БЕЛ Ł РУС

12‑гадовую іспанскую дзяўчынку згвалцілі пяць аднакласнікаў на дні нараджэння. Ім за гэта нічога не будзе

12.06.2026 / 11:43

Ідаля Салавей

Аднакласнікі, абвінавачаныя ў групавым згвалтаванні, былі адхілены ад заняткаў толькі на тыдзень, бо яны занадта малыя, каб несці крымінальную адказнасць.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Gatty Images

Як піша Diariо de Burgos, пра выпадак, які адбыўся ў сярэдзіне мая, у паліцыю Бургаса паведаміла сям'я дзяўчынкі. Пацярпелая сцвярджае, што стала ахвярай гвалту з боку сваіх аднакласнікаў падчас святкавання дня нараджэння, якое праходзіла ў грамадскім месцы непадалёк ад школы.

Як паведамляецца, на дзяўчынку напалі пяць ці шэсць хлопчыкаў ва ўзросце 11—12 гадоў. Пасля таго, як пра здарэнне стала вядома, меркаваных удзельнікаў адхілілі ад заняткаў на пяць дзён.

Пазней ім дазволілі вярнуцца ў школу, аднак, паводле звестак выдання, іх часова вывелі са звычайнага складу класа і арганізавалі навучанне ў асобнай групе разам з некалькімі іншымі вучнямі. У школе гэта патлумачылі жаданнем не дапусціць, каб дзеці сталі аб'ектам цкавання або грамадскага асуджэння з боку аднагодкаў пасля таго, што адбылося.

Пацярпелая дзяўчынка таксама вярнулася да навучання, хоць, паводле звестак выдання, дагэтуль адчувае наступствы перажытага як у фізічным, так і ў эмацыйным плане. Пра выпадак ведае правінцыйнае ўпраўленне адукацыі, як і ўся школьная супольнасць навучальнай установы, дзе вучацца меркаваныя ўдзельнікі нападу.

Паколькі ўсім меркаваным удзельнікам здарэння менш за 14 гадоў, яны не падлягаюць крымінальнай адказнасці паводле іспанскага заканадаўства. Пасля атрымання заявы паліцыя ўстанавіла іх асобы і перадала матэрыялы ў пракуратуру па справах непаўналетніх. У далейшым справу павінны накіраваць у спецыяльную службу ўрада Кастыліі і Леона, якая займаецца выхаваўчай і сацыяльнай працай з дзецьмі ў падобных выпадках. На момант публікацыі гэтага яшчэ не адбылося.

Гэта азначае, што дзяцей не будуць судзіць у крымінальным парадку і яны не атрымаюць судзімасці незалежна ад цяжкасці абвінавачанняў. Замест суда і крымінальнага пакарання ў падобных выпадках у Іспаніі выкарыстоўваюцца выхаваўчыя і сацыяльныя меры: да працы падключаюцца сацыяльныя службы і спецыялісты, а галоўная мэта заключаецца не ў пакаранні, а ў карэкцыі паводзін і прадухіленні падобных выпадкаў у будучыні.

Чытайце таксама:

Школьнікі абменьваліся дыпфэйкавымі порна сваіх аднакласніц. І іх не змаглі пакараць

У Францыі дзіцячы хірург гвалціў пацыентаў, калі яны былі пад наркозам

У Дагестане маці прыкавала дачку-школьніцу да батарэі, калі дзяўчынка паскардзілася на групавое згвалтаванне

Каментары да артыкула