БЕЛ Ł РУС

Як жывуць Маўшукі з Пінска — у 2020‑м мужа і жонку пасадзілі, а дзяцей збіраліся адправіць у прытулак

23.07.2026 / 09:00

Вера Белацаркоўская

У 2020‑м шмат гаварылі пра пінскую сям’ю будаўніка Сяргея і санітаркі Алены Маўшукоў: маму і тату пасадзілі за пратэсты, а іх малых дзяцей ледзь уратавалі ад прытулка. Мы пагутарылі з Аленай Маўшук пра тое, што ў іх чуваць.

Алена і Сяргей Маўшукі ў Вільні пасля вызвалення. Фота: архіў суразмоўцы

«Байсол» зладзіў збор грошай для сям'і, каб падтрымаць пару пасля выхаду Сяргея. Паўдзельнічаць можна тут.

Сяргея і Алену Маўшукоў затрымалі яшчэ 10 жніўня 2020‑га за ўдзел у паслявыбарчых пратэстах. 9 жніўня Маўшукі выйшлі да пінскага гарвыканкама, каб даведацца вынікі галасавання, і аказаліся ў цэнтры сутычкі з сілавікамі. Алена падышла да шарэнгі сілавікоў і ўдарыла па шчытах рукамі і драўляным калком, не застаўся ўбаку і Сяргей.

Маўшука ў выніку асудзілі на 6,5 года зняволення, яго жонку — на 6 гадоў. Абое трапілі на строгі рэжым да рэцыдывістаў — адгукнулася няпростае мінулае.

Але ж выйшлі на свабоду Маўшукі раней. Алену дэпартавалі ў Літву 12 лютага 2025-га, Сяргея — 19 сакавіка 2026-га.

Цяпер Алена і Сяргей жывуць разам у Вільні. Алена працуе прыбіральшчыцай у трэнажорнай зале, яе муж толькі ў бліжэйшыя тыдні атрымае дазвол на жыхарства і тады зможа афіцыйна працаваць.

Справа для яго знойдзецца, упэўненая Алена:

«Калі атрымае літоўскі ДНЖ, то знойдзе сябе, ён жа плітачнік, будаўнік. Мы праз гэта не хвалюемся».

Жанчына ўспамінае, як упершыню за амаль шэсць гадоў пабачылася з мужам:

«Пазванілі, сказалі, што яго вязуць у Літву. Я ўзяла таксі, сустрэла яго, паехалі дахаты…

Цяжкавата было маральна, пакуль ён не апусціўся на зямлю і не зразумеў, дзе ён знаходзіцца і што ён на волі. Я разумею, што я, напэўна, таксама такая была пасля турмы. Прайшоў час, і ён трохі сарыентаваўся, горад вывучыў, хадзілі з ім па Вільні — недзе я яго вадзіла, недзе ён адзін гуляў».

Алена расказвае, што балючая тэма для іх сям’і — агульная малодшая дачка, 10‑гадовая Карына. Іншыя яе дзеці дарослыя, са сваімі сем’ямі, і Маўшукі разумеюць, што тыя не захочуць выязджаць з Беларусі. 

У Алены ёсць 16‑гадовая дачка Ангеліна — як і Карына, яна жыве ў сваякоў. Але ж Ангеліна скончыла 9 класаў і паступае ў 10-ты, таму Алена з мужам вырашылі яе не чапаць — маўляў, няхай вучыцца. Аднак малодшую, адзіную агульную дачку Алены і Сяргея, пара ўсё-ткі хацела б перавезці ў Вільню, каб «яна пабачыла іншае жыццё — мо ў яе б тут нешта выйшла».

Алена кажа, што Сяргей часта згадвае малую.

«Гэта яго адзіная дачка, і так выйшла, што ён яе не гадаваў праз турму […] Бываюць зрывы, калі ён пачынае казаць — як хачу дачушку абняць, як хачу дачушку звадзіць пагуляць… Гэта вельмі цяжка», — дзеліцца жанчына.

І Сяргей, і Алена былі выдвараныя з краіны, таму не маюць магчымасці прыехаць і забраць дачку, якая знаходзіцца пад апекай у старэйшай дачкі Алены. Бацькі Карыны спрабавалі хаця б знайсці адваката, каб той прадстаўляў інтарэсы Маўшукоў — але адвакаты кажуць, што Алене трэба прыехаць і на месцы падпісаць дамову:

«Калі суд будзе мне вяртаць дзіця з апекі, я таксама павінна буду на судзе прысутнічаць. Шмат складанасцяў. А калі я кажу, што не магу прыехаць, што мне з палітычных прычын забаронена ўязджаць у Беларусь, мне адразу адмаўляюць».

Каб знайсці нейкі выхад, Маўшукі нават гутарылі з амерыканскімі перамоўнікамі ў пасольстве. Алена кантактуе з дачкой па відэасувязі і кажа, што і Карыне няпроста:

«Дзіця таксама нервуецца, гэта заўважна, калі мы гутарым з ёй. Яна вельмі тату любіць, ёй таксама хочацца хутчэй сустрэцца».

Чытайце таксама:

Пры спрыянні ЗША вызвалілі шматдзетную Алену Маўшук — санітарку бальніцы, якая на пратэстах у Пінску ўдарыла калом па сілавіках

«Мянты хадзілі па галовах звязаных людзей». Экс-палітвязень пра пінскую справу, год у ШІЗА і турэмную салідарнасць

«Я павешуся». Мужа і жонку з пінскай справы яшчэ не асудзілі, але ўжо забіраюць дзяцей — чаму? Дэталі драматычнай гісторыі

Каментары да артыкула