У крыві японскіх супердоўгажыхароў знайшлі незвычайныя клеткі
У крыві японцаў ва ўзросце 110 гадоў і больш навукоўцы знайшлі незвычайна высокую колькасць рэдкага тыпу Т-лімфацытаў CD4. Яны здольныя не толькі распазнаваць патэнцыйную пагрозу, але і непасрэдна знішчаць яе, паведамляецца ў часопісе Cell Reports.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: magnific.com
Даследаванне правяла група навукоўцаў на чале з Касукэ Хасімота з Універсітэта Осака. У ім удзельнічалі 28 пажылых японцаў, якіх падзялілі на тры ўзроставыя групы: ад 70 да 99 гадоў, ад 100 да 109 гадоў і 110 гадоў і старэйшыя.
Звычайна Т-клеткі падзяляюць на клеткі-хелперы, якія каардынуюць імунны адказ, і клеткі-кілеры, здольныя знішчаць, у прыватнасці, ракавыя клеткі. У супердоўгажыхароў даследчыкі знайшлі значна больш клетак, якія спалучаюць уласцівасці абедзвюх груп.
У людзей ва ўзросце 110 гадоў і старэйшых такія клеткі складалі каля 20% усіх Т-лімфацытаў, тады як у менш пажылых удзельнікаў даследавання — прыкладна 4%. Такім чынам, іх доля ў крыві супердоўгажыхароў была прыкладна ў пяць разоў вышэйшай.
Навукоўцы таксама высветлілі, што многія з гэтых Т-клетак утвараюць вялікія групы практычна аднолькавых клетак. Гэта можа сведчыць пра тое, што на працягу многіх гадоў яны неаднаразова сутыкаліся з аднымі і тымі ж пагрозамі для арганізма.
Асаблівую цікавасць выклікала падабенства малекулярных рэцэптараў гэтых клетак да рэцэптараў Т-клетак, якія выяўляюцца ў людзей з анкалагічнымі захворваннямі. Даследчыкі мяркуюць, што такая асаблівасць патэнцыйна можа дапамагаць імуннай сістэме распазнаваць пухлінныя клеткі яшчэ да таго, як захворванне стане клінічна прыкметным.
Пры гэтым навукоўцы падкрэсліваюць: даследаванне не даказвае, што менавіта гэтыя Т-клеткі забяспечваюць звышдаўгалецце. Яно паказвае толькі, што ў людзей вельмі сталага ўзросту імунная сістэма можа не проста паступова слабнуць, а істотна перабудоўвацца.
На думку даследчыкаў, вынікі дапамагаюць па-новаму паглядзець на старэнне імуннай сістэмы: у некаторых людзей яна нават у вельмі сталым узросце можа захоўваць высокую актыўнасць і адаптавацца да новых пагроз.
Чытайце таксама:
11 гадзін штотыдзень. Навукоўцы адкрылі яшчэ адзін сакрэт доўгажыхароў
Адзіныя ў Беларусі стогадовыя двайняты адзначылі юбілей
Сакрэт даўгалецця: чаму так шмат японцаў жывуць даўжэй за 100 гадоў
У Еўропе расце разрыў у працягласці жыцця паміж рэгіёнамі. У чым прычыны?