Група «чалавекаў-павукоў» паўтарыла легендарную мемную сцэну ў цэнтры Мінска
У цэнтры Мінска заўважылі незвычайную кампанію прыхільнікаў Marvel — каля дзесяці чалавек у касцюмах Чалавека-павука, піша Blizko.by.
«Павуковы» дэсант з'явіўся ў сталіцы на фоне вялікай цікавасці да прэм'еры фільма «Чалавек-павук: Новы дзень». Прэм'ера выклікала вялікі ажыятаж сярод прыхільнікаў коміксаў і кіно: сайты арт-кінатэатраў не вытрымлівалі наплыву наведвальнікаў, а квіткі на паказы 13 жніўня раскуплялі літаральна за некалькі гадзін. На прэм'еру прыязджалі нават гледачы з Расіі.
Адну з груп заўважылі ўвечары 15 жніўня ў цэнтры Мінска. Каля дзесяці маладых людзей у аднолькавых касцюмах Чалавека-павука прайшліся па вуліцах Кастрычніцкай і Інтэрнацыянальнай.
Удзельнікі кампаніі паводзілі сябе спакойна: гулялі па горадзе, фатаграфаваліся з мінакамі, каталіся на электрасамакатах і жартоўна паўтаралі знакамітую сцэну з мультсерыяла 1990‑х гадоў, якая пазней ператварылася ў папулярны інтэрнэт-мем.
Пазней незвычайную «павуковую дэлегацыю» заўважылі ўжо ў клубе Modul Art Platform. Там удзельнікі кампаніі працягнулі вечар на танцпляцоўцы.
Чытайце таксама:
І Украіна, і Расія выразалі з «Чалавека-павука» песню Манетачкі. А што Беларусь?
Новы «Чалавек-павук» стаў другім самым паспяховым дэбютам за гісторыю Галівуда