«Некалькі стрэлаў з блізкай адлегласці і адзін — каб дабіць». Польская паліцыя шукае забойцу мастака Сямёна Скрапецкага
Усяго было затрымана тры чалавекі, адзін з якіх ужо адпушчаны.
Паліцыя працягвае шукаць забойцу расійскага мастака і блогера, які загінуў 15 чэрвеня ў Белай-Падляшскай, піша Most.
Праваахоўнікі абверглі інфармацыю, што да забойства мае дачыненне мужчына, затрыманы каля ўваходу ў консульства Беларусі. Усяго было затрымана тры чалавекі, адзін з якіх ужо адпушчаны.
— Злачынца ўцёк з месца здарэння, — сказаў Wyborczej Анджэй Фіёлэк з паліцыі Люблінскага ваяводства.
— У ходзе маштабных паліцэйскіх аперацый адбылося затрыманне двух грамадзян Беларусі ў раёне консульства Беларусі ў Белай-Падляшскай. Удзел і сувязь гэтых мужчын з інцыдэнтам з’яўляюцца прадметам інтэнсіўнага высвятлення, — паведамілі Onet.pl следчыя.
Пакуль ніводнаму з беларусаў не выстаўлена абвінавачанняў. Раённая пракуратура ў Белай-Падляшскай перадасць справу акруговай пракуратуры ў Любліне. Следства распачата па факце забойства з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі.
Паліцыя Белай-Падляшскай паведаміла, што ў горадзе знятыя блокпасты на выездах. Па рашэнні ваяводскага каменданта паліцыі ў Любліне створана спецыяльная следчая група. Супрацоўнікі звяртаюцца да кіроўцаў, якія ў панядзелак паміж 8:30 і 10:30 рухаліся аўтамабілямі з відэарэгістратарамі, з просьбай перадаць запісы.
Як распавёў парталу Onet ананімны супрацоўнік польскіх службаў, мужчыну забілі стрэламі з блізкай адлегласці.
— Гэта выглядала як пакаранне. Некалькі стрэлаў з блізкай адлегласці і адзін — каб дабіць, — сказала крыніца. — Расіянін шмат пісаў у сацыяльных сетках пра тое, дзе ён будзе. На жаль, быў лёгкай цэллю, — дадаў ён.
Нагадаем, 15 чэрвеня каля 10 раніцы ў Белай-Падляшскай, быў забіты 44‑гадовы антыпуцінскі мастак-карыкатурыст, бард, акцыяніст і блогер Сямён Скрапецкі (сапраўднае імя — Роберт Кузаўкоў). У сваіх работах і перформансах ён крытыкаваў расійскія ўлады, у тым ліку Уладзіміра Пуціна і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Некаторыя з яго работ былі прысвечаныя Аляксандру Лукашэнку.
Чытайце таксама:
Якія карыкатуры на Лукашэнку рабіў забіты ў Польшчы расійскі мастак