Ірландзец, да якога малая Ціханоўская ездзіла ў 1990-я: «Калі б нехта сказаў, што адное з гэтых дзяцей стане палітыкам, я б паказаў на Свету»
У падлеткавым узросце цяперашняя лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на летніх вакацыях часта ездзіла ў Ірландыю. Яна была адным з «чарнобыльскіх дзяцей», якіх прымалі ірландскія сем'і для аздараўлення. Для Генры і Мэрыян Дзінаў з мястэчка Раскрэй у цэнтральнай частцы гэтай краіны яна была проста Светай — дзяўчынкай, якая прыязджала да іх чатыры разы. Амаль праз 20 гадоў яны аднымі з першых даведаліся, што Ціханоўская балатуецца ў прэзідэнты Беларусі. Выданне «Люстэрка» пагаварыла з Генры Дзінам, які прымаў Святлану ў Ірландыі.

«Радыяцыя дайшла і да Ірландыі»
Цяпер Генры Дзіну 70 гадоў. Ён жыве ў пасёлку Раскрэй у графстве Тыперэры, практычна ў самым цэнтры Ірландыі. Гэта гарадок з насельніцтвам каля пяці з паловай тысяч чалавек, дзе, паводле Генры, кожны чацвёрты — замежнік. Сам ён 37 гадоў адпрацаваў у мясцовых органах улады, а таксама доўгія гады валодаў невялікім бізнэсам. У Генры і ягонай жонкі Мэрыян двое дзяцей і ўжо шэсць унукаў. Сын — прафесар у Канадзе, а дачка жыве па суседстве.
Пасля Чарнобыльскай катастрофы гэтая сям’я вырашыла дапамагаць беларускім дзецям. Генры Дзін успамінае, што аварыя стала сур’ёзнай праблемай, наступствы якой адчула нават яго краіна.
«Частка радыяцыі дайшла і да Ірландыі, закрануўшы фермы ў гарах Уіклау [на паўднёвым усходзе краіны]. Яе вымяралі нават тут, у мясцовым манастыры. Так што мы адчулі наступствы. Я ведаў, што адна лэдзі з горада Корк прывозіла туды беларускіх дзяцей. Яна была першай, хто гэта арганізаваў. Спачатку я далучыўся да яе групы, а пазней, у пачатку 1990-х, заснаваў уласную арганізацыю, — расказвае Генры. — Прычына, па якой я гэта зрабіў, была ў тым, што да гэтага ніхто не прывозіў дзяцей другі ці трэці раз. А я адчуваў, што ірландскія сем'і настолькі прывязваліся да дзяцей з Беларусі, што, калі яны хацелі і маглі аплаціць іх паўторны прыезд, мы мусілі ім у гэтым паспрыяць».
Арганізацыя Chernobyl Life Line, сузаснавальнікам якой стаў Генры, прывозіла дзяцей у Ірландыю некалькі разоў на год.
«Першая група звычайна прыязджала ў чэрвені, наступная — у ліпені і яшчэ адна — у жніўні. А потым была яшчэ адна, на Каляды. У сярэднім атрымлівалася прывозіць па 40 дзяцей цягам трох-чатырох месяцаў на год, — успамінае Генры. — Калі прыязджалі маленькія дзеці, гэта была суцэльная весялосць. А калі прыязджалі старэйшыя, якім было па 15−17 гадоў, то мы знаходзілі ім працу, каб яны маглі зарабіць грошы на сваю адукацыю, калі вернуцца дадому ў Беларусь. Акрамя таго, дзеці праходзілі тут лячэнне. Некаторым яно патрабавалася працяглы час, таму ім даводзілася вяртацца зноў і зноў».
«Напалоханыя дзеці, якія за дзень цалкам змяняліся»
Генры кажа, што дзеці з Беларусі, якія прыязджалі на аздараўленне і адпачынак, былі ўражаныя тым, як моцна адрозніваецца жыццё ў Ірландыі.
«Спачатку яны выглядалі напалоханымі. Магчыма, злёгку ўстрывожанымі і напружанымі. Іх адзенне было трохі старым, зношаным, — успамінае мужчына. — Але ўжо на наступны дзень яны станавіліся абсалютна іншымі. Іх вочы ззялі. Яны былі больш расслабленыя, і ім было вельмі весела. Дзеці змяняліся, як толькі прыязджалі сюды».

Святлана Ціханоўская (тады Піліпчук) прыязджала ў сям’ю Дзінаў чатыры разы. Генры ўспамінае, што будучая лідарка беларускіх дэмсіл ужо тады добра ведала англійскую і часта дапамагала з перакладам.
«Яна была выдатнай перакладчыцай яшчэ дзіцём. Яе англійская была вельмі, вельмі добрай. Таму яна прыглядала за малодшымі дзецьмі або тымі, у каго не было англійскай, дапамагала ім камунікаваць з намі», — расказвае Генры.
Асабліва ён ганарыцца тым, што за час візітаў Святланы ў Ірландыю ўдалося прышчапіць ёй любоў да добрай англамоўнай музыкі.
«Калі мы ехалі некуды на машыне, Света сядзела на пярэднім сядзенні, і я ўключаў сваю любімую музыку, — кажа Дзін. — З прычыны ўзросту я любіў музыку 1960‑х гадоў. Святлана гэта падхапіла і палюбіла гурты The Mamas & The Papas, The Beatles і іншыя».
«Калі б нехта сказаў, што адно з гэтых дзяцей стане палітыкам, я б паказаў на Свету»
Генры кажа, што ўжо ў тыя часы яны абмяркоўвалі з юнай Святланай палітыку. Ён прызнаецца, што не мог тады ўявіць, што яго падапечная сама стане палітычнай лідаркай.
«Мы заўсёды абмяркоўвалі ірландскую палітыку, калі яна прыязджала. Святлану вельмі ўражвала, што мы маглі адкрыта і крытычна гаварыць пра нашых палітыкаў, бо ў Беларусі гэта не дапускалася. Я і ўявіць не мог, што з ёй здарыцца ў будучыні. Але калі б мне тады нехта сказаў, што адно з дзяцей, якіх мы прывезлі ў Ірландыю, стане вядомым палітыкам, то я б упэўнена паказаў на Свету і сказаў: «Гэта яна», — кажа мужчына.

Пра тое, што ў 2020 годзе Святлана вырашыла балатавацца ў прэзідэнты, Генры Дзін даведаўся адным з першых — яны з ёй рэгулярна стэлефаноўваліся.
«Святлана расказала, як толькі аказалася ўцягнутая ў гэта, яшчэ да пачатку кампаніі. Я быў у курсе таго, што адбываецца ў Беларусі. Ведаў, што адбываецца, глядзеў навінавыя зводкі, — расказвае Генры. — Вядома, я спрабаваў ёй нешта раіць па кампаніі. Але ж я не быў на месцы падзей, не прысутнічаў там асабіста. Таму назваць мае парады слушнымі нельга».
Сустрэча праз 18 гадоў
У ліпені 2021 года, падчас свайго візіту ў Ірландыю ўжо ў якасці лідаркі дэмакратычных сіл Беларусі, Святлана Ціханоўская прыехала ў Раскрэй, каб наведаць сям’ю, якая прымала яе ў дзяцінстве. Гэтая сустрэча стала першай за 18 гадоў.

«Гэта было фантастычна. Мара, якая стала явай: зноў убачыць Святлану, тое, як яна вырасла, сустрэць двух яе цудоўных дзяцей. Бо раней мы бачыліся з ёй і дзецьмі толькі праз тэлефон, у WhatsApp. Было цудоўна ўбачыць іх асабіста. Я не магу дачакацца, калі яна вернецца зноў».
Праз гады сувязь паміж Генры Дзінам і Святланай Ціханоўскай не перапынілася. Яны дагэтуль падтрымліваюць кантакт:
«Мы стэлефаноўваемся і гаворым пра ўсё. Пра палітыкаў — ад Трампа да Пуціна, ад Зяленскага да Сі Цзіньпіна. Мы абмяркоўваем сусветныя справы. І проста балбочам».
Як змяніўся вобраз Ціханоўскай за 2020—2024 і як яна глядзіцца побач з іншымі лідаркамі ШМАТ ФОТА
Ірландскі сябар дзяцінства Ціханоўскай: Многіх малодшых дзяцей вельмі цягнула да Светы, яна зрабілася лідарам для іх
«Была сціплай выдатніцай, але сваю думку магла адстаяць»: што кажуць настаўнікі пра Святлану Ціханоўскую
Каментары
И на английском в 1998 году отлично говорили лишь привилегированные, которых отдавали в спецшколы или имели деньги на репетиторов
можа .........Ціханоўская падлеткам ездзіла .... ?
немаўля ж таксама малое ))
І ангельская ў яе (прынамсі вымаўленне) жахлівая.