Здачу ЖК «Андрэеўскі» ў Мінску перанеслі на наступны год
У раёне мінскай вуліцы Захарава некалькі гадоў ідзе будаўніцтва жылых шматпавярховікаў. Узводзіць ЖК «Андрэеўскі» дзяржаўны забудоўшчык, аднак справа рухаецца не так хутка, як хацелася б дольнікам. Летась будоўля спынялася на некалькі месяцаў, а сёння ў газеце «Звязда» з'явілася інфармацыя пра перанос тэрмінаў здачы першых дамоў, піша Realt.by.
Фота: Realt.by
Як адзначаецца ў дапаўненнях да праектнай дэкларацыі, здача дамоў №1 і №2 па Генплане пераносіцца на красавік 2027 года, хоць паводле агучаных раней планаў шматпавярховікі павінны былі здаць летам-восенню гэтага года.
Жыллёвы комплекс «Андрэеўскі» расце на месцы вытворчых будынкаў на скрыжаванні вуліц Захарава і Андрэеўскай. Два гады таму тут зруйнавалі ўсе старыя пабудовы, а на ўчастку пачалі будаваць новы квартал.
Летам мінулага года на будоўлі ЖК узнікла праблема з энергасеткамі, і работы нават прыйшлося прыпыняць.
На гэты момант два першыя дамы цалкам узведзеныя. Новабудоўлі налічваюць па 17−18 паверхаў.
Кватэры ў жыллёвым комплексе паступаюць у продаж партыямі. Напрыклад, у маі тут прапаноўвалі аднапакаёўкі і двухпакаёўкі па цане 6800−8000 рублёў за квадрат.
Улічваючы парадак цэн, жыллё ў комплексе прадаецца без ажыятажу. Мяркуючы з інфармацыі з сайта «Андрэеўскага», у двух дамах засталося яшчэ каля 50 кватэр. Дарэчы, на іх куплю дзейнічае крэдыт пад 1%.
Фота: Realt.by
Увесь ЖК «Андрэеўскі» будзе складацца з пяці шматпавярховікаў на 30 тысяч квадратаў. На першых іх узроўнях адкрыюцца кавярні і крамы, а ў дварах з'явяцца грамадскія прасторы і пляцоўкі для дзіцячых актыўнасцяў.
Чытайце таксама:
На Сляпянскай воднай сістэме ў Мінску пачаўся рамонт
Месца, дзе пачынаўся стары Менск, будуць забудоўваць. Ужо ёсць план
Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка