Да юбілею Мінска складуць археалагічную карту горада
Беларускія навукоўцы рыхтуюць археалагічную карту Мінска, якую плануюць выдаць да 960‑годдзя сталіцы ў 2027 годзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза.
Вадзім Лакіза. Фота: Інстытут гісторыі НАНБ
Паводле слоў Вадзіма Лакізы, даследчыкі цяпер абследуюць розныя тэрыторыі горада і збіраюць матэрыялы для стварэння археалагічнай карты. Навукоўцы хочуць не толькі сістэматызаваць ужо вядомыя звесткі, але і ўключыць у выданне новую інфармацыю, атрыманую падчас апошніх даследаванняў і раскопак.
Карту разглядаюць як своеасаблівы падарунак да юбілею Мінска. Яна павінна быць цікавай не толькі спецыялістам, але і жыхарам сталіцы, турыстам і ўсім, хто цікавіцца гісторыяй горада.
Сучасны Мінск традыцыйна адзначае Дзень горада ў другую суботу верасня. У 2026 годзе гэта будзе 12 верасня — сталіцы споўніцца 959 гадоў. А ўжо ў 2027 годзе Мінск адзначыць юбілей — 960-годдзе.
Чытайце таксама:
Месца, дзе пачынаўся стары Менск, будуць забудоўваць. Ужо ёсць план
Навукоўцы паказалі частку тысячагадовай сцяны старажытнага Менска