«Мянты хадзілі па галовах звязаных людзей». Экс-палітвязень пра пінскую справу, год у ШІЗА і турэмную салідарнасць
«Пінская справа» стала адной з самых масавых і беспрэцэдэнтна жорсткіх у гісторыі беларускіх пратэстаў. Адзін з яе фігурантаў, Вячаслаў Рагашчук, у прамым сэнсе адбіваў мірных людзей ад АМАПу вечарам 9 жніўня 2020 года. Былы палітвязень прабыў у зняволенні шэсць гадоў, страціў бізнес і сям’ю, атрымаў 57 рапартаў ад адміністрацыі калоніі і правёў 237 сутак у карцары. У Пінскім аддзяленні міліцыі пінчука збівалі да страты прытомнасці і свядома адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе. Вячаслаў распавёў «Вясне» пра турэмную салідарнасць, дапамогу Алесю Пушкіну ў яго апошнія дні і пра тое, чаму ні пра што не шкадуе.

— Давайце пагутарым пра цяперашні час, адаптацыю і жыццё ў Варшаве. Як вы сябе адчуваеце цяпер, як праходзіць ваш звычайны дзень?
— Цяпер у мяне жыццё вельмі наладжваецца. Я не баюся, што мяне зноў пасадзяць у турму. Хаця былі такія намёкі, калі я станавіўся на нагляд у Беларусі: мне сказалі рыхтавацца, што паеду далей сядзець. Цяпер усё нармальна. Медыцынай займаюся, на працу хаджу — будую драўляныя каркасныя дамкі. Нармальная праца, годны заробак. Мне падабаецца. Па вечарах гуляю па Варшаве, па цэнтры. Аглядаюся. Разумею, што буду жыць тут, напэўна, да канца жыцця. Выйшаў я 25 лютага 2026 года, а прыехаў у Варшаву 18 сакавіка. Зусім нядаўна.
— Цяпер вы жывяце ў шэлтары. Як уладкаваны ваш побыт тут? Ці дапамагае такое асяроддзе — быць побач з людзьмі з падобным досведам?
— У шэлтары жывуць людзі, якія прайшлі практычна тое ж самае, што і я. Некаторыя ў калоніі былі, некаторыя на «хіміі» з накіраваннем, некаторыя проста своечасова з’ехалі, інакш таксама сядзелі б у лагеры. Добры калектыў, у нас няма непаразуменняў. Дапамагаюць нам прадуктамі. Мы размаўляем, збіраемся, каб абмеркаваць нейкія праблемы.
— Ці цяжка было пачынаць усё з нуля ў новай краіне?
— Было цяжка. З працай дапамог мой сябар, ён таксама адбываў пакаранне ў адной калоніі са мной — у ПК-22 «Ваўчыныя норы», толькі ён вызваліўся ў 24-м. Калі я прыехаў, ён даведаўся, што я ў Варшаве, адразу мяне знайшоў, падказаў, куды ўладкавацца. Усюды добра, калі шмат сяброў.
Як ты жыў у калоніі, так да цябе ставяцца і пасля вызвалення. Тут у Варшаве знаходзіцца вельмі шмат хлопцаў, якія са мной адбывалі пакаранне, я з усімі маю зносіны, у мяне ёсць практычна ўсе іх кантакты.
Я адчуваю сябе тут у абсалютна поўнай бяспецы. Народ прыязны, ніхто нідзе не канфліктуе. Паліцыя не ходзіць па дварах, каб цябе затрымаць, як у Беларусі. Тут усё па-іншаму, адэкватная краіна.
— З якімі галоўнымі цяжкасцямі вы сутыкаецеся пасля выезду з Беларусі?
— Усё залежыць ад чалавека. Калі табе ўсё цікава, то будзе лёгка давацца [адаптацыя]. Цяжкасці ёсць з банкамі: рахунак адкрыць нельга, картку, банкаўскія паслугі недаступныя. У астатнім гэта чыста адаптацыя.
Вельмі складана першы час адаптавацца да зносін з людзьмі пасля калоніі, таму што свой максімальны тэрмін, 6 гадоў, я адсядзеў ад званка да званка.
Я размаўляю з усімі, у мяне атрымліваецца, але пра што ім расказваць? Я імкнуся не расказваць пра калонію, толькі калі людзі самі цікавяцца — тады распавядаю. Мне проста не хочацца ўспамінаць тыя часы.
Я разумею адно: калі б я застаўся ў Беларусі, маім бацькам і блізкім было б нашмат цяжэй ад таго, што я зноў сяджу ў калоніі. Там практыкуюцца розныя метады. Мне лепш быць тут.
— Як распавядалі некаторыя экс-палітвязні, зняволенне зруйнавала іх сем’і. Ці паўплывалі 6 гадоў няволі на вашыя стасункі ў сям’і?
— Я выйшаў з калоніі, мяне сустракала маці і родная сястра. Жонка не сустракала. На той момант яна са мной не развялася, і я думаў, што ў мяне ўсё будзе нармальна, а атрымалася вось так.
Яна пастаянна прыязджала на спатканні, нічога не казала. Для мяне было б лепш, калі б мне адразу сказалі праўду. Калі чалавек выходзіць з калоніі і даведваецца такое, могуць быць розныя рэакцыі — псіхалагічна неўраўнаважаны мог бы нарабіць спраў.
Я ўсё ўспрыняў нармальна, пагаварыў з ёй і прыняў для сябе рашэнне, што мне прасцей пачынаць жыццё нанова.

Нармальны, адэкватны мужык у такі момант абараніў бы жанчын і дзяцей, тым больш яны прыйшлі туды наогул без нічога
— Давайце вернемся ў жнівень 2020 года. Што вы памятаеце пра падзеі ў Пінску?
— Са сваёй «падзельніцай» (як сказалі мянты) Аленай Маўшук мы ўдваіх першыя пабеглі абараняць людзей, калі іх акружылі і пачалі збіваць. Каля Пінскага гарвыканкама стаялі жанчыны, мужчыны, дзеці. Яны чакалі падліку галасоў. Стаялі, размаўлялі, не крычалі, нічога такога не рабілі. Людзей было няшмат. З боку скверыка іх узяў у кола АМАП і пінскія праваахоўныя органы.
Былі сілавікі ў абмундзіраванні і ў форме без апазнавальных знакаў. Людзей проста атачылі і пачалі вельмі моцна сціскаць кола, пачалася цісканіна. Мянты пачалі збіваць людзей.
Адзін мужчына вырваўся праз парапет, увесь у крыві, і пачаў уцякаць. Я гэта ўбачыў і пабег абараняць. Праз пару хвілін пабеглі астатнія. Нам удалося адсунуць кола каля праходу, і людзі (дзеці, жанчыны) пачалі адтуль уцякаць. Было вельмі сур’ёзна. Нармальны, адэкватны мужык у такі момант абараніў бы жанчын і дзяцей, тым больш яны прыйшлі туды наогул без нічога.
— Гэта быў ваш першы ўдзел у пратэстах? Якой была атмасфера ў горадзе ў тыя дні?
— Я браў удзел пару разоў у дзясятым годзе, калі Мілінкевіч балатаваўся ў прэзідэнты. Ён прыязджаў у Пінск, я з ім меў зносіны. Я даўно разумеў, што ўлада хлусіць. Прыходзіў, калі збіралі подпісы. Але ў нас у горадзе ніколі не было такіх дэманстрацый і такой жэсці, як у жніўні 2020 года. Тады, у дзень выбараў, атмасфера была звычайная, прыязная: людзі выйшлі ў горад паслухаць вынікі выбараў, радаваліся. Ніхто нікога не біў, людзі паміж сабой не лаяліся, п’яных не было.
Я не ведаю, чаму гэтыя ўроды-сілавікі пачалі займацца гвалтам. Народ ім гэтага не дараваў. У нас у Пінску вельмі шмат народа заўсёды галасавала супраць Лукашэнкі, таму што ўсе ведалі, што ён фальсіфікуе выбары.
Як толькі адчыніліся дзверы ва ўчастак, я пачуў, што ўвесь ўчастак крычыць. Уся падлога там была ўслана звязанымі людзьмі, якія ляжалі адзін на адным, і па іх, па галовах і руках, хадзілі супрацоўнікі
— Як адбылося ваша затрыманне? Вы чакалі, што за вамі прыйдуць?
— Гэта адбылося ўвечары 10 жніўня 2020 года.
9‑га чысла ўсіх мянтоў у горадзе разагналі, яны пахаваліся. Прыляцеў спецназ на верталётах, яго таксама разагналі, і яны ўцяклі хавацца ў гарвыканкам.
Увечары 10 жніўня я ішоў па горадзе з роднай сястрой і пляменнікам (яму было 12‑13 гадоў). Пад’ехала серабрыстая «Лада», адтуль выбеглі чацвёра ў звычайным адзенні. Яны адразу адштурхнулі пляменніка, ён упаў.
Я мог бы ад іх адбіцца, яны б мяне не затрымалі. Але я вырашыў, што лепш няхай пляменнік з сястрой ідуць дамоў, а я паеду з імі. Яны надзелі мне забароненую пластыкавую сцяжку, моцна пераціснулі рукі, пасадзілі на задняе сядзенне пасярэдзіне.
Адразу ж нанеслі ўдар у бок вуха, у мяне пайшла кроў. Пасля гэтага нанеслі яшчэ 5‑6 удараў у вобласць галавы. Яны забіралі проста ўсіх запар на вуліцы.
— Што адбывалася, калі вас прывезлі ў міліцыю?
— Прывезлі мяне на Кірава, 53, у ГАУС.
Там стаяла шарэнга супрацоўнікаў спецназа ў абмундзіраванні, са шчытамі і дубінкамі, чалавек па 15 з кожнага боку. Я ішоў праз гэты калідор, і яны мяне збівалі.
Як толькі адчыніліся дзверы ва ўчастак, я пачуў, што ўвесь ўчастак крычыць — крычалі людзі, якіх збівалі. Унізе быў вялікі цір, і, як аказалася, уся падлога там была ўслана звязанымі людзьмі, якія ляжалі адзін на адным, і па іх, па галовах і руках, хадзілі супрацоўнікі.
Мяне завялі на другі паверх. На падлозе з кафлі ляжала каля 10 чалавек, былі лужыны крыві. Я зразумеў, што мне хутка капец. Галава ў мяне распухла і была ў тры разы большая, чым звычайна.
Кроў з вуха цякла аж да 18 жніўня.
Мяне кінулі на падлогу, хвілін праз пяць падышлі 8‑9 мясцовых мянтоў. Адразу нанеслі ўдар дубінкай па хрыбетніку. Я перастаў адчуваць рукі і ногі, падумаў, што зламалі хрыбетнік. Я пачаў з імі лаяцца: за што яны мяне збіваюць і займаюцца беззаконнем?
Яны былі без масак. Я павярнуў галаву і пазнаў дваіх: адзін вучыўся з маім сябрам, другі займаўся спортам. Калі адзін з іх зразумеў, што я яго пазнаў, не ведаў куды дзецца. Яны збівалі мяне рукамі і нагамі хвілін 20-40, білі па галаве, па баках, па нагах.
— Яны хоць неяк рэагавалі на вашыя словы ці проста працягвалі біць?
— Яны збівалі, потым перасталі.
У гэты момант я пачуў крык дзяўчыны: «Не чапайце мяне, што вы робіце!» У кут, дзе стаяла сметніца, паляцелі яе майткі і станік. Я павярнуўся і кажу: «Вы не ахрэнелі? Займаецеся глупствам». За гэта мяне зноў пачалі збіваць. Крыку дзяўчыны я больш не чуў. Так я праляжаў звязаны ў калідоры да 4‑й раніцы. Перыядычна раз у дзве-тры гадзіны яны прыходзілі і збівалі мяне і яшчэ дваіх мужыкоў. Потым мяне зацягнулі ў пінскі ІЧУ.
— Вы фіксавалі пабоі?
— Так, 14 жніўня мой адвакат прывёў судмедэксперта. Ён зафіксаваў усё на відэа і фота.
Было рассячэнне на галаве, застаўся шнар пад валасамі. Гематома была велізарная, на баку засталося ўздуцце.
У мяне ёсць дакументы аб зняцці пабояў і аб завядзенні крымінальнай справы на супрацоўнікаў ГАУС. Але справу замялі. Аргументавалі тым, што нібыта відэакамеры ў той дзень не працавалі з-за моцнай навальніцы, хаця неба было яснае. І таму нібы немагчыма дакладна высветліць, ці сапраўды мяне збівалі.
Калі мяне толькі прывезлі ў Баранавіцкае СІЗА, супрацоўнік паглядзеў на мяне і спытаў, адкуль мяне такога прывезлі, таму што ў такім стане яны не маюць права прымаць.
Я адказаў: «Гэта вашы калегі ў Пінску збілі». Ён падумаў і кажа: «Добра. Так і запішам, што ты ўпаў з ровара».
Там усё было куплена, яны адзін аднаго прыкрывалі. Карупцыя і кругавая парука.
— Як доўга вы былі ў ІЧУ і СІЗА? Ці вам аказвалі медычную дапамогу?
— У ІЧУ я сядзеў з 10 па вечар 14 жніўня. У камеры на 4 месцы нас было 17 ці 18 чалавек. Спалі па двое на ложку. Моцна збітыя пастаянна ляжалі, іншыя стаялі або мяняліся. Некаторыя наогул не маглі прысесці з-за адбітых органаў.
На працягу чатырох сутак мяне пастаянна выводзілі на допыты і па дарозе збівалі.
Аднойчы падвесілі за кайданкі на трубу, я вісеў дзве гадзіны.
Туалета не было — проста вядро ў куце. Ваду давалі піць жорстка хлараваную, непрыдатную для піцця.
У СІЗА Баранавічаў я прасядзеў каля года. Ніякай меддапамогі не было. У калоніі лекары прыязджалі раз на паўгода, я запісваўся на прыём, але маё прозвішча выкрэслівалі са спісаў.
Зімой 2020 года ў СІЗА лекар прынёс мне таблетку проста ў паперцы. Я выпіў, ноччу мяне скруціла курчамі, думаў, памру. На раніцу ванітавала крывёю. Пасля гэтага вырашыў у іх таблеткі не браць.
У перадачах лекі былі забароненыя. Толькі аднойчы, ужо ў калоніі, мне дазволілі атрымаць медычную бандэроль з лекамі ад бацькоў.
Пазней у мяне ў СІЗА быў выпадак страты прытомнасці: ціск зашкаліў, трэсла. Лекар прыйшоў праз 20 хвілін, зрабіў укол і сказаў, што гэта, напэўна, быў мікраінсульт. Анямеў мезенец. Ніякіх абследаванняў не праводзілі.
У СІЗА ўмовы былі цяжкія: на вокнах «вейкі» (жалезныя жалюзі), святла і паветра няма. На падлозе ў камеры была кафля, пастаянны холад.
Кожны дзень у 11 раніцы прымушалі мыць камеру. Незалежна ад таго, збіты ты ці не — мыюць усе. Інакш карцар. Пасля ўборкі стаяла моцная сырасць. Але мы жылі калектыўна, дапамагалі адно аднаму.

— Вы прайшлі вельмі моцныя выпрабаванні. Адкуль вы бралі сілы трымацца?
— Я разумеў, што на волі мяне чакаюць бацькі, сястра, дзеці. Вырашыў для сябе, што мушу выйсці нармальным чалавекам. Я і сам дапамагаў хлопцам у камеры. Калі лютаваў каронавірус, каранціну не было. Я меў зносіны з хворымі, але не захварэў. Ад прышчэпак адмаўляўся, за што сядзеў у ШІЗА.
Першы час лісты да мяне не даходзілі. Неяк прыйшоў цэнзар, прынёс адразу каля 20 лістоў ад абсалютна незнаёмых людзей, сказаў «выбачай» і аддаў іх. Астатнія лісты, відаць, знішчаліся. Я разумеў, што людзі мяне падтрымліваюць.
— Распавядзіце, як праходзіў суд, што казалі падчас пасяджэння іншыя фігуранты «пінскай справы»?
— Нас было 14 чалавек, усе звычайныя грамадзяне, мы адно аднаго не ведалі і пазнаёміліся ўжо толькі на закрыцці справы. Была жанчына з пяццю дзецьмі, яе судзілі разам з мужам. Справа была сфальсіфікаваная, усё вырашана загадзя. На мяне завялі 1, 2 і 3 часткі 293 артыкула (масавыя беспарадкі), але даказалі толькі другую.
На допытах мяне збівалі, патрабавалі прызнацца, дзе я схаваў 20 долараў, якія мне нібыта заплацілі. Я адказваў: «Гэта вам, напэўна, заплацілі, каб вы людзей білі».
Я не хаваў, што ўжыў сілу да міліцыі. Я правільна зрабіў: адзін раз яны цягнулі дзіця за вуха, я яго забраў і адправіў дамоў.
Другі раз трое сілавікоў са шчытамі збівалі дзяўчыну, якая сядзела на асфальце. Я адагнаў іх брусам, які ляжаў на зямлі.
Мяне апазналі ў ГАУС. На судзе мянты плакаліся і патрабавалі грошай (матэрыяльнай кампенсацыі). Калектыўная позва склала каля 278 тысяч рублёў. У шмат каго з падзельнікаў бацькі бедныя. Мае бацькі пагашалі гэты іск: прадалі мой бус, грузавік, легкавую машыну, спісалі грошы з рахункаў.
— Як вас сустрэлі ў калоніі і кім вы там працавалі?
— 19 ліпеня 2021 года мяне ў кайданках прывезлі ў ПК-22. У каранцін нас заехала 22 чалавекі, былі і палітычныя. Сілавікі ў калоніі мяне памяталі, называлі «БЧБ-шнік» і «змагар». Я ім адказваў, што нармальны чалавек на маім месцы паступіў бы гэтак жа, інакш як бы я потым глядзеў у вочы бацькам. Многія мянты разумелі, што адбываецца, але баяліся падаваць выгляд.
У калоніі я працаваў усюды: круціў дрот, качагарам, на дрэваапрацоўцы, у сталярцы. За час тэрміну зарабіў усяго 1837 рублёў (каля 500 долараў). Але ў месяц выходзіла 80 капеек, бо ўсе грошы ішлі на пагашэнне позвы.
Галоўнае ў ШІЗА — не падаваць выгляд, што табе дрэнна. Інакш мянты будуць пастаянна цябе гэтым ціснуць. З-за гэтага ціску ламалася псіхіка, я бачыў людзей, якія проста з’ехалі з глузду
— Вы амаль год правялі ў ШІЗА. За што туды адпраўлялі і як вы гэта перажылі?
— За 5 гадоў у мяне было 57 рапартаў. Практычна год — 237 сутак — я адсядзеў у ШІЗА. Максімум у мяне было 20 сутак запар. Саджалі спецыяльна ў міжсезонне: калі батарэі халодныя, а на вуліцы мароз.
Рапарты пісалі за ўсё: няправільна павітаўся, прыправа ў тумбачцы, лісцік чырвонай гарбаты каркадэ на дне сумкі, 59 пачкаў цыгарэт у сумцы замест 60 паводле вопісу (хаця 60‑ы пачак быў у мяне ў кішэні). Аднойчы напісалі «рапарт па дамафоне»: я паведаміў на КПП у дамафон, што мяне «кіляшнулі» ў іншы атрад, яны расцанілі гэта як нецэнзурную лаянку.
Адзін раз мне напісалі адразу тры парушэнні ў адным рапарце за тое, што я вёз дровы на вазку ў качагарку, хаця ў мяне быў на гэта дазвол.
Я прыйшоў на камісію і сказаў: «Давайце мне ПКТ, я не збіраюся сядзець у вашым цырку». Яны пакрычалі, сказалі, што не мне тут вырашаць, і выгналі.
Самае цяжкае ў ШІЗА — гэта лета, калі ў камеры душна і няма чым дыхаць. А калі холадна, я не моцна мёрз. А вось мой сябар адбыў 17 сутак восенню, і потым два месяцы не мог сагрэцца.
Галоўнае ў ШІЗА — не падаваць віду, што табе дрэнна. Інакш мянты будуць пастаянна цябе гэтым ціснуць. З-за гэтага ціску ламалася псіхіка, я бачыў пецярых чалавек, якія проста з’ехалі з глузду. Аднаго 18‑гадовага ўкраінца накачалі таблеткамі так, што ў яго сліна цякла, потым далі 411 артыкул і дадалі 8 месяцаў да тэрміну.
У калоніі я вельмі шмат чытаў. «Архіпелаг ГУЛАГ», кнігі Акуніна, «Крыжакі» Сянкевіча. А потым перастаў чытаць, больш меў зносіны з людзьмі. Ратаваў гумар — усе жылі на прыколах, без смеху там не выжыць.
Я казаў ім у вочы, што каяцца не збіраюся, бо паступіў правільна. Перад кім прасіць памілавання? Перад прэзідэнтам, які на мой погляд, не прэзідэнт?
— Вам прапаноўвалі пісаць прашэнне аб памілаванні?
— З 2022 года раз у год прыязджалі супрацоўнікі КДБ ці ГУБАЗіК. Патрабавалі запісаць відэа і напісаць прашэнне аб памілаванні. Я адмаўляўся, казаў ім у вочы, што каяцца не збіраюся, што тады ў жніўні я паступіў правільна. І перад кім прасіць памілавання? Перад прэзідэнтам, які, на мой погляд, не прэзідэнт? Пасля кожнага іх візіту мяне адпраўлялі ў ШІЗА.
— Ці вы адчувалі салідарнасць у калоніі і як яна праяўлялася?
— У калоніі ўсе падтрымліваюць адзін аднаго. Табе адмыслова вешаюць «злоснага парушальніка», абмяжоўваюць пакупкі ў краме да 84 рублёў у месяц. Цэны там завоблачныя. Гародніны і вітамінаў няма. Перадачы забараняюць рапартамі. Калі ў цябе чагосьці няма, хлопцы дзеляцца з табой, калі ў іх няма — ты даеш ім. Па-іншаму там не выжыць.
Я заўсёды дапамагаў палітвязням. Перадавалі рэчы адно аднаму асцярожна, каб ніхто не ведаў, інакш пакараюць.
Калі Алеся Пушкіна везлі ў крытую турму, мы з Дзімам Рэзановічам дапамаглі яму сабрацца. Ён паехаў нармальна. А потым мы даведаліся вельмі нядобрую навіну — ён памёр. Хлопцы з суседняй камеры расказалі, што да яго спецыяльна двое сутак не пускалі лекара.

— Ці шкадуеце вы аб чым-небудзь цяпер, гледзячы на падзеі мінулага?
— За гэтыя шэсць гадоў я страціў сям’ю, пазбавіўся маёмасці. Але калі б адматаць час назад, ведаючы, праз што прыйдзецца прайсці, я б усё адно паступіў сапраўды гэтак жа. Я паступіў па сумленні, абараняў людзей.
Я ўпэўнены на 100 адсоткаў, што ўсе тыя, хто збіваў людзей і датычны да смерцяў, рана ці позна панясуць пакаранне — перад людскім судом або перад Божым. Бумеранг ім прыляціць.
У мяне ёсць шмат прозвішчаў мянтоў, якія варта было б занесці ў чорную кнігу Беларусі.
— Якія вашыя планы на жыццё цяпер?
— Зараз галоўнае — стаць на ногі, зарабіць грошы. У далейшым хачу пабудаваць кватэру, магчыма, ствару новую сям’ю.
Мы вельмі пасябравалі з хлопцамі па нашай справе, падтрымліваем сувязь.
З некаторымі, хто ўжо вызваліўся ці каго вывезлі, жывём у Варшаве, разам здымаем жыллё.
Я не хачу пастаянна ўспамінаць турму, я будую новае жыццё, і мяне ўсё задавальняе.
Каментары
100%. Карнікі прайшлі нейкі адмоўны адбор, калі ў іх няма гэтага натуральнага парыву або хаця б жадання спыніцца.
> У мяне ёсць шмат прозвішчаў мянтоў, якія варта было б занесці ў чорную кнігу Беларусі.
Не чакайце, расказвайце, пакуль ёсць памяць. Час пройдзе і людзі будуць менш памятаць.
Мабыць, не хапае структуры, якая б па сваёй ініцыятыве апытвала былых вязняў, дапамагала апазнаць супрацоўнікаў-карнікаў.