БЕЛ Ł РУС

У Латвіі ўтварылі новы ўрад

28.05.2026 / 19:35

Nashaniva.com

Сейм Латвіі 28 мая зацвердзіў новы ўрад, які ўзначаліў Андрыс Кулбергс. У кааліцыю ўвайшлі чатыры палітычныя сілы: «Аб’яднаны спіс», «Новае адзінства», Саюз «зялёных» і сялян, а таксама «Нацыянальнае аб’яднанне». У апазіцыі засталіся «Прагрэсіўныя» і «Латвія на першым месцы», паведамляе Delfi.lv.

Андрыс Кулбергс. Фота: facebook.com/andris.kulbergs

За новы склад урада прагаласавалі 66 дэпутатаў, супраць — 25. Урад будзе працаваць нядоўга, бо ўжо 3 кастрычніка ў краіне адбудуцца парламенцкія выбары, пасля якіх сфарміруюць новы склад Сейма і новую кааліцыю.

Некаторыя міністры з папярэдняга ўрада, у прыватнасці міністр замежных спраў і міністр абароны, захавалі свае пасады.

Паводле палітычнага складу новы ўрад лічыцца больш нацыянальна-кансерватыўным і арыентаваным на традыцыйныя каштоўнасці.

Андрыс Кулбергс заявіў, што галоўныя задачы яго кабінета — гарантаванне бяспекі краіны (знешняй, унутранай, энергетычнай) і развіццё эканомікі. Ён падкрэсліў, што бяспека і эканоміка цесна звязаныя паміж сабой.

Партыя «Аб’яднаны спіс», якую прадстаўляе Кулбергс, была найбуйнейшай апазіцыйнай сілай у парламенце, што і паўплывала на рашэнне прэзідэнта Латвіі Эдгарса Рынкевічса даручыць фармаванне новага ўрада менавіта яму.

Сам Кулбергс прыйшоў у палітыку адносна нядаўна — у 2022 годзе, да гэтага ён быў вядомы як бізнэсмен і эксперт у аўтамабільнай сферы. У парламенце ён актыўна ўдзельнічае ў дыскусіях і займаўся расследаваннем праблем, звязаных з буйнымі інфраструктурнымі праектамі.

Папярэдні ўрад на чале з Эвікай Сіліняй падаў у адстаўку пасля распаду кааліцыі. Гэта адбылося на фоне палітычных спрэчак, у тым ліку вакол сітуацыі з адстаўкай міністра абароны, што ў выніку прывяло да крызісу ўлады.

Новы ўрад быў сфарміраваны вельмі хутка — прыкладна за 10 дзён, пасля таго як у сярэдзіне мая папярэдні кабінет на чале з Эвікай Сіліняй пайшоў у адстаўку з-за распаду кааліцыі.

Чытайце таксама:

Прэзідэнт Латвіі даручыў сфармаваць урад апазіцыянеру

Прэм’ер-міністарка Латвіі падала ў адстаўку на фоне распаду кіроўнай кааліцыі

У Латвіі непадалёк ад мяжы з Беларуссю ў возера грымнуўся дрон

Каментары да артыкула