Нерухомасць22

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка

У Мінску рыхтуюцца змяніць межы зоны аховы гістарычнага цэнтра, каб пазбавіць ахоўнага статусу частку сквера Старосцінская слабада на Старажоўскай вуліцы. Змяненне межаў дазволіць будаўніцтва на пляцоўцы, забудову якой афіцыйна спынілі некалькі гадоў таму.

Рэндар нерэалізаванага моладзевага забаўляльнага цэнтра. Фота: «Вераб'ёў і партнёры» / ЗАТ «Камкон» для nn.by

Камунальнае прадпрыемства «Мінская спадчына» размясціла на сайце дзяржзакупак заяўку на ўнясенне змяненняў у праект зон аховы гістарычнага цэнтра Мінска. Як звярнуў увагу тэлеграм-канал актывістаў «Спадчына», галоўная мэта — выключэнне ўчастка па вуліцы Старажоўскай, 11 з зоны аховы ландшафту. Згодна з тэхнічным заданнем, працы павінны быць выкананы да сярэдзіны верасня 2026 года.

Частка сквера Старосцінская слабада, якую хочуць выключыць з зон аховы ландшафту гістарычнага цэнтра Мінска. Фота: Wikimedia Commons

Згодна з дзеючым праектам зон аховы, зацверджаным у 2013 годзе, на тэрыторыі гэтай зоны, якая цягнецца ўздоўж ракі Свіслач, забаронена будаўніцтва. Дазваляецца выключна добраўпарадкаванне, пракладка інжынерных сетак і аднаўленне расліннасці.

Зона аховы ландшафту (зялёным) уздоўж Свіслачы. Фрагмент праекта зон аховы гістарычнага цэнтра Мінска. 
Участак па адрасе вуліца Старажоўская, 11, прызначаны сёння для эксплуатацыі і абслугоўвання падземнага бункера. Скрыншот Публічнай кадастравай карты

У якасці афіцыйнай падставы для абрэзкі межаў «Мінская спадчына» спасылаецца на неабходнасць прывядзення дакументацыі ў адпаведнасць з новай інструкцыяй Міністэрства культуры. Аднак актывісты звяртаюць увагу на тое, што гэтая пастанова носіць выключна метадычны і афарміцельскі характар, не ўтрымліваючы ніякіх палажэнняў аб скарачэнні існых ахоўных межаў, наадварот — патрабуючы ўключаць прыроднае асяроддзе ў зоны аховы і захоўваць гістарычны рэльеф.

Што хацелі будаваць раней

Сёння па адрасе вуліца Старажоўская, 11 на ўзгорку даліны Свіслачы размяшчаецца падземны нямецкі бункер часоў Другой сусветнай вайны. Яго ўзвядзенне пачалося ў 1941 годзе адразу пасля акупацыі Мінска ў якасці вузла сувязі. Пасля вайны аднапавярховае падземнае збудаванне і пакінутае ў ім нямецкае абсталяванне доўгі час выкарыстоўвалі савецкія сувязісты.

Нямецкі бункер унутры. Фота: Анлайнер

У 2013 годзе кампанія ЗАТ «Камкон» прапанавала канцэпцыю забудовы гэтага ўчастка, а ў студзені 2018 года выставіла на грамадскае абмеркаванне гатовы праект моладзевага забаўляльнага цэнтра. Генеральным праекціроўшчыкам комплексу выступіла архітэктурная студыя «Вараб'ёў і партнёры». Для рэалізацыі праекта арыенціровачным коштам каля 20 мільёнаў еўра быў прыцягнуты літоўскі інвестар — кампанія UAB Capital City Group.

Рэндар нерэалізаванага моладзевага забаўляльнага цэнтра. Фота: «Вераб'ёў і партнёры» / ЗАТ «Камкон» для nn.by
Рэндар нерэалізаванага моладзевага забаўляльнага цэнтра. Фота: «Вераб'ёў і партнёры» / ЗАТ «Камкон» для nn.by
Рэндар нерэалізаванага моладзевага забаўляльнага цэнтра. Фота: «Вераб'ёў і партнёры» / ЗАТ «Камкон» для nn.by

Праект прадугледжваў узвядзенне на месцы бункера асобнага будынка агульнай плошчай 17 602 квадратныя метры і вышынёй 19,4 метра. Комплекс павінен быў мець чатыры надземныя і тры падземныя паверхі. Унутры планавалася размясціць трохузроўневы паркінг на 180 машына-месцаў, шматзальны кінатэатр, рэстаран, канферэнц-залу, выставачныя плошчы і адміністрацыйныя памяшканні на 307 працоўных месцаў з адкрытай агляднай пляцоўкай на даху.

Праектныя чарцяжы моладзевага забаўляльнага цэнтра, які так і не быў рэалізаваны. Фота: Анлайнер

У ліпені 2018 года праект не змог прайсці дзяржаўную будаўнічую экспертызу, відаць, праз непераадольнасць рэгламентаў зон аховы. У маі 2019 года Мінгарвыканкам прапанаваў канчаткова адмяніць будаўніцтва комплексу. Гарадскія ўлады патлумачылі гэтае рашэнне неабходнасцю захаваць грамадскі парк і не перагружаць інфраструктуру цэнтра сталіцы. Прапанова была падтрыманая Аляксандрам Лукашэнкам.

Цяпер, праз выключэнне ўчастка з зоны аховы ландшафту, прамая юрыдычная забарона на новае будаўніцтва знікае. Што хочуць пабудаваць у гэтым месцы, пакуль не зразумела, але гэта толькі чарговы прыклад агульнай практыкі камерцыйнай і адміністрацыйнай забудовы водна-зялёнага дыяметра Мінска.

Дыяметр элітных участкаў

Створаная ў 1950—1970‑я гады бесперапынная сістэма паркаў і вадаёмаў уздоўж Свіслачы з'яўляецца ўнікальным горадабудаўнічым комплексам і выконвае функцыю галоўнага экалагічнага калідора сталіцы. Аднак за гады незалежнасці цэласнасць ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны была сур'ёзна парушаная.

Маштабная забудова ахапіла ўсю цэнтральную частку дыяметра. На тэрыторыі парку 40‑годдзя Кастрычніка быў узведзены гатэль «Пекін». У самым вузкім месцы сістэмы, каля будынка Дзяржцырка, на месцы знесенай гістарычнай першай мінскай электрастанцыі пабудаваны шматфункцыянальны комплекс (былы гатэль «Кемпінскі»). На месцы знесенага павільёна ВДНГ на вуліцы Янкі Купалы будуецца велізарны комплекс, кансольная частка якога навісае непасрэдна над гладдзю Свіслачы. Каля нямецкага бункера ў скверы Старосцінская слабада пабудаваны офісны будынак банка «Дабрабыт», вышэй — офіс Беларускай калійнай кампаніі.

Гаргара былога гатэля Hyatt у парку Перамогі, які цяпер перапрафіляваны пад элітны жылы комплекс. Фота: realt.by

Але найбольш пацярпеў ад забудовы, нягледзячы на яго быццам бы сакральнасць назвы для дзеючых уладаў, парк Перамогі. На гэтай тэрыторыі былі ўзведзены новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама адрэзаны вялікі ўчастак пад будаўніцтва Палаца Незалежнасці, рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Праз дарогу ад яе ўзвялі манументальны будынак Вярхоўнага Суда. Здавалася б, для ўстановы, якая ў існуючай сістэме фактычна ні на што не прэтэндуе, можна было знайсці менш статусную пляцоўку, не забіраючы тэрыторыю ў зялёнай зоны.

На іншым беразе Свіслачы ў парку будуецца абсалютна чужародны ў гэтым месцы элітны жылы комплекс прэміум-класа, які стаў вынікам перабудовы даўгабуда гатэля Hyatt Regency. Адно з яго крылаў падыходзіць ушчыльную да ракі так, што застаецца месца толькі для набярэжнай.

Побач з ім вылучаны ўчасткі для дыпламатычных прадстаўніцтваў: пасольствы Азербайджана, Польшчы, Ірана і Малдовы (будынак апошняга пакуль не ўзведзены). За Палацам дзяцей і моладзі пабудаваны масіўны комплекс пасольства Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, непасрэдна каля вады на вуліцы Арлоўскай з'явіўся асобны жылы комплекс, прызначаны выключна для супрацоўнікаў расійскага дыпламатычнага ведамства.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары2

  • ну дают
    04.08.2026
    Зачем вам эти парки в городе? Платите деньги Вите Лукашенко и отдыхайте в его отелях и СПА-центрах.
  • Рубам
    04.08.2026
    Раз уж зелёную зону вдоль Свислочи открыто поherили в узкокорыстных частных интересах и настроили всякого г..., то это дело надо продолжить, но с гораздо большим общественным толком. Улицу Сторожовскую соединить отрезком и мостом через Свислочь с проспектом Победителей (и ул. Мельникайте), это будет его соединение с проспектом Незалежности , а путепровод через Немигу разобрать, и полностью восстановить ансамбль Верхнего Города - как и должно быть в нормальной европейской столице. И это будет круто и очень красиво. А около гостиницы "Беларусь" пусть тогда себе строют, что хотят, никакой особой ценности этот кусок, как зона отдыха для народа, не представляет, по сравнению, например, с участками бывшей ЭС и ВДНХ.

Цяпер чытаюць

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі3

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

«Экстрэмісцкім» прызналі сайт тэлеканала «Еўраньюс»9

На беларуска-літоўскай мяжы група мігрантаў выйшла з тунэля і напала на памежнікаў. У Літве гэта замоўчвалі больш за тыдзень16

У Падмаскоўі загарэўся галоўны навуковы інстытут «Раскосмаса»3

Архітэктар і сузаснавальнік бюро Zrobim architects Андрусь Бездар выйшаў з СІЗА8

Пентагон рыхтуе новую ядзерную стратэгію на выпадак вайны з Кітаем або Расіяй

Жыхар Бабруйска знайшоў у кватэры свайго дзядзькі антыкварную зброю5

У Светлагорскім раёне тры чалавекі загінулі пасля сутыкнення легкавіка з бензавозам

Памёр футбольны калекцыянер, які апранаў моладзь у майкі з Лукашэнкам1

У Гомелі мужчына напаў з нажом на двух чалавек. Яго затрымалі вайскоўцы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі3

Статкевіч: Калі зноў пачнуцца масавыя пратэсты, яны ўжо не будуць такімі мірнымі, як у 2020‑м. А ЕС правільна перастаў верыць казкам Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць