БЕЛ Ł РУС

Андрэй Сібіга: Украіна будзе прымаць люстраныя меры ў адказ на дзеянні Мінска

26.06.2026 / 17:23

Nashaniva.com

Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, што Кіеў будзе дзейнічаць па прынцыпе «люстранага адказу» на магчымыя крокі Беларусі. Паводле яго слоў, Украіна пакуль не чакае непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, але ўважліва сочыць за ўсімі патэнцыйнымі пагрозамі.

Андрэй Сібіга. Фота: AP Photo / Efrem Lukatsky

Андрэй Сібіга адзначыў, што Кіеў зыходзіць з таго, што беларускія ўлады не будуць уцягвацца ў вайну, бо разумеюць, што любыя варожыя дзеянні атрымаюць адпаведны адказ.

Ён таксама паведаміў, што напярэдадні Беларусь накіравала праз украінскую амбасаду ў Мінску ноту з прапановай увесці пэўны асаблівы рэжым наведвання памежнай зоны — дазволіць украінцам збіраць грыбы і ягады на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым, паводле слоў Сібігі, у дакуменце ёсць спасылкі на пагадненні, якія ўжо не дзейнічаюць, бо Украіна выйшла як з адпаведных дакументаў СНД, так і з двухбаковых дамоўленасцяў з Беларуссю. Дзяржаўная памежная служба Украіны ўжо афіцыйна паведаміла, што не зацікаўленая ў гэтай прапанове.

Міністр дадаў, што ўкраінскія разведвальныя і іншыя службы пастаянна кантралююць сітуацыю ў Беларусі. Паводле яго, яны аналізуюць змены ў беларускім заканадаўстве, рэарганізацыю вайсковых падраздзяленняў, колькасць войскаў каля ўкраінскай мяжы, сумесныя мерапрыемствы Беларусі і Расіі, а таксама магчымасць выкарыстання беларускай інфраструктуры для нападаў на Украіну.

Сібіга падкрэсліў, што папярэджанні, якія агучвае прэзідэнт Украіны, не з'яўляюцца пустымі заявамі, і беларускія ўлады павінны гэта ўсведамляць.

Чытайце таксама:

Лукашэнка загадаў прапускаць у Беларусь украінскіх грыбнікоў і ягаднікаў. Ва Украіне адрэагавалі

Лукашэнка паляцеў у Расію да Пуціна

Зяленскі зацвердзіў 40‑дзённую аперацыю па змушэнні Расіі да міру

Зяленскаму далажылі пра разбудову вайсковай інфраструктуры ў Беларусі

Лукашэнка назваў украінскія войскі на мяжы з Беларуссю «механізатарамі і даяркамі»

«Трэба дамаўляцца істотна». Лукашэнка расказаў пра сустрэчу з прадстаўнікамі Зяленскага

Каментары да артыкула