Грамадства11

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі

Этнаграфія, народны строй, фатаграфія і праца з культурнай спадчынай — усё гэта аб’ядноўвае дзейнасць Ларысы Шчыраковай. У інтэрв’ю для «Будзьма» яна распавядае пра сваю калекцыю аўтэнтычнага адзення, працу над этнафотасесіямі і пра тое, чаму беларускую традыцыю важна не толькі захоўваць, але і развіваць.

— Ларыса, распавядзіце, калі ласка, як пачалося ваша захапленне этнаграфіяй?

— Маё захапленне этнаграфіяй і фальклорам пачалося ў 1994 годзе. Будучы студэнткай гістарычнага факультэта Гомельскага ўніверсітэта, я трапіла ў моладзевую грамадскую краязнаўчую арганізацыю «Талака» і зацікавілася беларускай народнай культурай, нашай традыцыяй.

Ларыса Шчыракова. Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— Як сябра гэтай арганізацыі я хадзіла ў этнаграфічныя экспедыцыі па Гомельскай вобласці, збірала матэрыялы, бачыла тканыя і вышываныя артэфакты, паглыблялася ў культуру рэгіёна. Мяне тады ўсё гэта па-вар’яцку захапіла. І я пачала калекцыянаваць тканыя і вышываныя рушнікі, стары тэкстыль, адзенне са льну і бавоўны.

— Як фармавалася ваша калекцыя?

— Калекцыя фарміравалася рознымі шляхамі — некаторыя рэчы я атрымлівала ў падарунак падчас экспедыцый, штосьці набывала.

Адным са спосабаў папаўнення маёй калекцыі была гомельская барахолка — там таксама можна было знайсці аўтэнтычныя рушнікі, посцілкі і адзенне.

— Ці ёсць у вас любімы рэгіён у Беларусі?

— Так, гэта Гомельшчына — адтуль паходзяць мае продкі, я жыла ў гэтай вобласці, хадзіла ў экспедыцыі і даследавала менавіта гэты рэгіён. Люблю вёску Неглюбку Веткаўскага раёна. Там захавалася багатая ткацкая традыцыя, унесеная ў Спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў. І Калінкавіцкі раён мне даспадобы таксама — захапляюся яго традыцыйнымі строямі, лічу іх самымі прыгожымі на Гомельшчыне.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— Вы ладзілі этнафотасесіі ў Гомелі, зараз працягваеце гэту практыку ў Беластоку. Як вы прыйшлі да фатаграфіі?

— Фатаграфіяй я захапляюся з дзяцінства. Калі мне было дванаццаць гадоў, бацькі падарылі мне адзін з самых дарагіх савецкіх фотаапаратаў — «Зеніт».

Мой тата здымаў на «Змену», а ў мяне ўжо быў такі дарагі і складаны фотаапарат. Я фатаграфавала, пасля сама рабіла фотаздымкі — праяўляла, друкавала.

Потым я не тое каб страціла цікавасць, але фатаграфаваць перастала. А зноў вярнулася да фатаграфіі, калі пачала супрацоўнічаць з «Белсатам». Тады ўжо больш актуалізаваліся ўсе мае навыкі фота– і відэаздымкі.

Дзякуючы майму багатаму досведу я маю ўяўленне пра кампазіцыю, позы, глыбіню кадра, планы і ўсё іншае. Але я таксама разумею, што арт-фатаграфія, партрэтная фатаграфія мае свае асаблівасці. Гэта не так проста — рабіць сапраўды мастацкія здымкі, таму, нягледзячы на свой вопыт у фатаграфіі, я ўвесь час імкнуся развівацца.

— А як увогуле ўзнікла ідэя рабіць этнафотасесіі?

— Першыя спробы этнафотасэтаў былі ў мяне яшчэ ў 2019 годзе. Тады я толькі пачынала, зрабіла пару фотасесій і кінула — напэўна, не хапіла натхнення. Другая спроба, ужо больш удалая, была ў другой палове 2022 года, калі я засталася без працы, таму што медыярэсурсы, з якімі я супрацоўнічала, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Дзеля бяспекі я вырашыла не працягваць супрацу. Тады перада мной паўстала пытанне, чым займацца. І я падумала: у мяне вялікая добрая калекцыя аўтэнтычнага беларускага адзення, ручнікоў, ёсць веды ў галіне фатаграфіі і купа вольнага часу — трэба рабіць этнафотасесіі.

І я вельмі хутка пачала рэалізоўваць гэтую ідэю: аформіла прадпрымальніцтва, заснавала профіль у Instagram «Этнафотасэты Гомель» і пачала актыўна рэкламавацца, запрашаць людзей.

— Ці атрымалася зацікавіць беларусаў вашым творчым праектам?

— Мне здаецца, што напачатку я была даволі наіўная. Я гарэла гэтым праектам, бо гэта ж пра нашае — роднае, беларускае.

Мне падавалася, што дастаткова апрануць чалавека ў аўтэнтычную беларускую сарочку — і гэта ўжо неверагодна прыгожа.

Але зацікавіць людзей — не маіх знаёмых ці такіх самых аматараў беларускай культуры, як я сама, а больш шырокія колы — аказалася няпроста. 

Мне давялося добра папрацаваць над матэрыяльнай базай, перш чым з’явілася рэальная зацікаўленасць маімі этнафотасесіямі.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— А чым адметныя вашыя фотасэты?

— Асаблівасць маіх фотасэтаў у тым, што я выкарыстоўваю аўтэнтычнае адзенне. Гэта значыць, што рэчам, у якія я апранаю ўдзельнікаў фотасесій, па 80—100 гадоў. І на фотаздымках бачна, што гэта не «навадзел». У асноўным у маёй калекцыі строі з Калінкавіцкага і Веткаўскага раёнаў. Ёсць і з іншых мясцін, але літаральна ў адзіным экзэмпляры.

— Ці атрымалася раскруціць этнафотапраект у Польшчы?

— Шчыра кажучы, зараз у мяне няшмат ахвотных удзельнічаць у этнафотасэтах. Я разумею, што ёсць прычыны, з-за якіх няпроста аднавіць праект — напрыклад, я была пераканана, што ў якасці інструмента прасоўвання паслуг у мяне ёсць раскручаны Instagram, і ён такі, які быў у 2022 годзе. Тады гэта добра на мяне працавала, прыводзіла кліентаў. Калі ж я аднавіла праект і пачала выкладаць фотаздымкі, то хутка зразумела, што Instagram ужо не той.

Зараз я адкрыла для сябе Threads, і там сітуацыя крыху лепшая. Threads па колькасці лайкаў і па падпісчыках мне нагадвае 2022 год, таму я не губляю надзеі і веру, што ў мяне ўсё атрымаецца. Зараз знаходжуся на этапе раскруткі гэтай справы.

— Як можна трапіць на вашыя фотасесіі?

— Трэба напісаць да мяне ў Threads альбо ў Facebook ці Instagram. Ларыса Шчыракова. Мы дамовімся пра час і зробім фотасесію.

Фота з архіва Ларысы Шчыраковай

— А дзе і як адбываюцца вашыя фотасэты ў Польшчы?

— Я фатаграфую ў Беластоку і ваколіцах. Чалавек прыходзіць да мяне дадому, пераапранаецца ў строй. Пасля ёсць два варыянты: студыйная фотасесія ці фотасесія на прыродзе.

Студыйныя здымкі робяцца на фоне тканых посцілак, ручнікоў і дываноў. Таксама ёсць адна лакацыя, якая мне вельмі падабаецца, — Падляшскі музей народнай культуры, які знаходзіцца недалёка ад Беластока.

Там ёсць сялянскія хаты, гэта цудоўнае месца, дзе можна фатаграфавацца ў строях. Традыцыйнае адзенне глядзіцца там вельмі арганічна. Тое, як нацыянальны строй выглядае на фоне шэрых негабляваных бярвенняў, мне падабаецца больш за ўсё.

— Ларыса, вы былая палітзняволеная, падзяліцеся, калі ласка, ці была ў вас магчымасць займацца творчасцю за кратамі? Ці атрымалася не згубіць у цяжкіх умовах сябе і сваю любоў да этнаграфіі?

— Творчасць? Ну, канечне, ніякай творчасці там быць не магло. Але за кратамі ўсе ведалі, што я захапляюся этнаграфіяй і займаюся этнафотасэтамі. Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне.

У мяне ў вязніцы быў вялікі-вялікі стос — недзе сорак фотаздымкаў з маімі працамі. І як толькі ў атрадзе з’яўляўся новы чалавек, з якім я добра камунікавала, я паказвала свае працы і імкнулася распавесці пра строі, рушнікі, нашу культуру і традыцыю.

То-бок, так, у мяне за кратамі была своеасаблівая місія па захаванні беларускай традыцыі.

— Як, на вашу думку, можна паспрыяць развіццю традыцыйнай культуры ў Беларусі?

— У традыцыйнай беларускай культуры вельмі вялікі патэнцыял, якім, на маю думку, трэба карыстацца. Напрыклад, можна займацца ткацтвам у Веткаўскім музеі, у Гомелі, у Неглюбцы. Але ткацкую традыцыю трэба пашыраць не толькі праз музеі — я маю на ўвазе абрады, рамёствы і этнаграфію ў самым шырокім сэнсе. Гэта ўсё вельмі важна, і гэта трэба падтрымліваць і папулярызаваць.

Я нядаўна чытала артыкул пра тое, што рэгіёны, якія мяжуюць з Украінай, вельмі пацярпелі ў турыстычным плане. Дзяржава кампенсуе, падтрымлівае, заахвочвае людзей, каб яны ўсё ж туды ехалі і падтрымлівалі мясцовы турызм.

Я лічу, што традыцыйная культура цесна звязаная з турызмам, які ў Беларусі неабходна развіваць.

— Якія праекты вы яшчэ плануеце рэалізаваць?

— Мне хочацца, каб традыцыя была ўключаная ў сучаснае жыццё.

Натуральна, што людзі не будуць хадзіць у строях. Але варта, каб як мага больш элементаў — узораў, арнаментаў — выкарыстоўвалася ў сучасным мадэляванні, каб традыцыя жыла, не была выключна музейнай, дакументальнай. Для мяне важна, каб традыцыя працягвала існаваць поруч з намі. Таму я імкнуся развівацца ў гэтым кірунку.

Напрыклад, у мяне была неглюбская сарочка ў вельмі кепскім стане. Я адрэзала ад яе рукавы — цалкам тканыя, чырвоныя. Таксама ў мяне ёсць розныя ручнікі, пераважна вышываныя. Я расклала гэтыя рукавы, паклала адзін ручнік, другі, трэці і папрасіла ChatGPT зрабіць эскізы сукенак. І атрымаліся вельмі цікавыя вынікі. Гэта сапраўды стымулюе творчасць. 

Я хачу адфатаграфаваць усю сваю калекцыю: карункі, узоры, адзенне — усё-ўсё. І прапанаваць гэта людзям, каб яны маглі выкарыстоўваць гэтыя матывы ў аксесуарах і вопратцы.

— Што для вас Беларусь сёння?

— Сёння Беларусь для мяне — гэта недасягальная мара. Я не магу, але вельмі хачу вярнуцца дадому. Я жыву недалёка ад мяжы, за пяцьдзясят кіламетраў. Гляджу на гэтую мяжу і чакаю толькі аднаго — калі можна будзе прыехаць назад. Хачу жыць дома і памерці таксама дома.

Запісацца на этнафотасесію і пазнаёміцца з творчасцю Ларысы магчыма па спасылцы.

Каментары1

  • Поплыли рушники.
    26.06.2026
    Из партии ждунов. Сижу в эмиграции, жду перемен, чтобы вернуться в Беларусь. Так вот сидела и ждала белая эмиграция в 20- е прошлого века. Рушниками перемены не приближают. Стыдно после истфака быть наивными.

Цяпер чытаюць

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі2

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Усе навіны →
Усе навіны

У Германіі мужчына «наняў» ChatGPT у якасці адваката. Яму ўдалося выйграць справу2

Буйны і прэстыжны Зальцбургскі фестываль адкрые прамовай Марыя Калеснікава10

У гандлёвым цэнтры заўважылі воцат па цане аўтамабіля2

Мінчанка прывезла ў чамадане з Занзібара гекона і шукае яму новы дом2

У наездзе на ЛГБТ-прайд у Берліне падазраюць 21‑гадовага ісламіста, яго шукаюць па ўсёй Германіі18

Сын беларускіх оперных спевакоў стаў чэмпіёнам свету па фехтаванні

У Беларусі разблытваюць загадкавае злачынства — створаны сайт для дапамогі ў расследаванні2

За паўгода ў Беларусі за палітыку асудзілі 11 непаўналетніх3

Эканаміст Львоўскі: Павышаць пенсійны ўзрост ёсць куды. Можна жанчынам павысіць54

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі2

Раскрыта маштабная карупцыйная схема, затрыманыя 44 чалавекі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць