БЕЛ Ł РУС

Найбуйнейшыя НПЗ Казахстана адмовіліся пастаўляць бензін у Расію праз санкцыйныя рызыкі

26.08.2026 / 17:01

Nashaniva.com

Найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы Казахстана не скарысталіся квотамі на экспарт бензіну ў Расію. Пра гэта паведамілі агенцтву Reuters чатыры крыніцы ў галіне, піша The Moscow Times.

Паўладарскі НПЗ. Фота ілюстрацыйнае

У ліпені казахстанскае Міністэрства энергетыкі дазволіла Паўладарскаму НПЗ, другому па магутнасці ў краіне, паставіць у Расію 17,5 тысячы тон бензіну АІ-92. У жніўні аналагічную квоту атрымаў Атыраускі НПЗ. Магутнасць абодвух прадпрыемстваў складае каля 5,5 мільёнаў тон нафтаперапрацоўкі на год.

Аднак уладальнікі паліва вырашылі не адпраўляць бензін на расійскі рынак. Сярод асноўных прычын яны называюць праблемы з разлікамі праз расійскія банкі і небяспеку трапіць пад заходнія санкцыі. Паводле адной з крыніц, ніхто не хоча рызыкаваць санкцыямі.

Акрамя таго, у самім Казахстане цяпер не стае аўтамабільнага паліва. Попыт сезонна высокі, а ў суседніх краінах таксама назіраецца дэфіцыт бензіну.

Пастаўляць паліва ў Расію пагадзіўся толькі невялікі НПЗ «Кандэнсат» магутнасцю каля 850 тысяч тон на год. У ліпені ён экспартаваў у Расію 9 тысяч тон бензіну. У жніўні завод атрымаў першую партыю расійскай нафты па чыгунцы — 4,1 тысячы тон. Раней прадпрыемства закупляла нафту ў «Татнафты».

Пры гэтым казахстанскі бензін для расійскіх пакупнікоў занадта дарагі. Кошт бензіну АІ-92 з Атыраускага НПЗ складае каля 1100—1200 даляраў за тону, што прыкладна на 43% вышэй за цяперашнюю біржавую цану ў Расіі.

Сітуацыя з палівам у Расіі застаецца напружанай. Паводле ацэнак, уласная вытворчасць бензіну кампенсуе толькі каля дзвюх трацін унутранага попыту. З пачатку года ўкраінскія беспілотнікі больш за 70 разоў атакавалі расійскія НПЗ. На пачатак жніўня не менш за 18 заводаў поўнасцю не працавалі альбо былі загружаныя толькі часткова, а за апошнія чатыры тыдні яшчэ пяць НПЗ цалкам спынілі вытворчасць паліва.

Паводле Rystad Energy, аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў Расіі цяпер прыкладна на 30% ніжэйшыя за сезонную норму і складаюць каля 4 мільёнаў бараляў за суткі. У верасні істотна павялічыць уласную вытворчасць і такім чынам ліквідаваць дэфіцыт, паводле галіновых ацэнак, не атрымаецца.

Чытайце таксама:

Пакуль УСУ наносяць удары па НПЗ, Расія атакуе ўкраінскія АЗС. Якія наступствы гэтых атак?

УСУ нанеслі паспяховы ўдар па Афіпскім НПЗ у Краснадарскім краі

У Казахстане загарэўся адзін з найбуйнейшых нафтазаводаў

НПЗ у Пермі спыніў працу пасля атакі ўкраінскіх беспілотнікаў

Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы

Каментары да артыкула