БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы знайшлі новы спосаб рэдагавання генаў чалавечых эмбрыёнаў

8.06.2026 / 18:22

Ідаля Салавей

Група даследчыкаў заявіла, што здолела дакладна адрэдагаваць гены ў чалавечых эмбрыёнах на ранняй стадыі развіцця. Гэты значны прарыў у галіне генетыкі, аднак, выклікае мноства этычных супярэчнасцяў. 

Ілюстрацыйнае фота: Thanasis Zovoilis / Getty Images

Група навукоўцаў з Калумбійскага ўніверсітэта заявіла пра магчымасць выпраўлення мутацый, адказных за цяжкія захворванні. З падрабязнасцямі знаёміць The Wall Street Journal.

Як паведамляецца, каманда выкарыстоўвала не найбольш вядомую сістэму CRISPR, а больш новую тэхналогію, якая атрымала назву «базавае рэдагаванне» (base editing). Калі CRISPR фактычна выразае ўчасткі ДНК, што можа прывесці да непажаданых пашкоджанняў, то новы метад дазваляе значна больш дакладна змяняць асобныя «літары» генетычнага кода.

У сваім даследаванні навукоўцы засяродзіліся на двух генах. Адзін з іх звязаны з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў, другі — з парушэннямі крыві, у тым ліку серпападобнаклеткавай анеміяй. Паводле вынікаў эксперыментаў, даследчыкам у шэрагу выпадкаў удалося адрэдагаваць абодва гены ў адным эмбрыёне і пры гэтым не выявіць прыкмет пашкоджанняў.

Аднак, нягледзячы на тэхналагічны поспех, даследаванне выявіла сур’ёзную перашкоду: 80% эмбрыёнаў пасля працэдуры аказаліся «мазаічнымі», у якіх частка клетак атрымала выпраўлены генетычны код, а частка засталася без зменаў. У выніку, калі б такія эмбрыёны развіліся ў дзяцей, у іх арганізме, мусіць, усё роўна засталіся б клеткі з мутацыямі, якія выклікаюць хваробы.

На думку некаторых спецыялістаў, сама ідэя выпраўлення генетычных захворванняў яшчэ да нараджэння выглядае перспектыўнай. У той жа час яны падкрэсліваюць, што, перш чым тэхналогія зможа разглядацца для практычнага прымянення, абавязкова трэба вырашыць праблему мазаіцызму.

Як нагадвае WSJ, базавае рэдагаванне ўжо выкарыстоўвалася ў чалавечых эмбрыёнах у іншых даследаваннях, якія прайшлі рэцэнзаванне. Раней з яго дапамогай навукоўцы спрабавалі выпраўляць мутацыі, што выклікаюць спадчынныя хваробы, а таксама генетычныя варыянты, звязаныя з павышанай рызыкай развіцця хваробы Альцгеймера.

Разам з тым многія даследчыкі сумняваюцца, што для такіх эксперыментаў увогуле існуе вострая медыцынская неабходнасць. Як адзначаецца ў артыкуле, сучасныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі ўжо дазваляюць пазбягаць перадачы шматлікіх генетычных захворванняў без умяшання ў ДНК эмбрыёнаў. Таму, на погляд крытыкаў, ёсць і іншыя, менш рызыкоўныя спосабы прадухіляць спадчынныя хваробы.

Акрамя медыцынскіх, існуюць і этычныя пярэчанні. Як піша WSJ, навукоўцы і біяэтыкі ўжо даўно папярэджваюць пра небяспеку «слізкага схілу»: тэхналогіі, створаныя для барацьбы з хваробамі, могуць паступова ператварыцца ў інструмент выбару жаданых чалавечых характарыстык і фактычна прывесці да новых формаў еўгенікі.

Менавіта з-за такіх асцярог выкарыстанне генетычна адрэдагаваных эмбрыёнаў для нараджэння дзяцей сёння застаецца незаконным у ЗША і многіх іншых краінах. Пры гэтым у ЗША дзяржава практычна не фінансуе такіх даследаванняў. Заканадаўства забараняе выкарыстоўваць федэральныя сродкі для эксперыментаў з чалавечымі эмбрыёнамі, таму значная частка такой працы залежыць ад прыватнага фінансавання.

У гэтым выпадку працу фінансавалі кампаніі Genomic Prediction і Nucleus Genomics. Кіраўнік апошняй, Кіян Садэгі, бачыць у гэтай тэхналогіі значны камерцыйны патэнцыял. Яго кампанія ўжо прапануе паслугі па скрынінгу эмбрыёнаў, якія дазваляюць ацэньваць не толькі рызыкі захворванняў, але і такія параметры, як рост, колер вачэй ці нават узровень IQ, хоць дакладнасць апошняга пакуль застаецца абмежаванай. Як адзначае Садэгі, рэдагаванне генаў лагічна дапаўняе гэты напрамак дзейнасці.

На думку Садэгі, у будучыні тэхналогія базавага рэдагавання можа выкарыстоўвацца ў працэсе экстракарпаральнага апладнення. Гэта дазволіла б бацькам не адмаўляцца ад эмбрыёнаў праз наяўнасць у іх непажаданых генетычных мутацый, а выпраўляць іх яшчэ да імплантацыі. Менавіта ў такім выкарыстанні кампанія бачыць найбольшыя перспектывы для далейшага развіцця тэхналогіі.

Чытайце таксама:

Хутка людзі змогуць размнажацца без сэксу. Больш за тое — нават без цяжарнасці і традыцыйных бацькоў

У Брытаніі ўпершыню нарадзілася дзіця пасля перасадкі маткі ад памерлай донаркі

Крэмніевая даліна апантана ідэяй «больш разумных дзяцей» — айцішнікі плацяць шалёныя грошы, каб мець дзіця з большым IQ

Каментары да артыкула