БЕЛ Ł РУС

Выезды з Мінска на Брэст, Гродна, Маладзечна і Слуцк зробяць цэментна-бетоннымі

20.08.2026 / 21:48

Nashaniva.com

Да 2030 года на асноўных трасах, якія выходзяць з Мінска ў напрамку Брэста, Гродна, Маладзечна і Слуцка, плануецца ўладкаваць участкі з цэментна-бетонным пакрыццём. Гэта прадугледжана дзяржаўнай праграмай «Дарогі Беларусі» на 2026—2030 гады.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Бетоннае пакрыццё з'явіцца на чатырох важных напрамках: Р-1 «Мінск — Дзяржынск», М-6 «Мінск — Гродна», Р-28 «Мінск — Маладзечна — Нарач» і Р-23 «Мінск — Мікашэвічы».

На трасе Р-1, якая злучае Мінск з Фаніпалем і Дзяржынскам, плануецца пашырыць дарогу да чатырох-шасці палос.

На гродзенскім напрамку ўчастак ад Мінска да другой кальцавой аўтадарогі рэканструююць і пашыраць да трох палос у кожны бок.

На маладзечанскай трасе ўжо ідзе рэканструкцыя ўчастка каля мемарыяльнага комплексу «Лінія Сталіна» працягласцю 5,3 кіламетра. Замест цяперашніх дзвюх палос там будзе чатыры. Дарогу зробяць з бетонным пакрыццём, усталююць бар'ерную агароджу і пабудуюць паркоўку на 300 машын. Завяршыць работы плануюць у лістападзе 2027 года.

Траса ў напрамку Магілёва ўжо мае неабходнае пакрыццё. На віцебскім напрамку мяняць пакрыццё не плануюць, але рэканструкцыя дарогі працягнецца. Гомельская траса таксама пакуль адносна новая і здольная вытрымліваць значныя нагрузкі.

Як адзначыў міністр транспарту Аляксей Ляхновіч, цэментна-бетонныя дарогі маюць шэраг пераваг. Яны дазваляюць не ўводзіць вясновыя абмежаванні для руху цяжкіх грузавікоў і аўтобусаў, вытрымліваюць большую нагрузку на вось і служаць даўжэй.

Аб'ёмы будаўніцтва такіх дарог плануюць істотна павялічыць. У 2021—2025 гадах у Беларусі пабудавалі каля 60 кіламетраў дарог з выкарыстаннем бетону. На наступныя пяць гадоў запланавана ўжо каля 175 кіламетраў.

У цэлым дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі» на 2026—2030 гады прадугледжвае рамонт і рэканструкцыю не менш як 25 тысяч кіламетраў дарог. На гэтыя мэты плануецца накіраваць каля 19 мільярдаў беларускіх рублёў.

Чытайце таксама:

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы

Калі запусцяць новую дарогу ў Калядзічы і Гатава? З’явіліся навіны

Перасцярогі перад «новымі Жыткавічамі». Кіеў дарма бачыць пагрозу ў будаўніцтве мастоў цераз Прыпяць і Мухавец

У Мінску пачалі будаваць першы аб'ект трэцяй кальцавой дарогі

Каментары да артыкула