Эпоха танкаў завяршаецца. Як і чаму Украіна хоча вярнуць іх на поле бою
Танкі і агулам бранятэхніка імкліва трацяць сваю ролю на полі бою ў расійска-ўкраінскай вайне. Адбываецца гэта праз засілле танных і эфектыўных беспілотнікаў, у прыватнасці аптычна-валаконных, якія не даюць гэтай тэхніцы нават падысці да пярэдняга краю, не кажучы ўжо пра эфектыўную баявую працу. Але ў камандаванні УСУ настроеныя пераламіць трэнд на «ўразлівасць танкаў» у найбліжэйшы час, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Сучасныя ўзброеныя канфлікты па ўсім свеце ўсё больш ператвараюцца ў «войны дронаў». Танныя і эфектыўныя, яны выціскаюць на перыферыю баявых дзеянняў дарагія цяжкія браневікі. Некаторыя з вайсковых экспертаў агулам кажуць пра «завяршэнне эры танкаў», падкрэсліваючы тое, што гэта зброя «мінулых войнаў» і ў сучасных супрацьстаяннях яны ператвараюцца з перавагі ў цяжар. Праўда, гэтую пазіцыю не падзяляюць ва ўкраінскім генералітэце.
Эвалюцыя абароны
Больш за чатыры гады паўнамаштабнай вайны ва Украіне істотна «прарэдзілі» колькасць танкаў як аднаго, так і другога боку. Напрыклад, падлік украінскага Генштаба паказвае, што па стане на 3 чэрвеня Расія страціла амаль 37 тысяч адзінак бранятэхнікі: каля 12 тысяч танкаў і 24,7 тысячы баявых браняваных машын.
Па падліках міжнароднага аналітычнага праекта Oryx, Украіна за час вайны страціла амаль 6 тысяч адзінак бранятэхнікі, з якіх каля 1,4 тысячы танкаў. Гэта велізарныя лічбы, якія ў дзясяткі разоў перавышаюць усю колькасць бранятанкавага ўзбраення, напрыклад, такіх буйных еўрапейскіх краін, як Францыя і Германія.
Цяпер, каб абараніцца ад дронаў, вайскоўцам як Расіі, так і Украіны звычайна даводзіцца абшываць бранятэхніку масіўнымі металічнымі канструкцыямі — так званымі «мангаламі».

Часта нязграбныя і несамавітыя, яны хаця б даюць шанец давезці асабовы склад да пазіцый, вытрымаўшы некалькі траплянняў FPV-дронаў. Аднак гэтыя манструозныя канструкцыі істотна ўплываюць на праходнасць і эфектыўнасць танкаў і іншай «брані».
Гэта пры тым, што зараз іх і так пераважна выкарыстоўваюць не для наступальных аперацый, а для абаронных або як заменнік артылерыі, страляючы з закрытых пазіцый. Гэта калі танк страляе не прамой наводкай, а па каардынатах на плоскасці з укрыцця, мінімізуючы рызыку ўдару ў адказ ад праціўніка.
Пры гэтым нават такія аперацыі праводзяцца пераважна ў прыцемках ці пры дрэнным надвор'і, каб мінімізаваць рызыку выяўлення разведдронамі праціўніка.
Надышоў час змяняць абарону танкаў і спосабы яе прымянення ў сучаснай вайне, лічаць эксперты і вайсковае камандаванне.
Канец эпохі «мангалаў»
«Усе гэтыя «мангалы» — часовае рашэнне. Яшчэ далей нарошчваць іх не мае ніякага сэнсу», — гаворыць Украінскай службе Бі-бі-сі суразмоўца ва ўкраінскім вайсковым камандаванні.
Рэч у тым, што такія канструкцыі істотна абмяжоўваюць эфектыўнасць і саму сутнасць баявой працы бранятэхнікі. Яна траціць хуткасць, праходнасць, манеўранасць і не можа эфектыўна падтрымліваць наступ пяхоты на полі бою. Акрамя таго, далейшае нарошчванне знешняй абароны — тых самых рашэцістых дахаў над вежай танка, «парыкоў» з правадоў або прывараных металічных пліт па баках — можа прывесці да перагрузкі і паломкі машыны.
Спецыяліст па бранятанкавым узбраенні Мікола Саламаха кажа, што такая знешняя абарона ўжо важыць каля 3 тон. Гэта блізка да мяжы, калі танк перастане нармальна функцыянаваць.
«Для лёгкай бранятанкавай тэхнікі — МТЛБ, БМП, БТР — гэта (знешняя абарона. — Рэд.) павінна быць не больш за 1, 5‑2 тоны, для цяжкай тэхнікі, то-бок танкаў, не больш за 5 тон, — тлумачыць ён у размове з Украінскай службай Бі-бі-сі. — Далей пачынаюцца праблемы з хадавой часткай, падвескай, трансмісіяй і магутнасцю рухавіка. То-бок нарошчванне «мангалаў» да бясконцасці немагчымае».
Яшчэ адной праблемай з’яўляецца тое, што ахоўныя канструкцыі бранятэхнікі не ўніфікаваныя — кожнае падраздзяленне робіць іх такімі, якімі пажадае і з улікам уласных уяўленняў пра эфектыўнасць абароны.

Хоць у першыя гады паўнамаштабнай вайны ўкраінскія спецыялісты паспрабавалі распрацаваць уніфікаваны «капюшон» для бранятэхнікі. Гэта была складаная металічная канструкцыя з сетак, якая закрывала верхнюю частку машыны. Аднак пытанне іх масавага выкарыстання ўперлася ў якасць вытворчасці і матэрыялаў, кажа Мікола Саламаха.
«Каб яно працавала абсалютна карэктна, гэтыя сеткі павінны быць негаручыя, то-бок не павінны загарацца ад выбуху боепрыпасу, і не несці небяспеку для аб'екта, які яны абараняюць. Яны таксама павінны вытрымліваць некалькі паражэнняў з розных кірункаў», — кажа ён.
Па словах спецыяліста, зараз украінскія танкісты канструююць знешнюю абарону «брані», зыходзячы з наяўных матэрыялаў і ўласнага вопыту. Пра стварэнне камплектаў, якія будуць падыходзіць абсалютна для ўсіх танкаў і агулам браняванай тэхнікі, гаворка пакуль не ідзе.
Суразмоўца Украінскай службы Бі-бі-сі ў камандаванні УСУ кажа, што першыя мадэлі «мангалаў» ужо даўно не актуальныя, паколькі абараняюць танк толькі зверху, а ў апошнія гады імкліва вырасла колькасць паражэнняў бранятэхнікі ў ніжнюю частку. Гэта робіцца пераважна з дапамогай манеўраных аптычна-валаконных FPV-дронаў ці нават НРК (наземны рабатызаваны комплекс).
«Геймчэйнджар» вайны?
Калі далейшае нарошчванне пасіўнай абароны немагчымае, то трэба перайсці да актыўнай абароны бранятэхнікі. Гаворка пра стварэнне ўкраінскай сістэмы КАА (комплекс актыўнай абароны), якая б сама адсочвала і на адлегласці знішчала беспілотнікі (і іншыя пагрозы), якія атакуюць бранятэхніку. Гэта дазволіла б завесці «браню» назад у «кіл-зону» на фронце, наладзіць лагістыку і нават паспрабаваць вярнуцца до даўно забытых практык механізаваных штурмаў.
«Зараз у нашым фокусе — комплекс актыўнай абароны тэхнікі. Без яго немагчыма аднавіць манеўранасць войскаў», — заявіў Украінскай службе Бі-бі-сі прадстаўнік вышэйшага камандавання УСУ.
Па яго словах, ва ўкраінскіх распрацоўшчыкаў ужо ёсць перспектыўныя напрацоўкі, якія неабходна ў найбліжэйшы перыяд пратэставаць і давесці да практычнага выкарыстання.
Гэтыя сістэмы абароны, падкрэсліў ён, тычацца не толькі цяжкай брані, але і НРК, якія ў апошнія месяцы масава выкарыстоўваюцца для лагістыкі на фронце. Аднак значная частка іх знішчаецца ў «кіл-зоне» ад удараў варожых БПЛА, таму востра стаіць пытанне павышэння іх жывучасці.

У пачатку мая намеснік галоўнакамандуючага УСУ, брыгадны генерал Андрэй Лебядзенка заявіў, што ўкраінская сістэма КАА наогул можа стаць «геймчэйнджарам» вайны.
«Сёння кірунак актыўнай абароны ўзбраення і вайсковай тэхнікі ад варожых ударных дронаў з’яўляецца крытычна важным. Мы шукаем эфектыўныя рашэнні. Маем рухацца шляхам інтэлектуальных сістэм абароны, а не проста нарошчваць браню на цяжкай тэхніцы», — сказаў ён падчас канферэнцыі Drone Autonomy 2026.
Намеснік галоўнакамандуючага адзначыў, што неабходна аб'яднаць у адну сістэму як сродкі выяўлення і ідэнтыфікацыі дронаў, так і сродкі іх паражэння.
«У нас ужо ёсць асобныя элементы — сеткакідальнікі, разумныя турэлі — але яны не аб'яднаныя ў адзіную сістэму. Менавіта такая інтэграваная сістэма можа стаць тым геймчэйнджарам, які зменіць ход вайны», — заявіў генерал Лебядзенка.
Што такое КАА
Комплексы актыўнай абароны — гэта сістэма, якая ўключае ў сябе радыёлакацыйныя станцыі (РЛС) або аптычныя станцыі для выяўлення паветраных пагроз, вылічальную сістэму, якая іх адсочвае, ідэнтыфікуе і разлічвае траекторыі паражэння, і пускавыя ўстаноўкі ці турэлі, якія страляюць перахопнікамі, каб збіць пагрозы на падлёце.
Аднак гэтыя сістэмы пачалі ствараць, калі асноўнымі пагрозамі для «брані» былі супрацьтанкавыя гранаты і кіраваныя ракеты. Але як абараніць вялікія танкі ад маленькіх дронаў — гэта нявырашаная праблема, над якой зараз актыўна працуюць не толькі ўкраінскія, але вайсковыя спецыялісты іншых краін, у прыватнасці Расіі, ЗША, Германіі і Ізраіля.
Апошні найбольш прасунуўся ў гэтым пытанні, стварыўшы такія сістэмы КАА, як Trophy і Iron Fist. Яны ўжо прайшлі выпрабаванні на полі бою падчас баявых дзеянняў на Блізкім Усходзе. Створаныя на пачатку 2000-х, яны дэманструюць высокую эфектыўнасць супраць ракет і гранат, але іх выкарыстанне ў сучасных умовах супраць FPV паказала істотныя праблемы.

Так, у сацсетках можна пабачыць шмат кадраў бесперашкоднага паражэння ізраільскіх танкаў Merkava, абароненых сістэмай Trophy, дронамі баевікоў «Хезбалы» падчас баёў у Ліване. Комплекс актыўнай абароны, як відаць, проста не паспевае перашкодзіць гэтым паражэнням.
Асноўная складанасць палягае ў тым, што сістэме КАА цяжка своечасова выявіць і правільна пралічыць траекторыю для паражэння адносна павольных, але манеўраных і невялікіх па памерах FPV-дронаў.
Акрамя таго, паўстае пытанне боекамплекту. Калі Trophy мае сістэму перазараджання, то Iron Fist, наадварот, такой сістэмы не мае, але можа выпускаць увесь запас сваіх снарадаў-перахопнікаў, каб адбіць залпавы агонь. Іншая рэч, што расход усіх перахопнікаў на адзін залп можа зрабіць машыну фактычна безабароннай перад наступным ударам.
Свае перспектыўныя распрацоўкі антыдронавых КАА прадставілі вытворцы АПК з Германіі і Расіі. Праўда, непасрэдна на полі бою ніводная з іх яшчэ не даказала сваю эфектыўнасць.
Украінскія распрацоўкі
Пра ўкраінскія комплексы актыўнай абароны вядома мала. Як адзначае спецыяліст па бранятанкавай тэхніцы Мікола Саламаха, некалькі гадоў таму айчынныя спецыялісты стварылі КАА «Заслон», але яго так і не прынялі на ўзбраенне. Па яго словах, сістэма мела праблемы з дакладнасцю, механікай прывадаў і хуткадзейнасцю, а таксама была залежнай ад заходніх камплектуючых.
«Ва Украіне вытворчасць падобных сістэм не наладжаная і я не думаю, што ў найбліжэйшы час яна будзе наладжаная. Таму пакуль рана весці гаворку, што ў найбліжэйшы час Украіна здольная будзе вырабляць той самы «Заслон» ці хаця б яго аналаг», — лічыць эксперт.
У сакавіку 2026 года профільнае выданне Defense Express паведаміла, што ўкраінская сістэма выяўлення дронаў I-SEE разглядаецца як аснова для будучага ўкраінскага комплексу актыўнай абароны для бранятэхнікі. Такую інфармацыю СМІ паведамілі самі распрацоўшчыкі гэтай сістэмы.
I-SEE — гэта сістэма выяўлення дронаў, што базуецца на выкарыстанні штучнага інтэлекту і машыннага зроку для візуальнага выяўлення БПЛА. Яна не толькі выяўляе іх, але і забяспечвае аўтаматычнае суправаджэнне захопленай цэлі, а пасля — паражэнне супрацьдронавымі сродкамі.
Пра распрацоўку ўласнага комплексу актыўнай абароны заяўлялі і прадстаўнікі ўкраінскага вытворцы НРК «Змей» — кампанія Rovertech. Паводле іх задумы, сэнсары з дапамогай штучнага інтэлекту маюць выяўляць дроны вакол НРК і адстрэльваць у іх бок сеткакідальнікі.
Важныя нюансы — гэты КАА павінен быць недарагім, але адначасова мусіць дакладна ідэнтыфікаваць цэль, не дапускаць ілжывых спрацоўванняў і мець высокую дакладнасць траплянняў.
Калі распрацоўшчыкам удасца вырашыць усе праблемныя пытанні, а таксама інтэграваць свае комплексы для працы на рухомых аб'ектах у складаных умовах баявых дзеянняў, то Украіна можа атрымаць істотную перавагу. Гаворка ідзе не толькі пра бяспеку лагістыкі і ратацый, але і пра тое, каб вярнуць танкам іх унікальную ролю на вайне.
«Няма іншага сродку, акрамя танка, каб здзяйсняць непасрэдную агнявую падтрымку пяхоты, якая наступае. Кожнае пяхотнае аддзяленне не зможа падтрымліваць у наступленні экіпаж БПЛА, у якога ў наяўнасці 20‑30 дронаў. Проста не будзе такой колькасці экіпажаў. А ў танка ці ў баявой машыны пяхоты боепрыпасаў будзе дастаткова, каб забяспечыць выкананне гэтай задачы», — кажа Мікола Саламаха.
Пры гэтым ён падкрэслівае:
«Іншая рэч, што пакуль што ніхто не можа знайсці той спосаб дзеянняў і спосаб абароны танкавай тэхнікі, каб забяспечыць яе выкарыстанне ў тых маштабах, як гэта было 10‑12 гадоў таму».
На яго думку, гэта праблема будзе абавязкова вырашаная, але не раней чым праз 1‑2 гады.
Украіна першай у свеце запусціла «прыватную СПА»: хто яе прыдумаў, хто ўдзельнічае і ці эфектыўна гэта
Чаму Расія атакуе Украіну «шахедамі» ўдзень: змена тактыкі з мэш-сістэмамі і палёты «статкамі»
«Зроблена хатнімі гаспадынямі». Кіраўнік Rheinmetall пагардліва выказаўся пра ўкраінскія дроны, украінцы яму адказалі
Каментары
А ў будучыні нават кіраваць не трэба - ШІ трэба будзе паставіць задачу, умоўна нанесьці максімальную шкоду пры гарантыі што танк застаецца на хаду і ўсё - толькі назіраць як рускія на гусеніцы наматываюцца. А калі рускія спрабуюць такі танк захапіць - самазнішчальны выбух.