Былы віцэ-прэм'ер з урада Румаса чацвёрты год не можа прадаць катэдж у Драздах. Але цану паднімае
Эксклюзіўны катэдж у англійскім стылі вісіць на сайтах нерухомасці не першы год. Але ж падобна, банкір і былы першы намеснік кіраўніка ўрада не страчвае аптымізму.
Фота тут і далей: realt.by
Абвестка аб продажы асабняка Васіля Мацюшэўскага — старшыні праўлення Банка БелВЭБ ды былога віцэ-прэм'ера — з’явілася на пачатку 2023 года. На фотаздымках у абвестцы можна было пабачыць нават упрыгожаную ялінку ды іншую святочную атрыбутыку.
Чаму Мацюшэўскі вырашыў развітацца з элітнай нерухомасцю? Тады ў банкаўскім асяроддзі хадзіла некалькі версій.
Васіль Мацюшэўскі. Фота Сяргея Гудзіліна
Па-першае, у 2022 годзе ён стаў фігурантам «справы БелВЭБа». Арыштоўвалі і самога Мацюшэўскага, і яго топ-менеджараў. У нейкі момант ён пачаў хадзіць на допыты як на працу.
Ні для каго не сакрэт, што ў лукашэнкаўскай Беларусі практыкуюцца выплаты «нанесенай шкоды» ў дзесяціразовым памеры, каб спыніць крымінальны пераслед.
Крыніцы «Нашай Нівы» тады адзначалі, што непрыемныя прыгоды сапраўды моцна «выціснулі» банкіра ў фінансавым плане. На выкуп сваіх супрацоўнікаў Мацюшэўскаму прыйшлося браць вялікія грошы ў Ігара Шувалава — старшыні расійскага Знешэканомбанка.
Па-другое, банкіры распавядалі, што Мацюшэўскі разыходзіўся з жонкай — то трэба было і ёй нешта набыць, і самому пераехаць далей ад Калаўра праз асабісты канфлікт (а дом былога старшыні Нацбанка знаходзіцца зусім побач).
Цяпер банкір павысіў цану на сваю элітную нерухомасць. Калі ў 2023 годзе Мацюшэўскі прасіў $1,2 мільёна, дык цяпер падняў планку да $1,8 мільёна.
Знаходзіцца катэдж у мікрараёне Лебядзіны. Агульная плошча асабняка ў англійскім стылі амаль 290 квадратаў, з іх жылая — 111 квадратаў.
Мацюшэўскі мае рэпутацыю піжона — і дом у яго, як кажуць, з прэтэнзіяй. Сціпласцю тут і не пахне: вітражы і нават месцамі пазалота. Фота гавораць самі за сябе.
Інтэр'ер ужо крыху састарэлы маральна, затое ў ім можна ўбачыць эксклюзіўную мэблю ў класічным стылі.
Ёсць некалькі спальняў і ванных пакояў, кабінет з камінам ды ўласная саўна.
Плошча ўчастку 11 сотак. Вядома ж, пра ландшафтны дызайн таксама не забыліся.
Чытайце таксама:
Кракадзілавыя крэслы і працы вядомага скульптара. Цікавосткі інтэр'ераў банкіра Мацюшэўскага
Крыніцы: Пасля гіганцкага выкупу на волю выйшлі топ-менеджары банка БелВЭБ
Затрымана кіраўніцтва банка БелВЭБ, у тым ліку Васіль Мацюшэўскі
Арышту Мацюшэўскага папярэднічаў яго канфлікт з Калаўрам, і пагоны за гэта ўчапіліся. Падрабязнасці