«Дык што вам яшчэ трэба, шаноўныя кіраўнікі ЕГУ?» Севярынец заклікаў беларусізаваць універсітэт, пакуль не позна
Мае паплечнікі шмат разоў прасілі мяне пракаментаваць сітуацыю вакол ЕГУ: ідзе хваля ператрусаў у цяперашніх і былых студэнтаў. Што рабіць, каб захаваць універсітэт? Адказваю, піша ў сваім тэлеграм-канале былы палітвязень Павел Севярынец.
Павел Севярынец. Фота: «Наша Ніва»
Пра ЕГУ трэба ставіць пытанне рубам: тэрмінова і рашуча ператвараць ЕГУ ў галоўную адукацыйную базу беларускага руху.
Як і варта было чакаць ад пачатку, рэжым прызнаў ЕГУ «экстрэмісцкім», студэнтаў і іх бацькоў масава трасуць і дапытваюць.
Дык што вам яшчэ трэба, шаноўныя кіраўнікі ЕГУ? Чаго вы цяпер баіцеся? Пераменаў? Чаму мы бачым бясконцыя рэлізы, што ўсё нармальна, працуем далей як і заўжды?
У ЕГУ ёсць унікальны шанец выхаваць будучых прэзідэнтаў і міністраў вольнай Беларусі. Беларускамоўных. З еўрапейскім узроўнем адукацыі. Адкрытых, смелых. У 2020 годзе ўся Беларусь узнялася, а ЕГУ як ляжаў, так і ляжыць на дне. Баіцца ўздыхнуць. Баіцца мяняцца. Суцэльная дэпрэсіўная расейскамоўная нудота апошнія гады.
ЕГУ — гэта наогул пра што? Пра каго? Большасць студэнтаў з Беларусі, але што ва ўніверсітэце пра Беларусь? Што там па-беларуску? Якія кадры рыхтуе ўніверсітэт, калі ўсё застанецца так, як цяпер?
Я лічу, адзінае выйсце для ЕГУ сёння — станавіцца элітнай вышэйшай школай для беларусаў замежжа.
Калі не рабіць кардынальных крокаў і пераконваць усіх, што «працуем у звычайным рэжыме», скончыцца тым, што ЕГУ альбо зачыніцца, альбо ператворыцца ў адзін з заштатных, нікому не патрэбных безаблічных «варыянтаў» для тых, хто не трапіў у прэстыжныя альбо нават сярэднія рэгіянальныя ВНУ.
Да 14 красавіка баяліся, што прызнаюць экстрэмістамі. Цураліся «свяціцца». Усё, прызналі. Трасуць людзей. Крымінальныя справы.
Цяпер баяцца няма чаго. Цяпер трэба рэальна свяціць. І адкрыта казаць Еўропе, якая ўсе гэтыя гады падтрымлівала ЕГУ: патрэбная кузня кадраў для беларускіх пераменаў.
Яшчэ з канца 1990‑х беларусы марылі пра сапраўды беларускі ўніверсітэт, які мае рыхтаваць элітныя кадры для будучай, дэмакратычнай Беларусі.
Скажаце, хто з беларусаў замежжа будзе аддаваць дзяцей у беларускі апазіцыйны ЕГУ? Ва ўніверсітэт, дзе па-беларуску выкладаюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Арлоў, Лявон Вольскі, Кацярына Ваданосава, Вінцук Вячорка, Павел Церашковіч, Цімох Акудовіч — будуць.
Мяне пытаюць, куды паступаць дзецям 2020 года? Цяпер, калі ў самой Беларусі громяць і беларускую адукацыю, і культуру, дзясяткі тысячаў маладых беларусаў і ў краіне, і за мяжой мараць пра найлепшы ўнівер у свеце. Свой.
Ну, слухайце, ужо сам рэжым выпісвае ЕГУ «чароўнага пендаля». Няўжо і цяпер зноў зробім выгляд, што ЕГУ — гэта не для нас і не пра нас?
Агу, ЕГУ! Давайце мяняцца! Давайце працаваць дзеля вольнай Беларусі!
Чытайце таксама:
Парадокс, але прызнанне ЕГУ экстрэмісцкім развяжа яму рукі
Некалькі выкладчыкаў ЕГУ з прызнаннем універсітэта экстрэміcцкай установай спынілі супрацоўніцтва
У студэнтаў ЕГУ пытаюцца, хто аплачваў іх навучанне
У ЕГУ пракаментавалі масавыя ператрусы ў звязаных з універсітэтам людзей
Пракуратура палохае, што за навучанне і працу ў ЕГУ можа пагражаць да шасці гадоў зняволення