У Мінску да канца года абяцаюць адкрыць велізарны гандлёвы цэнтр, які будуецца ўжо 15 гадоў
У Мінску зноў паабяцалі адкрыць гандлёвы цэнтр Mega Park у Каменнай Горцы, на скрыжаванні Казіміраўскай і Каменнагорскай вуліц. Яго будаўніцтва расцягнулася ўжо на 15 гадоў замест першапачаткова запланаваных пяці, піша Blizko.by.
Кампанія «Мега-Актыў», якая з'яўляецца ўладальнікам і забудоўшчыкам Mega Park, паведаміла, што атрымала станоўчае заключэнне дзяржаўнай экспертызы на архітэктурны праект будынка. Будаўнічыя работы ўжо аднавіліся, а адкрыць гандлёвы цэнтр плануюць да канца 2026 года.
«Мега-Актыў» уваходзіць у групу кампаній «Санта». Праект рэалізуецца пад кантролем кампаніі «Санта-Сэрвіс», у партфелі якой ёсць ЦУМ у Брэсце, ЦУМ у Гродне і мінскі гандлёвы цэнтр Magnit.
Агульная плошча двух паверхаў Mega Park складае каля 58 тысяч квадратных метраў. На першым паверсе плануюць размясціць супермаркет «Суседзі» плошчай 4,5 тысячы квадратных метраў, а таксама першы ў Мінску мультыбрэндавы магазін адзення, абутку і тавараў для дома «ЦУД» плошчай каля 4 тысяч квадратных метраў.
Першапачаткова гандлёвы цэнтр пачалі будаваць у Каменнай Горцы яшчэ ў 2012 годзе паводле інвестыцыйнай дамовы. Адкрыць яго планавалі ў 2017 годзе. Праект прадугледжваў вялікі сучасны комплекс з паркоўкай прыкладна на 1200 аўтамабіляў.
У Mega Park збіраліся адкрыць шматзальны кінатэатр, лядовую арэну, сямейны забаўляльны цэнтр, дзіцячы развіваючы цэнтр, фітнэс-цэнтр, кафэ і фудкорт.
Аднак у 2017 годзе адкрыццё не адбылося. Новым тэрмінам называлі 2020 год, але і тады гандлёвы цэнтр не запрацаваў. Хоць будынак практычна дабудавалі, работы ў выніку спыніліся, і некалькі гадоў яго выгляд амаль не змяняўся.
Першапачатковым заказчыкам будаўніцтва было ТАА «Вінтэраінвест» з замежным капіталам. Пазней першая намесніца старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч расказвала, што інвестар з'ехаў, пасля чаго горад разглядаў магчымасць самастойна завяршыць будаўніцтва. У выніку ўлады вырашылі прадаць аб'ект на аўкцыёне.
Першыя спробы прадаць комплекс у 2023 годзе былі няўдалымі. Аўкцыён, запланаваны на кастрычнік, не адбыўся — ніхто не захацеў набываць аб'ект па стартавай цане каля 121 мільёна рублёў.
Не знайшлося купца і на наступных таргах у лістападзе. У снежні стартавую цану знізілі прыкладна ўдвая — да 60,8 мільёна рублёў, але і гэты аўкцыён не адбыўся.
У канцы снежня 2023 года недабудаваны ГЦ выставілі на продаж ужо за 24,67 мільёна рублёў. У гэтую суму ўваходзілі кошт самога будынка і права арэнды зямельнага ўчастка на пяць гадоў.
Такім чынам, за некалькі месяцаў стартавы кошт аб'екта знізіўся амаль у пяць разоў. Гэтым разам аўкцыён адбыўся, і ў студзені 2024 года Mega Park нарэшце знайшоў новага ўладальніка. Канчатковую суму, за якую быў прададзены недабудаваны гандлёвы цэнтр, не раскрылі.
Цяпер новы ўладальнік аднаўляе работы і разлічвае, што пасля ўсіх гэтых гадоў Mega Park усё ж адкрыецца для наведвальнікаў да канца 2026 года.
Чытайце таксама:
Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка
Даўгабуд МАЗа ў Мінску ператвараюць у архіў з перадавымі тэхналогіямі
У Мінску будуюць новы шматфункцыянальны цэнтр з прамым выхадам з метро
Пад Мінскам прадаюць велізарны катэдж — сапраўдны рарытэт з 90‑х