У Мінску арыштавалі «чорнага рыэлтара», які спрабаваў завалодаць кватэрай алкаголіка
У Мінску затрымалі 37‑гадовага раней судзімага «прадстаўніка адной з дыяспар», якога падазраюць у спробе незаконна завалодаць двухпакаёвай кватэрай 49‑гадовага мінчука, паведамляе прэс-служба МУС.
Скрыншот з відэа
Па інфармацыі сілавікоў, на працягу двух месяцаў падазраваны мэтанакіравана здабываў давер уладальніка жылля. Мужчына меў праблемы з алкаголем, чым, як сцвярджаецца, і скарыстаўся зламыснік.
Спачатку ён прадставіўся рыэлтарам і заявіў, што нібыта атрымаў інфармацыю пра кватэру з запазычанасцю па камунальных плацяжах ад сілавікоў. Каб заваяваць давер гаспадара, ён дапамагаў яму аплачваць жыллёва-камунальныя паслугі і перадаваў невялікія сумы грошай, ствараючы ўражанне клопату.
Напярэдадні афармлення здзелкі ўладальнік кватэры даведаўся, што замест абяцанай аднапакаёвай кватэры ў Мінску і грашовай даплаты яму прапануюць пераехаць у населены пункт прыкладна за 50 кіламетраў ад сталіцы. Пасля гэтага мужчына адмовіўся прадаваць жыллё.
Тады падазраваны, паводле следства, перайшоў ад угавораў да пагроз і фізічнага гвалту. Ён збіў пацярпелага і прымусіў яго напісаць распіску пра нібыта наяўны буйны доўг.
Пасля затрымання следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле аб вымагальніцтве з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры. Паводле заканадаўства, санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Чытайце таксама:
У Мінску затрымалі расійскага арганізатара буйной махлярскай схемы з «папяровым ПДВ». Што за яна?
Пара з Гродна прыехала ў Мінск, каб аддаць аферыстам усе грошы