БЕЛ Ł РУС

Расія пачала ставіць антыдронавыя «мангалы» на падводныя лодкі Чарнаморскага флоту

3.07.2026 / 20:32

Nashaniva.com

Украінскія ўдары дронамі становяцца ўсё больш эфектыўнымі, і расійскім узброеным сілам даводзіцца абараняць тэхніку ўжо не толькі на перадавой і акупаваных тэрыторыях. Паводле даных брытанскай вайсковай разведкі, кратамі ад дронаў сталі закрываць падводныя лодкі на вайскова-марской базе ў Новарасійску, піша The Moscow Times.

Расійская падводная лодка класа Kilo (па класіфікацыі НАТА). Фота: Kremlin.ru

Украіна сваімі марскімі безэкіпажнымі катарамі фактычна выгнала Чарнаморскі флот Расіі з Крыма. Яго базай цяпер стаў Новарасійск, дзе, як сведчыць праведзены Міністэрствам абароны Вялікабрытаніі аналіз спадарожнікавых здымкаў, баявыя рубкі трох падводных лодак цяпер закрытыя антыдронавымі сеткамі. Здымкі былі зробленыя ў перыяд з 6 па 9 чэрвеня.

На адным са здымкаў ад 9 чэрвеня, які 2 ліпеня размясціла Мінабароны Вялікабрытаніі, бачныя дзве падводныя лодкі з сеткамі. У каментарыі разведчыкаў ведамства гаворыцца, што «амаль дакладна» аналагічную абарону неўзабаве атрымае і чацвёртая падводная лодка, якая знаходзіцца на базе. Такія сеткі ў расійскай арміі называюць «мангаламі»; іх ставяць для абароны ад дронаў, якія палююць за баявой тэхнікай, што знаходзіцца за лініяй фронту.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі

Падводныя лодкі класа Kilo (па класіфікацыі НАТА), пра якія пішуць брытанцы, — гэта дызель-электрычныя падводныя лодкі праекта 877 «Палтус» і ўдасканаленай версіі праекта 636 «Варшавянка». Яны з’яўляюцца аднымі з самых ціхіх няатамных субмарын у свеце, маюць 6 тарпедных апаратаў, здольныя запускаць крылатыя ракеты «Калібр-ПЛ», несці міннае ўзбраенне і пераносныя зенітныя комплексы.

У каментары Мінабароны Вялікабрытаніі ўдакладняецца:

«Гэтыя дзеянні практычна дакладна робяцца ў якасці папераджальнай меры ў адказ на ўсё большую здольнасць Украіны паражаць з дапамогай БПЛА цэлі, якія знаходзяцца на аддаленасці ад лініі фронту».

Базу ў Новарасійску Украіна раней таксама атакавала, у асноўным з дапамогай марскіх дронаў. Каб супрацьстаяць ім, маракі паставілі ў вадзе загароды. «Мангалы» ж, прызначаныя для абароны ад пагроз з паветра, сведчаць пра тое, што цяпер у Чарнаморскім флоце баяцца і налётаў БПЛА.

Пасля таго як УСУ ўзарвалі падчас паветранай атакі Маскоўскі НПЗ у Капотні, каля яго з’явіўся відавочна зняты з фронту зенітна-ракетны комплекс «Панцыр». Ён таксама быў абаронены «мангалам».

Чытайце таксама:

Расія перакінула для абароны Масквы комплексы СПА з фронту

Эпоха танкаў завяршаецца. Як і чаму Украіна хоча вярнуць іх на поле бою

УСУ апублікавалі відэа знішчэння дэсантных караблёў у бухце Севастопаля

Нямецкі генерал расказаў, куды НАТА будзе найперш біць па Расіі ў выпадку канфлікту

Каментары да артыкула