БЕЛ Ł РУС

«Водар» і «Смачны»: на ўпакоўках пішуць, што на заквасцы, а яны на дражджах

8.06.2026 / 15:45

Nashaniva.com

У беларускіх крамах пачалі прадаваць больш натуральны хлеб на заквасцы, але з нюансам. На яго звярнула ўвагу карыстальніца Threads Дзіна, піша Blizko.by.

Дзяўчына выклала фота двух відаў хлеба вытворчасці Слуцкага Мінскага хлебазаводаў. На ўпакоўках было пазначана, што абодва віды прадукцыі прыгатаваныя з выкарыстаннем закваскі, а значыць з'яўляюцца больш натуральным варыянтам у параўнанні са звычайным хлебам, бо ў іх няма прамысловых дражджэй. Але на адваротным баку ў складзе ў абодвух выпадках былі пазначаныя хлебапякарныя дрожджы.

У каментарах меркаванні разышліся:

«І што вас тут бянтэжыць? Выраб хлеба на заквасцы не выключае дадавання прэсаваных дражджэй, больш за тое, гэта класічная практыка».

«На мінулых выхадных у мяне было такое ж пытанне да гэтага хлеба. Вы не самотныя, аўтар. Як на мяне, 100% на заквасцы азначае, што там толькі закваска».

«А ў чым паніка? Закваска — тыя ж дрожджы, толькі ў профіль. Біяхімія працэсу аднолькавая, розніца толькі ў араматыцы».

«Проста маркетынг, але і ў цэлым адно другому не супярэчыць. Закваска — гэта дзікія дрожджы плюс малочнакіслыя бактэрыі».

У традыцыйнай (натуральнай) хлебнай заквасцы сапраўды абавязкова павінны быць дрожджы. Але не звычайныя, а «дзікія» — натуральныя, якія збіраюць разам з сыравінай для «спантаннага» браджэння. Менавіта гэтыя «дзікія» дрожджы адказваюць за пад'ём цеста і ўтварэнне пышнага мякішу, выдзяляючы вуглякіслы газ. Хлеб на заквасцы лічыцца больш карысным, таму што ў закваску не дадаюць цукар або прамысловыя дрожджы. У складзе названых хлябоў не было «дзікіх» дражджэй, а значыць іх карыснасць з'яўляецца даволі спрэчнай.

Чытайце таксама:

Расіянка пераехала ў вёску пад Оршай і здзіўлена беларускім стандартам. «Тут пастаянна ёсць святло»

«Еўрагандаль» перафарматоўвае свае крамы «Хіт!» Што будзе замест іх?

Нікому не пазычаць і карыстацца бясплатнай медыцынай: фінансавыя правілы дзяўчыны з даходам 7 000 рублёў

Каментары да артыкула