілася яго дзіцячымі фота з Італіі, а таксама дадала сумесны «дарослы» здымак.
«З Сільванай звязаліся, камунікуем пакуль. Хлопчыку Юру хутка будзе 40, а Сільвана яго запомніла як bravo bambino (калі перакладчык не падмануў, то муж быў добрым хлопчыкам). Велізарны дзякуй аўтару веткі і ўсім за яе прасоўванне! Да гэтага часу мурашкі», — падзялілася Дар'я.