Месца, дзе пачынаўся стары Менск, будуць забудоўваць. Ужо ёсць план
Мінскі раённы выканаўчы камітэт вынес на грамадскае абмеркаванне горадабудаўнічы праект развіцця вёсак Гарадзішча і Новая Вёска. Гэтае месца лічыцца калыскай беларускай сталіцы, бо менавіта тут на рацэ Менцы знаходзіцца старажытнае гарадзішча X стагоддзя, піша domovita.by.

Праз археалагічную каштоўнасць зямлі архітэктары цалкам адмовіліся ад будаўніцтва шматпавярховікаў на карысць прыватнага сектара. Да 2040 года на тэрыторыі вёсак сфармуюць малапавярховае асяроддзе са скверамі, візіт-цэнтрам і новымі дарогамі. Пад прыватную забудову ўжо выдзелілі дадатковыя гектары былых калгасных палёў.

Ахова старажытных валоў і празрыстыя агароджы
Гарадзішча на правым беразе ракі Менкі мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці другой катэгорыі, што сур'ёзна паўплывала на генеральны план. Архітэктары захаваюць гістарычную трасіроўку вуліц Зарэчнай, Дзяржынскага і Піянерскай, якая склалася ў канцы XVIII стагоддзя. Пад ахову трапляюць старадаўнія магілы ўладальнікаў мясцовага маёнтка Рудольфа і Сафіі Пішчалаў, а таксама могілкі каля Мікалаеўскай царквы. Любое новае будаўніцтва тут жорстка рэгламентавана, каб не парушаць упрыняцце старажытных земляных валоў.
Абмежаванні закрануць знешні выгляд прыватных уладанняў у гістарычным цэнтры вёскі. Аўтары праекта прапісалі патрабаванне ставіць з боку вуліц выключна празрыстыя агароджы вышынёй не больш за паўтара метра. Новыя грамадскія будынкі не будуць перавышаць трох паверхаў з мансардай. На ўчастках, куды не дацягнуцца пажарныя драбіны ратавальнікаў, вышыня жылых пабудоў абмежаваная 10 метрамі.

Ніякіх панэлек і дзвесце новых сядзіб
Паводле праекта ў Гарадзішчы і Новай Вёсцы знос наяўных жылых дамоў не прадугледжаны, а будаўніцтва новага жылля плануецца толькі на свабодных тэрыторыях. Для пашырэння вёскі з сельскагаспадарчага абарачэння забяруць 32,4 гектара ворных зямель сельгаспрадпрыемстваў «Ждановічы» і «Шчомысліца». На гэтых участках з'явіцца выключна нізкашчыльная сядзібная і блакаваная забудова — шматпавярховікаў тут не будзе.
На новых землях да 2040 года ўзвядуць 224 катэджы агульнай плошчай трохі больш за 25 тысяч квадратных метраў. Сярэдні памер надзелу пад дом складзе 15 сотак, а плошча самога жытла — каля 110 квадратаў. Першыя 75 катэджаў плануецца здаць да 2030 года на першым этапе асваення тэрыторыі. Пасля гэтага колькасць насельніцтва аб'яднаных вёсак Гарадзішча і Новая Вёска вырасце з цяперашніх 628 да 810 чалавек.

Візіт-цэнтр, сквер каля сажалкі і новая дарога
Каб раскрыць турыстычны патэнцыял калыскі Мінска, на вуліцы Дзяржынскага пабудуюць шматфункцыянальны візіт-цэнтр для гасцей археалагічнага комплексу. Побач з ім адкрыюцца культурна-адпачынкавы цэнтр на 75 месцаў, кафэ на 40 месцаў і крамы плошчай 250 квадратных метраў. Для актыўнага адпачынку жыхароў пабудуюць адкрытую спартыўную пляцоўку і пляцоўкі бытавых сэрвісаў. Асобных школ будаваць не стануць, але для дзяцей арганізуюць бясплатны падвоз аўтобусамі ў аграгарадок Азярцо і сталіцу.
У паўночна-ўсходняй частцы Гарадзішча абсталююць сквер з сажалкай, а за храмам Свяціцеля Мікалая Цудатворца разаб'юць невялікую зялёную зону. Уздоўж рэчышча ракі Менкі з'явіцца вялікі прыродны лугапарк з прагулачнымі дарожкамі і месцамі для адпачынку каля вады.
Транспартную сетку таксама чакае абнаўленне: у бок вёскі Строчыцы пабудуюць дарогу з прамым выездам на брэсцкую трасу Р-1. Наяўныя вуліцы Вішнёвую, Майскую і Магістральную рэканструююць, а ўздоўж праездаў пракладуць веладарожкі. Для турыстаў і наведвальнікаў візіт-цэнтра абсталююць паркоўку на 35 машына-месцаў. Таксама ў вёску працягнуць цэнтральны вадаправод са станцыямі абезжалезвання і хуткасны інтэрнэт.
Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 3 па 17 жніўня, а ўбачыць экспазіцыю архітэктурна-планавальнай канцэпцыі можна ў будынку Шчомысліцкага сельскага выканаўчага камітэта ў аграгарадку Шчомысліца.
Сама прэзентацыя праекта пройдзе 12 жніўня.
Археолагі завяршылі сёлетнія раскопкі на Менцы. Што знайшлі?
Пад Мінскам археолагі знайшлі берасцяны посуд XI стагоддзя
Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком
На Менцы ўпершыню знайшлі ліцейную форму для ювелірных упрыгажэнняў. Гэта змяняе ўяўленне пра жыццё летапіснага Менска
Цяпер чытаюць
«Галоўнае не забываць падзараджаць не толькі тэлефон, але і сябе самога». Як украінскі вайсковец жыве з двума электрастымулятарамі. І што ў яго з сэксам?
Каментары