Польская паліцыя падчас расследавання забойства расійскага мастака затрымала двух беларусаў
Польская пракуратура паведаміла пра затрыманне двух беларусаў, 33 і 37 гадоў. Іх удзел у забойстве пакуль не пацверджаны.
Забіты Сямён Скрапецкі
Пракуратура Белай-Падляшскай агучыла афіцыйныя дэталі расследавання забойства 44‑гадовага расійскага мастака-карыкатурыста Сямёна Скрапецкага.
Напад адбыўся ў панядзелак, 15 чэрвеня, каля 9:45 раніцы на паркоўцы і тратуары каля дома мастака па вуліцы Каралевы Ядвігі.
Забойца зрабіў тры кантрольныя стрэлы
Забойца дзейнічаў з асаблівай жорсткасцю: спачатку ён двойчы стрэліў у Скрапецкага з пісталета ззаду, а калі той упаў на зямлю, падышоў упрытык і зрабіў яшчэ тры кантрольныя стрэлы, пасля чаго збег.
Мастак памёр на месцы.
Эксперты налічылі на яго целе сем агнястрэльных ран у вобласці галавы, грудзей і спіны. На месцы злачынства знайшлі пяць гільзаў і кулю калібру 9 мм.
Адразу пасля забойства ў горадзе абвясцілі поўны збор паліцыі і план перахопу.
У выніку каля будынка Консульства Рэспублікі Беларусь у Белай-Падляшскай паліцыянты затрымалі двух грамадзян Беларусі ва ўзросце 33 і 37 гадоў. Іх датычнасць да забойства пакуль не даказаная.
Пракуратура пакуль устрымліваецца ад агучвання канкрэтных версій забойства, спасылаючыся на таямніцу следства.
Чытайце таксама:
Якія карыкатуры на Лукашэнку рабіў забіты ў Польшчы расійскі мастак