ЗША збіраюцца выпускаць ракеты па «мадэлі McDonald’s»
На фоне нядаўніх баявых дзеянняў супраць Ірана ЗША пераглядаюць падыход да вытворчасці ўзбраенняў. Паводле інфармацыі Financial Times, Пентагон імкнецца наладзіць хуткі, танны і масавы выпуск ракет, параўноўваючы новую канцэпцыю з прынцыпамі працы сеткі McDonald's — стандартызацыяй, хуткасцю і маштабаваннем.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: lockheedmartin.com
Адным з прыкладаў стала амерыканская кампанія Co-Aspire, якая выкарыстоўвае 3D-друк для вырабу дэталяў ракет. Паводле кіраўніка кампаніі Дага Дэнені, гэта дазваляе значна паскорыць вытворчасць. Першую ракету кампанія сабрала за чатыры месяцы, другую плануе завяршыць за пяць.
Financial Times адзначае, што канфлікт выявіў праблему: ЗША вырабляюць адносна невялікую колькасць дарагіх ракет. Напрыклад, штогод выпускаецца каля 600 ракет Tomahawk, кожная з якіх каштуе каля 2,6 мільёна даляраў. Ракеты PrSM і JASSM таксама ацэньваюцца прыкладна ў 1,6—1,9 мільёна даляраў за адзінку.
Яшчэ адна кампанія, Castelion, ужо атрымала кантракт Пентагона на вытворчасць больш як 12 тысяч гіпергукавых ракет цягам пяці гадоў. У будучыні яна плануе выпускаць да 6 тысяч ракет штогод па цане каля 400 тысяч даляраў за адзінку, выкарыстоўваючы шырока распаўсюджаныя кампаненты з аўтамабільнай прамысловасці.
Па словах былога супрацоўніка Пентагона Майкла Гаравіца, амерыканская вайсковая прамысловасць доўгі час рабіла стаўку на дарагія і складана вырабляныя сістэмы ўзбраенняў, аднак сучасныя войны патрабуюць масавай вытворчасці.
У найбліжэйшыя пяць гадоў Вайскова-паветраныя сілы ЗША плануюць выдаткаваць каля 12 мільярдаў даляраў на закупку 28 тысяч ракет. Акрамя таго, дзейнічае праграма па набыцці 10 тысяч ракет наземнага базавання на працягу трох гадоў.
Разам з развіццём ракетнай вытворчасці ЗША таксама пашыраюць выпуск беспілотнікаў. У Пентагоне прызнаюць, што новыя, больш танныя ракеты могуць саступаць дарагім аналагам па дакладнасці і надзейнасці, аднак лічаць, што магчымасць хутка папаўняць запасы становіцца ўсё больш важным фактарам у сучасных канфліктах.
Чытайце таксама:
ЗША і Іран абмяняліся новымі ўдарамі, паставіўшы пад пагрозу перамір'е
Камандуючы войскамі ЗША ў Еўропе заявіў, што Пуцін не шукае вайны з НАТА