Расія знішчае ўкраінскія АЗС. Як і да чаго гэта можа прывесці
У чэрвені і ліпені Расія актывізавала знішчэнне аўтазаправачных станцый, бензавозаў і нафтабаз у прымежных абласцях Украіны і нават у глыбіні тэрыторыі. Дзеля чаго гэта робіцца і які будзе мець эфект? АЗС, асабліва паблізу раёнаў баявых дзеянняў, знаходзіліся пад ударамі абодвух бакоў амаль з першых дзён поўнамаштабнай вайны. Аднак сёлета сітуацыя змянілася, піша аналітык Украінскай службы Бі-бі-сі Алег Чарныш.
Удзень 5 чэрвеня расійскія БПЛА знішчылі аўтазаправачны комплекс у Пасад-Пакроўскім на Херсоншчыне. Загінулі два чалавекі. Фота: ОККО
Расійская армія напрыканцы вясны пачала сістэматычную кампанію па знішчэнні ўкраінскіх аўтазаправачных комплексаў, а ў чэрвені і ліпені нарасціла ўдары па іх. У некаторых гарадах пашкоджанні атрымалі ўсе заправачныя станцыі.
Для атак расіяне выкарыстоўваюць як невялікія FPV-дроны, так і магутныя дальнабойныя «Шахеды» (яны ж «Герані»), «Герберы» і «Молніі».
Нярэдка такія ўдары прыводзяць і да ахвяр.
Так, увечары 9 ліпеня з-за ўдару расійскага БПЛА па запраўцы ў Запарожжы траўмы атрымалі 5 чалавек, а 5 чэрвеня ў пасёлку Пасад-Пакроўскае каля Херсона загінулі 2 цывільных (супрацоўніца АЗС і кліент), яшчэ 5 былі параненыя.
Усё гэта прывяло да таго, што аператары паліўнага рынку вымушаныя змяніць алгарытмы працы і ўзмацніць абарону АЗС не толькі на адлегласці 100—150 км ад фронту, але і ў іншых рэгіёнах краіны.
Адно з першых рашэнняў — запраўкі не працуюць падчас паветраных трывог, а кліентаў просяць як мага менш часу праводзіць на станцыях.
АЗС: што і дзе знішчана
Пад ударамі з пачатку года апынуліся дзясяткі АЗС на тэрыторыі Данецкай, Запарожскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Харкаўскай, Сумскай, Днепрапятроўскай і Чарнігаўскай абласцей.
На пачатку ліпеня расіяне атакавалі некалькі аўтазаправак каля Піраціна — гэта горад у Палтаўскай вобласці, за 170 км ад мяжы.
Паводле даных экс-міністра інфраструктуры, а цяпер кіраўніка адной з найбуйнейшых сетак АЗС WOG Андрэя Піваварскага, па стане на 25 чэрвеня з-за расійскіх атак ва Украіне «згарэла» 150 аўтазаправачных комплексаў.
Дырэктар Кансалтынгавай групы «А-95» Сяргей Куюн адзначае, што па стане на 10 ліпеня агулам пацярпела ўжо 200 станцый.
Паводле яго слоў, буйныя аператары панеслі найбольшыя страты. Кампанія ОККО страціла 4 нафтабазы і 9 аўтазаправачных станцый, WOG — 22 аб'екты, «Укрнафта» — 12. Агулам страты панеслі ўсе сеткі гандлю палівам.
На думку эксперта па энергетыцы Генадзя Рабцава, гэтыя ацэнкі трохі завышаныя. Ён лічыць, што атакаваных АЗС удвая менш.
Рабцаў спасылаецца на афіцыйныя паведамленні ўкраінскай Дзяржаўнай службы па надзвычайных сітуацыях (ДСНС) наконт ліквідацыі наступстваў удараў па такіх аб'ектах.
«Не ведаю, навошта аператары рынку завышаюць нанесеную шкоду… Калі падлічыць усе паведамленні ДСНС, то можна налічыць 89 пашкоджаных або знішчаных аўтазаправачных станцый з пачатку года. Так, праблема існуе, але не трэба яе перабольшваць», — адзначыў ён у размове з Украінскай службай Бі-бі-сі.
Ён звяртае ўвагу, што аўтазаправачны комплекс — аб'ект, які насамрэч няпроста знішчыць адным беспілотнікам, паколькі часцей за ўсё рэзервуары з палівам размяшчаюцца пад зямлёй, а ад удару дрона руйнуецца толькі наземная інфраструктура станцыі.
І нават калі браць па максімальных ацэнках, то за час рэгулярных атак на АЗС расіянам удалося пашкодзіць каля 3% ад іх агульнай колькасці па ўсёй краіне.
Але рэч у тым, што на прыфрантавых тэрыторыях іх праца становіцца ўсё больш небяспечнай, а часам нават немагчымай.
Гэта тычыцца не толькі праблем з наборам персаналу і аднаўленнем абсталявання, але і з непасрэднай дастаўкай паліва.
Сяргей Куюн зазначае, што з-за атак Расіі ўскладнілася сітуацыя з бензавозамі. Яны таксама знаходзяцца пад прыцэлам расійскіх дронаў.
«На прыфрантавых ужо пару месяцаў пекла, лік ідзе на сотні атакаваных аб'ектаў. Кіроўцы бензавозаў адмаўляюцца туды ехаць, бо за машынамі таксама палююць. Што з гэтым рабіць — невядома. Спрабуюць усё, але ў найлепшым выпадку ўдаецца абараніць персанал, а аб'екты гараць», — так ён апісвае гэту сітуацыю.
Навошта Расія гэта робіць і які эфект
Генадзь Рабцаў лічыць, што ключавая мэта гэтай расійскай ударнай кампаніі — прапагандысцкая. Ваеннай логікі ў гэтых атаках ён не бачыць.
«Ім (расіянам, — Рэд.) трэба прадэманстраваць хоць нешта, каб перабіць кадры расійскіх нафтаперапрацоўчых заводаў, якія палаюць. Іншых «дасягненняў» у іх няма, таму трэба паказаць нешта, што гарыць. Адсюль і ўдары па складах і па аўтазаправачных станцыях», — лічыць эксперт.
Старшыня Днепрапятроўскай аблрады Мікола Лукашук кажа, што ўдары па АЗС — перш за ўсё «ціск на цывільнае насельніцтва».
«Яны б'юць для таго, каб звычайныя людзі нават баяліся заязджаць на запраўку. Ці паўплывае гэта неяк стратэгічна? Не, гэта не паўплывае. Але зразумела, што ў прыфрантавых грамадах гэта можа, скажам так, ускладніць жыццё, бо прыйдзецца ездзіць у іншае месца запраўляцца», — заявіў ён.
У прарасійскіх тэлеграм-каналах ледзь не кожны ўдар па АЗС суправаджаецца заявамі пра «набліжэнне паліўнага крызісу» ва Украіне.
На гэты момант такія заявы не адпавядаюць рэчаіснасці.
Па-першае, як адзначалася вышэй, знішчыць аўтазаправачную станцыю разам з рэзервуарамі паліва складана. Самае галоўнае — пазбегнуць чалавечых ахвяр.
Для гэтага сеткі ўжо ўсталёўваюць ахоўныя канструкцыі на асобных станцыях для бяспекі работнікаў, а таксама абмяжоўваюць рэжым працы.
Па-другое, паліўны рынак ва Украіне настолькі дыверсіфікаваны, што дазваляе праходзіць крызісныя сітуацыі без вялікіх узрушэнняў.
«У нас дзясяткі пастаўшчыкоў, розныя маршруты імпарту, канкурэнцыя і разгалінаваная лагістыка. Калі выпадае адно звяно, яго падстрахоўваюць іншыя», — тлумачаць у WOG.
Што тычыцца ўплыву гэтых атак Расіі на ўкраінскі вайсковы сектар, то ён таксама мінімальны. Баявыя часткі маюць асобнае забеспячэнне і лагістыку, не прывязаную да цывільных паставак паліўна-змазачных матэрыялаў.
Што трэба рабіць?
Ва ўкраінскім урадзе абяцаюць, што робяць усё для пазбягання паліўнага крызісу ў краіне.
«Па стане на цяпер дэфіцыту паліва для цывільнага сектару ва Украіне няма. Рынак забяспечаны, імпартны рэсурс кантрактуецца, лагістыка працуе», — заявіў міністр эканомікі Аляксей Собалеў, дакладваючы 3 ліпеня перад парламентам.
Паводле яго слоў, прапрацоўваюцца мадэлі ўзаемадзеяння бізнэсу і ўлады ў прыфрантавых рэгіёнах адносна падвозу і продажу нафтапрадуктаў.
Як варыянты для прыфрантавых рэгіёнаў міністр назваў усталяванне мабільных пунктаў продажу паліва, а таксама стварэнне фонду для кампенсацый сеткавым аператарам за пашкоджанне АЗС.
Што тычыцца мабільных пунктаў, гэта значыць продажу бензіну літаральна «з колаў», то гэтая ініцыятыва рэалізуецца ў Трасцянцы на Сумшчыне, дзе расійскія атакі знішчылі ўсе аўтазаправачныя комплексы.
Мясцовая ўлада там ужо паведаміла пра разгортванне сеткі такіх мабільных пунктаў, дзе водпуск паліва будзе рабіцца з дапамогай невялікіх аўтамабіляў. Месцы размяшчэння гэтых машын будуць змяняцца, каб не дапусціць паражэння.
Праўда, 10 ліпеня эксперт па нафтавым рынку Сяргей Куюн паведаміў, што на нарадзе прэм'ер-міністра і кіраўнікоў найбуйнейшых паліўных сетак вырашылі «адкласці ідэю стварэння перасоўных АЗС».
Паводле яго даных, перасцярога — магчымае зніжэнне якасці паліва і праблемы са зборам падаткаў у выпадку ўвядзення такіх механізмаў.
Генадзь Рабцаў лічыць, што іншага шляху, акрамя як пашыраць рознічны рынак нафтапрадуктаў, у гэтай сітуацыі няма. Бо буйныя стацыянарныя АЗС у прыфрантавой зоне Расія рана ці позна можа выбіць усе.
«Калі гэтыя ўдары працягнуцца… тады трэба засцерагчы сябе і для гэтага трэба лібералізаваць рознічны рынак нафтапрадуктаў у прыфрантавых рэгіёнах. Прыбраць лішняе ліцэнзаванне, дазволіць мабільныя заправачныя пункты, рассяродзіць пункты захоўвання запасаў паліва. Вось што трэба зрабіць», — заявіў ён Украінскай службе Бі-бі-сі.
Усталяваць фізічную абарону на кожную запраўку або прыкрыць яе СПА — нерэальна, упэўнены спецыяліст.
Чытайце таксама:
Чарговая атака БПЛА на Расію — гараць дзве нафтабазы, у Таганрогскім заліве пашкоджаны танкеры
Даўжэзныя чэргі на АЗС выцягнуліся ў Омскай вобласці пасля сённяшняга ўдару па НПЗ ВІДЭА