БЕЛ Ł РУС

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын

12.06.2026 / 23:31

Nashaniva.com

У Брэсцкай вобласці індывідуальны прадпрымальнік, які займаўся рытуальнымі паслугамі, трапіў пад суд пасля праверкі падатковых органаў. Прычынай увагі да яго бізнэсу стала незвычайная сітуацыя: у афіцыйным штаце прысутнічалі толькі жанчыны, хоць праца патрабавала выканання цяжкіх фізічных работ, паведамляе Міністэрства падаткаў і збораў.

Фота ілюстрацыйнае

Як высветлілася падчас праверкі, прадпрымальнік выконваў рытуальныя паслугі — арганізацыю пахаванняў, продаж трунаў, вянкоў, свечак і крыжоў. Пры гэтым частка працы, звязаная з капаннем магіл, пераносам трунаў і суправаджэннем памерлых, насіла фізічна цяжкі характар. У падатковых органах гэта выклікала падазрэнні, бо было мала верагодна, што такую працу выконваюць выключна жанчыны.

Праверка, якую правялі органы Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь Брэсцкай вобласці, паказала, што насамрэч прадпрымальнік залучаў да працы як мінімум двух мужчын, але афіцыйна іх не афармляў. Ім выплачвалі грошы «ў канвертах» — без уліку ў бухгалтарскіх дакументах, без утрымання падаткаў і без выплат у фонд сацыяльнай абароны.

Суд прызнаў такія дзеянні парушэннем. Прадпрымальніку прызначылі штраф сумай 50 базавых адзінак (прыкладна 2250 беларускіх рублёў на той момант), а таксама канфіскацыю часткі даходу, атрыманага ад незаконнай дзейнасці — каля 5%, што склала амаль 9763 рублі.

Акрамя штрафу, яму таксама прапанавалі даплаціць падаткі за работнікаў, якіх ён не афармляў афіцыйна, уключаючы падаходны падатак і абавязковыя ўзносы. У агульным ліку нявыплачаныя падатковыя абавязкі перавысілі 16,5 тысячы рублёў.

Чытайце таксама:

Мінчука судзілі за перапродаж квіткоў на хакей

КДК расказаў пра схему незаконнага вываду грошай у беларускім шоу-бізнэсе

Падатковая наведалася да вядомага мінскага блогера-гаражніка. Кажуць, што той працаваў нелегальна

Улады засакрэцілі фінансавую справаздачнасць медыяхолдынга нявесткі Лукашэнкі

Каментары да артыкула