Веткаўскую калекцыю чаканных акладаў на абразы ўпершыню прадставяць у Нацыянальным мастацкім музеі
У Нацыянальным мастацкім музеі 20 жніўня адкрыецца часовая экспазіцыя «Жар і холад металу. Убранне веткаўскага абраза» са збору Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава, піша БелТА.
Фота: vetka-museum.by
На выставе будуць прадстаўленыя 125 твораў жывапісу, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, малюнкі і прылады працы майстроў-чаканшчыкаў.
«Веткаўская калекцыя чаканных акладаў на абразы — збор унікальны для Беларусі. Упершыню прадстаўленыя шырокаму гледачу творы мясцовых майстроў XVIII — пачатку XX стагоддзя, сабраныя ў рэгіёне і адрэстаўраваныя ў Веткаўскім музеі. Майстры ўвасобілі сімволіку арнаментаў. Візантыйскі завіток і вінаград азначае жыццёвую моц прыроды і сімвал райскага цвіцення. Жамчужына ў хрысціянстве — вобраз душы праведніка. У чаканным акладзе ўзнаўляецца вобраз жамчужнай хусты — убруса Багародзіцы», — расказалі арганізатары.
Вялікая частка экспазіцыі была падораная музею сямейнай дынастыяй Свяшчэннікавых. Дачка і ўнучка чаканшчыкаў Арына Радзівонаўна ўспамінала пра тэхналогіі работы дзядоў і бацькі з братамі, сама паліравала аклады.
Апошнія пакаленні жылі ў Клімаве Бранскай вобласці. Прапрадзедам Арыны былі перададзеныя тэхналагічныя рукапісы XVIII-XIX стагоддзяў з апісаннем работ па метале і вырабу фініфці, эмаляў.
«Парадаксальныя для сучаснага разумення спосабы мыслення майстроў, арганізацыя імі прасторы, змешчанай у некалькіх міліметрах металічнай пласціны. Яны паўстаюць у архітэктурных пабудовах з адваротнай і сферычнай перспектывай, у «мяккім» пейзажы, які злучае старажытны сімвалізм з непасрэдным адчуваннем натуры, а таксама ў эпічнасці наратыву», — падкрэслілі ў музеі.
Часовая экспазіцыя працягнецца да 25 кастрычніка.
Чытайце таксама:
У бабы Ані ў Чачэрскім раёне хата круцейшая за музей. А сама яна спявае, вышывае і беражэ традыцыі
Гэтыя колеры вас зачаруюць. У Мастацкім адкрылася выстава неглюбскіх ткачых
У Ветцы адмянілі «Гуканне вясны» з-за гадавіны Хатынскай трагедыі