Гэтая расліна адпужвае камароў не горш за самую папулярную хімію
Расліна найбольш вядомая дзякуючы сваёй незвычайнай здольнасці ўздзейнічаць на катоў.
Кацямятка (Nepeta cataria). Фота: Wikimedia Commons
Ласьён на аснове алею кацямяткі (яе яшчэ называюць кашэчай мятай або часам, памылкова, мелісай, малісай) падчас выпрабаванняў ва Угандзе паказаў такую ж эфектыўнасць, як і дыэтылталуамід (ДЭТА), які лічыцца залатым стандартам сярод сродкаў ад камароў і кляшчоў. Даследчыкі спадзяюцца, што танная мясцовая альтэрнатыва дапаможа ў барацьбе з малярыяй у рэгіёнах, дзе дарагія прэпараты недаступныя.
Кацямятка (Nepeta cataria) — від кветкавых раслін сямейства ясноткавых вышынёй ад 35 да 100 сантыметраў. Яна расце на вялікіх тэрыторыях Еўропы і Азіі, а таксама натуралізавалася ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Афрыцы і Новай Зеландыі.
Кацямятка каціная найбольш вядомая дзякуючы сваёй незвычайнай здольнасці ўздзейнічаць на катоў: многія жывёлы пасля кантакту з раслінай пачынаюць церціся аб яе, катацца па зямлі і паводзіць сябе гулліва. Такі эфект выклікае непеталактон — натуральнае рэчыва, якое змяшчаецца ў расліне. Аднак, як паказалі папярэднія назіранні, для людзей гэтае злучэнне можа быць карысным зусім з іншай прычыны: яно здольнае адпужваць насякомых, у тым ліку камароў.
Навукоўцы з Кардыфскага ўніверсітэта і іх калегі з Уганды праверылі, ці можна выкарыстаць алей кацямяткі кацінай для стварэння таннага і эфектыўнага сродку ад камароў. Вынікі сваёй працы, як піша The Guardian, яны прэзентавалі на канферэнцыі Таварыства эксперыментальнай біялогіі ў Фларэнцыі.
Спачатку даследчыкі пацвердзілі ў лабараторных умовах, што алей кацямяткі сапраўды адпужвае камароў. Пасля гэтага яны арганізавалі палявыя выпрабаванні ва ўсходняй Угандзе. Добраахвотнікі наносілі на ногі розныя сродкі, а навукоўцы падлічвалі, колькі камароў садзілася на скуру цягам вечара.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com
Частка ўдзельнікаў карысталася ласьёнам з 15% ДЭТА (DEET, дыэтылталуамід). Менавіта такая канцэнтрацыя найбольш шырока прадстаўлена ў камерцыйных рэпелентах ва Угандзе.
Іншыя атрымалі ласьёны з 2% або 6% алею кацямяткі кацінай, а кантрольная група — плацэба.
Высветлілася, што ласьён з 6% алею кацямяткі кацінай абараняў ад укусаў гэтак жа эфектыўна, як і сродак з ДЭТА. Версія з 2% алею таксама добра працавала, хоць і крыху саступала двум іншым варыянтам.
Паводле кіраўніка даследавання, выкладчыка Кардыфскага ўніверсітэта Саймана Скофілда, галоўная перавага новага сродку — яго даступнасць. Для многіх дробных фермераў у сельскіх раёнах Уганды камерцыйныя рэпеленты занадта дарагія, таму яны часта наогул не выкарыстоўваюць абарону ад камароў.
Даследаванне паказала, што вытворчасць ласьёну можна арганізаваць на мясцовым узроўні.
Сам Скофілд таксама з гумарам прызнаў, што даследчыкі не правяралі, ці будзе пах новага ласьёну прыцягваць катоў.
Пошук новых сродкаў барацьбы з камарамі застаецца вельмі актуальным. Паводле ацэнак, у 2024 годзе малярыяй заразіліся каля 282 мільёнаў чалавек, а памерлі 610 тысяч, пераважна маленькія дзеці ў краінах Афрыкі. Акрамя таго, спецыялісты ўсё часцей гавораць пра рост устойлівасці камароў да інсектыцыдаў і ўзбуджальнікаў хваробы — да супрацьмалярыйных прэпаратаў.
Чытайце таксама:
Google збіраецца выпусціць 32 мільёны няпростых камароў у Каліфорніі і Фларыдзе