Былы міністр абароны Фёдараў заклікаў правесці ва Украіне выбары
Былы міністр абароны Украіны Міхаіл Фёдараў, нядаўна са скандалам звольнены са сваёй пасады, заклікаў пачаць пошук механізму для правядзення выбараў у краіне нават ва ўмовах працяглай вайны. У сваім звароце 18 жніўня ён заявіў, што Расія не павінна вызначаць, калі ўкраінцы змогуць зноў абіраць уладу, піша «Украінская праўда».
Міхаіл Фёдараў. Фота: AP Photo/Dan Bashakov
На думку Фёдарава, неабходна адказаць на пытанне, як павінна функцыянаваць дзяржава, калі вайна працягваецца гадамі. Ён лічыць, што дэмакратыя не можа заставацца закладніцай расійскай агрэсіі і што Украіна павінна знайсці законны, бяспечны і рэалістычны спосаб аднавіць паўнавартасны дэмакратычны працэс.
Палітык прызнаў, што гэта няпростая задача, бо трэба забяспечыць магчымасць галасавання для вайскоўцаў, мільёнаў украінцаў за мяжой і жыхароў прыфрантавых рэгіёнаў, а таксама гарантаваць бяспеку выбараў, незалежнасць інстытутаў і давер да вынікаў. Аднак, паводле яго слоў, складанасць не азначае немагчымасці.
Фёдараў таксама выказаў занепакоенасць тым, што ў грамадстве можа ўзнікнуць уражанне, нібыта галоўным крытэрыем для прызначэння на дзяржаўныя пасады становіцца асабістая лаяльнасць, а не прафесіяналізм і вынікі працы. Ён падкрэсліў, што такая мадэль непрымальная для сучаснай дзяржавы, асабліва той, якая вядзе вайну за сваё існаванне.
Асобна былы міністр закрануў праблему карупцыі, адзначыўшы, што падчас вайны яе наступствы становяцца асабліва небяспечнымі. Акрамя таго, ён заявіў, што краіна не павінна надоўга заставацца без паўнавартасна прызначанага міністра абароны, паколькі ва ўмовах вайны неабходна штодня прымаць важныя рашэнні.
Заява Фёдарава прагучала на фоне працяглых акцый падтрымкі былога кіраўніка абароннага ведамства і пасля ўнясення прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім у парламент кандыдатур на пасады міністраў абароны і замежных спраў.
Чытайце таксама:
Ва Украіне апублікавалі свежы палітычны рэйтынг. Зяленскі не на першым месцы
Міністр абароны Італіі прапанаваў экс-міністру абароны Украіны Фёдараву пасаду
Беларус пра адстаўку Фёдарава: Вера ў непагрэшнага тэхнакрата невыкараняльная
«Засцілайце ложак». Дзяніс «Рэдзіс» Пракапенка адкаментаваў звальненне Фёдарава метафарычна
Міхаіл Фёдараў пацвердзіў, што прычына яго адстаўкі — канфлікт з галоўнакамандуючым УСУ Сырскім