БЕЛ Ł РУС

«Альтэрнатыва для Германіі» хоча вывесці краіну з Шэнгену і еўразоны

24.08.2026 / 18:13

Nashaniva.com

Сустаршыня правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (АдГ) Аліс Вайдэль заявіла, што ў выпадку прыходу яе партыі да ўлады Германія можа выйсці з еўразоны і Шэнгенскага пагаднення.

Аліс Вайдэль. Фота: AP Photo/Martin Meissner

Пра гэта палітык сказала ў традыцыйным «Летнім інтэрв’ю» на грамадска-прававым тэлеканале ZDF. Пры гэтым Вайдэль рэзка раскрытыкавала ўрад Германіі, назваўшы яго кіраўнікоў «тупіцамі», якія абяцаюць адно, а робяць зусім іншае.

Вайдэль таксама выступіла супраць так званага «брандмаўэра» — дамоўленасці паміж асноўнымі палітычнымі партыямі Германіі не супрацоўнічаць з АдГ. Яна заявіла, што гатовая працаваць з любымі палітычнымі сіламі, адначасова абвінаваціўшы цяперашнюю кіроўную кааліцыю ХДС/ХСС і сацыял-дэмакратаў у падмане насельніцтва і разбурэнні краіны.

Калі АдГ прыйдзе да ўлады, партыя, паводле Вайдэль, «пакажа, на што здольная». Яна звязала ўступленне Германіі ў еўразону з пагаршэннем узроўню жыцця грамадзян. Акрамя таго, у рамках сваёй антыміграцыйнай палітыкі Вайдэль прыгразіла выхадам краіны з Шэнгенскага пагаднення. Паводле яе слоў, гэта дазволіла б лепш кантраляваць межы і закрыць у іх «дзіркі».

Паводле апошняга апытання Allensbach, праведзенага па замове газеты Frankfurter Allgemeine Zeitung, АдГ цяпер з’яўляецца найбольш папулярнай партыяй у Германіі. Калі б выбары ў Бундэстаг прайшлі ў найбліжэйшую нядзелю, яна магла б атрымаць 27,5% галасоў. ХДС заняла б другое месца з вынікам 22,5%.

Чытайце таксама:

У Германіі Расія напярэдадні выбараў запусціла кампанію «Матрошка»

Лідарка ўльтраправай «Альтэрнатывы для Германіі» паабяцала аднавіць імпарт нафты і газу з Расіі ў выпадку перамогі на выбарах

Крэмль стварае клоны Вікіпедыі на замежных мовах, каб навучыць нейрасеткі распаўсюджваць сваю прапаганду

«Альтэрнатыва для Германіі» паказала рэкордна высокі вынік у апытаннях

Каментары да артыкула