Расія рыхтуе новую серыю выпрабаванняў «лятаючага Чарнобыля»
Паводле інфармацыі Barents Observer, у канцы жніўня расійскія вайскоўцы пачалі перакідваць на архіпелаг Новая Зямля спецыяльную авіяцыю і тэхніку. Менавіта там, на палігоне Панкова, размешчаныя аб'екты, прызначаныя для выпрабаванняў «Буравесніка» — ракеты з ядзерным рухавіком, піша The Moscow Times.
Фота ілюстрацыйнае
22—23 жніўня на аэрадром Рагачова на Новай Зямлі прыбылі два самалёты Іл-967 СКІП, якія выкарыстоўваюцца для кантролю і атрымання тэлеметрыі падчас ракетных запускаў. Таксама туды перакінулі самалёт радыёлакацыйнай разведкі А-50У і некалькі транспартных самалётаў з верталётамі.
Адначасова пачалі рух судны ў Баранцавым і Карскім морах, якія могуць выкарыстоўвацца падчас выпрабаванняў. Расія таксама закрыла для палётаў паветраную прастору каля Новай Зямлі.
«Буравеснік» — ядзерная крылатая ракета, якую Уладзімір Пуцін упершыню прадставіў у 2018 годзе як адну з новых расійскіх стратэгічных распрацовак. На Захадзе яе называюць «лятаючым Чарнобылем», паколькі ракета павінна выкарыстоўваць ядзерную энергетычную ўстаноўку і патэнцыйна можа ствараць радыяцыйную небяспеку падчас палёту або ў выпадку аварыі.
Папярэднія выпрабаванні ракеты мелі праблемы. Паводле амерыканскіх разведвальных ацэнак, да 2018 года Расія правяла 13 спроб, якія скончыліся няўдала. У 2019 годзе ракета ўпала ў Баранцава мора, а падчас аперацыі па яе ўзняцці адбыўся выбух. Загінулі сем чалавек, у тым ліку спецыялісты расійскага ядзернага цэнтра ў Сарове. Пасля аварыі ў рэгіёне было зафіксавана павышэнне радыяцыйнага фону.
Расія раней заяўляла пра нібыта паспяховыя выпрабаванні «Буравесніка». У 2025 годзе Уладзімір Пуцін сцвярджаў, што ракета паспяхова праляцела каля 14 тысяч кіламетраў за 15 гадзін. Аднак Міністэрства абароны Расіі не апублікавала відэа самога запуску. У маі 2026 года Пуцін заявіў, што распрацоўка ракеты знаходзіцца на завяршальнай стадыі.
Цяперашняе перамяшчэнне авіяцыі, суднаў і закрыццё паветранай прасторы каля Новай Зямлі могуць сведчыць пра падрыхтоўку да чарговага этапу выпрабаванняў.
Чытайце таксама:
Вучэнні стратэгічных ядзерных сіл, што пачала Расія, — найбуйнейшыя ў гісторыі
У Расіі заявілі пра паспяховы пуск ракеты «Сармат»
Лукашэнка заявіў, што «Буравеснік» нам непатрэбны. МЗС Расіі яму адказаў
«Арэшнік» нам патрэбны, а «Пасейдон» і «Буравеснік» — не. Лукашэнка — пра задачы для ВПК