На пляжы пад Браславам сфатаграфавалі вельмі рэдкую птушку
Мінскаму фатографу-аматару Сяргею Аднавалу падчас паездкі ў Віцебскую вобласць пашчасціла сустрэць чорнаваллёвіка — рэдкага для Беларусі куліка, які занесены ў Чырвоную кнігу, паведамляе Times.by.
Чорнаваллёвік на Браслаўшчыне. Фота: Times.by
Фатограф адпачываў на беразе возера каля аграгарадка Іказнь у Браслаўскім раёне і нечакана заўважыў птушку. Яму ўдалося зрабіць некалькі буйных здымкаў, на якіх добра бачныя яе апярэнне, дзюба і іншыя характэрныя рысы.
Па словах Сяргея, звычайна для добрых кадраў з птушкамі даводзіцца выязджаць у поле на золку, таму сустрэча з чорнаваллёвікам сярод белага дня стала для яго прыемнай нечаканасцю. У нейкі момант яму нават здалося, што птушка заўважыла фатографа і нібыта пачала пазаваць.
Чорнаваллёвікі паходзяць з тундравых і субарктычных рэгіёнаў. Аднак беларускія арнітолагі адзначаюць, што ў апошняе дзесяцігоддзе месцы гнездавання гэтага віду выяўлялі на той самай Браслаўшчыне. Цяпер у чорнаваллёвікаў ідзе восеньская міграцыя.
Сяргей Аднавал ужо каля чатырох гадоў займаецца назіраннем за птушкамі і іх фатаграфаваннем. Фатограф заклікаў не турбаваць птушак падчас пералётаў: не спрабаваць іх лавіць, праганяць або падыходзіць занадта блізка. Лепш назіраць за імі здалёк, каб яны маглі спакойна адпачыць і аднавіць сілы.
Чытайце таксама:
Стартавала галасаванне за птушку Беларусі 2027 года
У Гродзенскім заапарку ўпершыню нарадзілася птушаня палярных соў
На могілках пад Мінскам заўважылі вялікую чараду буслоў ВІДЭА