Усяго патроху66

11 гадзін штотыдзень. Навукоўцы адкрылі яшчэ адзін сакрэт доўгажыхароў

Новае даследаванне паказвае, што сакрэт бадзёрасці хаваецца ў спецыфічных рысах характару і ў тым, як людзі бавяць свой вольны час. З падрабязнасцямі знаёміць EuroNews.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Benis Arapovic / Vecteezy

Сёння чалавецтва жыве даўжэй, чым калі-небудзь: сярэдняя працягласць жыцця ў свеце дасягнула 73,5 года. Аднак доўгае жыццё не заўсёды азначае жыццё здаровае. Таму сучасныя навукоўцы імкнуцца разгадаць таямніцу не проста даўгалецця, а менавіта захавання высокай якасці жыцця і добрага самаадчування ў глыбокай старасці.

Каб знайсці адказы, даследчыкі з Універсітэта Кальяры (Італія) звярнуліся да вопыту доўгажыхароў «блакітнай зоны» ў Сардзініі — рэгіёна на гэтым міжземнаморскім востраве, дзе людзі жывуць значна даўжэй, чым у астатніх частках краіны і Еўропы.

«Блакітныя зоны» — гэта геаграфічна ізаляваныя арэалы, такія як цэнтральна-ўсходняя Сардзінія (Італія), Акінава (Японія), Ікарыя (Грэцыя) і Нікоя (Коста-Рыка). Усе яны характарызуюцца выключным даўгалеццем мясцовых жыхароў і іх высокім узроўнем псіхалагічнага дабрабыту.

Каб атрымаць афіцыйны статус «блакітнай зоны», тэрыторыя павінна мець выразна акрэсленыя межы і дэманстраваць незвычайна высокую канцэнтрацыю людзей ва ўзросце ад 90 гадоў на працягу апошніх 150 гадоў. Акрамя таго, гэтыя факты павінны быць пацверджаны архіўнымі запісамі аб нараджэнні і смерці.

Папярэднія навуковыя працы паказвалі, што сакрэт мясцовых жыхароў абумоўлены сукупнасцю генетычных, экалагічных, дыетычных, сацыякультурных і псіхалагічных фактараў.

«Блакітная зона» на Сардзініі ахоплівае шэсць вёсак у гістарычным рэгіёне Альястра ў цэнтральна-усходняй частцы вострава. Сярод людзей, якія нарадзіліся паміж 1880 і 1900 гадамі, доля стогадовых тут была прыкладна ў пяць разоў вышэйшая, чым у сярэднім па Еўропе, і ўтрая вышэйшая, чым у астатняй частцы Сардзініі. Пры гэтым у адрозненне ад большасці краін свету, дзе да ста гадоў часцей дажываюць жанчыны, у гэтым рэгіёне колькасць мужчын і жанчын сярод доўгажыхароў прыкладна аднолькавая.

У чым сакрэт сардзінскіх доўгажыхароў?

Новае даследаванне, апублікаванае ў часопісе International Journal of Applied Positive Psychology, параўнала жыццё пажылых людзей з «блакітнай зоны» з жыхарамі суседняй сельскай мясцовасці. Удзельнікі адказвалі на пытанні пра свой лад жыцця, дэмаграфічныя даныя, суб'ектыўнае ўспрыманне якасці жыцця, а таксама праходзілі кагнітыўныя тэсты.

Высветлілася, што ў «блакітнай зоне» сталыя людзі застаюцца ўцягнутымі ў жыццё сваёй супольнасці, рэгулярна займаюцца справамі, якія патрабуюць разумовай актыўнасці і зносін з іншымі, а таксама захоўваюць адчуванне, што іх жыццё мае сэнс. Менавіта гэтыя рысы аўтары працы называюць «ключавымі элементамі паспяховага старэння».

Даследчыкі заўважылі, што жыхары гэтай зоны дэманструюць высокі ўзровень цікаўнасці і адкрытасці да новых ідэй. Акрамя таго, яны лепш разумеюць уласныя эмоцыі і ўмеюць імі дзяліцца.

Яшчэ адна прыкметная розніца — колькасць часу, які людзі прысвячаюць заняткам, што падтрымліваюць фізічную і разумовую актыўнасць. У сярэднім жыхары «блакітнай зоны» аддавалі такім заняткам 11,3 гадзіны на тыдзень, тады як іх равеснікі з іншых раёнаў — 6,8 гадзіны.

Навукоўцы таксама адзначылі мудры падыход мясцовых доўгажыхароў: замест таго, каб імкнуцца займацца ўсім запар, яны выбіраюць заняткі, якія ім усё яшчэ па сілах і прыносяць задавальненне. Сярод іх — садоўніцтва, прагулкі і сустрэчы ў грамадскіх цэнтрах.

Як паказала апытанне, пажылыя жыхары «блакітнай зоны» падтрымліваюць трывалыя сувязі з людзьмі ў сваёй супольнасці і адзначаюць большую задаволенасць адносінамі як з роднымі, так і з іншымі людзьмі. Яны таксама лепш спраўляюцца са штодзённымі праблемамі і маюць больш высокі ўзровень эмацыянальнай кампетэнтнасці.

Такім чынам, як адзначаюць аўтары даследавання, актыўнае сацыяльнае жыццё і ўменне эфектыўна спраўляцца са стрэсам з'яўляюцца найважнейшымі складнікамі, якія дазваляюць людзям у гэтых унікальных супольнасцях старэць прыгожа і годна.

Каментары6

  • чым калі-небудзь
    28.07.2026
    а як жа біблейскія старцы з іх 150-170 гадоў?
  • Кен
    28.07.2026
    Па дасьледаваньнях 2946-47 гадоў сярод пажылых людзей Беларусь славілся вялікаю колькасьцю людзей старэй за 90-100 гадоў.
  • Отец Засандалий.
    28.07.2026
    И мертвые будут хоронить мертвых.

Цяпер чытаюць

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN5

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскі дрон зноў упаў каля самага прапускнога пункта на ўкраінска-польскай мяжы2

У Гомелі па Сожы плаваў стары цеплаход без экіпажу на борце

Палове адмовілі, траціне далі статус бежанца. Сталі вядомыя жнівеньскія вынікі разглядаў заяў беларусаў на міжнародную абарону ў Польшчы26

У Мінску п'яны дзед пакінуў без нагляду трохгадовае дзіця. Яно выбегла на дарогу і трапіла пад грузавік5

Бацька Вані Сцяцэнкі запісаў відэазварот. Ён незадаволены, што блогеры піярацца за кошт ягонай сям'і

У Смаргоні пабудавалі буйны завод для вырабу алею2

Папа Леў XIV заклікаў Еўропу абараняць парадак, заснаваны на вяршэнстве права і дыялогу8

Аматар рускай арміі, дачка падарожнічае па Еўропе. Шэсць фактаў пра генерала Муравейку, якога паставілі ў Адміністрацыю Лукашэнкі13

Адправілі ў адстаўку дыпламата Дапкюнаса, які два месяцы таму выступіў з хамскай прамовай у АБСЕ15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN5

«Шпіён у кішэні»: расійскі месенджар Max сочыць за карыстальнікамі і дапамагае блакаваць VPN

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць