Эканоміка11

Ці здымае Беларусь вяршкі з паліўнага крызісу ў Расіі? Ёсць нюансы

Праз паліўны крызіс Расія шукае, дзе можна закупіць паліва. І хоць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы атрымалі шанец нарасціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію, іх магчымасці зарабіць на гэтым абмежаваныя.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: lookby.media

Аб'ёмы паставак б'юць рэкорды, але ёсць нюансы

З-за паліўнага крызісу Расія павялічвае закупкі нафтапрадуктаў за мяжой, уключаючы Беларусь.

Паводле інфармацыі Reuters, у ліпені Беларусь паставіла новы рэкорд па чыгуначных пастаўках бензіну і дызельнага паліва ў Расію.

Толькі за месяц пастаўкі аўтамабільнага бензіну з беларускіх НПЗ выраслі на 13% у параўнанні з чэрвенем, а дызельнага паліва — прыкладна ўдвая, склаўшы каля 212 тысяч тон і 162 тысяч тон адпаведна.

Пры гэтым пастаўкі ў Расію на фоне паліўнага крызісу там раслі не толькі ў ліпені, але і раней. 

Але ці атрымлівае Беларусь велізарны дадатковы прыбытак ад крызісу ў Расіі?

«Аб'ёмы паставак нафтапрадуктаў у Расію сапраўды выраслі. Гэта адбылося як за кошт пераарыентацыі з іншых, менш выгадных рынкаў, куды з прычыны санкцый беларускім НПЗ даводзілася пастаўляць паліва з дадатковай зніжкай, так і за кошт павелічэння аб'ёмаў вытворчасці», — заўважае эксперт BEROC Настасся Лузгіна, але адзначае: казаць аб звышпрыбытках у дзяржаўных маштабах не выпадае.

Асабліва калі параўноўваць сітуацыю з дасанкцыйнымі часамі, калі Беларусь пастаўляла паліва ў краіны ЕС і Украіну.

Пасля таго як беларускія НПЗ апынуліся пад санкцыямі, пастаўкі сапраўды праселі. Да мінімальных значэнняў загружанасць беларускіх НПЗ апускалася ў 2025 годзе, калі яны працавалі на 55—65% магутнасцяў. Але нават пры гэтым экспарт цалкам не спыняўся, бензін і дызпаліва працягвалі пастаўляцца ў краіны Азіі і Афрыкі.

«Напрыклад, за 2024 год Беларусь экспартавала каля 4,3—4,5 мільёна тон нафтапрадуктаў праз расійскія парты. Цяпер, акрамя росту аб'ёмаў перапрацоўкі, адбылася пераарыентацыя паставак менавіта на расійскі рынак, на які раней пастаўкі былі нязначнымі, паколькі Расія сама задавальняла свае патрэбы ў паліве.

Менавіта таму мы назіраем рост паставак бензіну ў Расію ў 25 разоў і дызпаліва ў 6,5 разу ў першым паўгоддзі 2026 года», — тлумачыць эксперт.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Падобную сітуацыю з больш чым 20‑кратным ростам экспарту можна было назіраць у дачыненні да паставак беларускіх нафтапрадуктаў у Афганістан. За 2025 год Беларусь у 22 разы павялічыла пастаўкі нафтапрадуктаў у гэтую краіну, займаючы паступова расійскую экспартную нішу.

Ашаламляльны рост паставак у Афганістан у 2025‑м быў у першую чаргу абумоўлены нізкай базай, паколькі за 2024 год туды было пастаўлена ўсяго 14 тысяч тон нафтапрадуктаў з Беларусі.

Са слоў эксперта, асноўная прычына, чаму Беларусь не можа атрымліваць звышпрыбытак ад расійскага паліўнага крызісу, крыецца ў фізічнай немагчымасці беларускіх НПЗ забяспечыць патрэбы Расіі ў паліве.

Мазырскі НПЗ

«Два беларускія НПЗ нават ва ўмовах павелічэння нагрузкі могуць перапрацоўваць да 22‑24 мільёнаў тон нафты, і гэта пры ўмове 100% загрузкі, хоць аптымальнай лічыцца загрузка каля 90%.

Акрамя таго, попыт з боку Расіі расце ў першую чаргу на бензіны і дызельнае паліва, якія складаюць толькі частку прадукцыі, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы», — звяртае ўвагу Лузгіна.

Эксперт таксама адзначае, што каля 6 мільёнаў тон складае патрэба самой Беларусі.

Беларускае паліва — кропля ў моры для Расіі?

«Нават калі беларускія НПЗ будуць працаваць пры максімальна прымальнай загрузцы і Беларусь усе 100% экспарту бензіну будзе накіроўваць у Расію, то гэта будзе складаць не больш чым 10-12% ад агульнай патрэбы Расіі», — адзначыла эканаміст.

Таму, хоць беларускія НПЗ і атрымалі шанец нарасціць пастаўкі нафтапрадуктаў у Расію, іх магчымасці зарабіць на гэтым абмежаваныя.

«Тут трэба таксама ўлічваць, што пастаўкі на расійскі рынак могуць збольшага быць вымушанай мерай, паколькі атакі ўкраінскіх беспілотнікаў пашкоджваюць расійскую інфраструктуру і гэта абмяжоўвае аб'ёмы транспарціроўкі, у тым ліку беларускіх грузаў», — лічыць эксперт.

Тым не менш, акрамя дадатковага экспарту нафтапрадуктаў, НПЗ атрымліваюць прыбытак ад перапрацоўкі давальніцкай нафты, што будзе пазітыўна адбівацца на паказчыку экспарту паслуг.

«Пры гэтым важна адзначыць, што ў жніўні пастаўкі ў Расію знізіліся, а наваполацкі «Нафтан» рыхтуецца да чарговага планавага рамонту», — адзначае Лузгіна.

Каментары1

  • Свой
    21.08.2026
    Паехаў я ў горад прадаваць свае яблыкi. Прадаў усе, тоўсты пачак грошай у кiшэнi. Еду сабе дадому, песенькi спяваю. Але гэта, на думку эксперта, кепская навiна! Таму што, агульную патрэбу горада ў яблыках, я ўсё ж не здаволiў! Добра разумею жаданне ўбачыць падзенне рэжыму, сам чакаю, але давайце абыходзiцца без ружовых акуляраў.

Цяпер чытаюць

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме4

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Усе навіны →
Усе навіны

У Вялікім тэатры галоўную люстру апусцяць у залу. Ахвотных запрашаюць на фотасесію2

Пераапранаўся на гарышчы і меў парык. Як лавілі рабаўніка ювелірнай крамы8

Трагедыя ў Барысаўскай бальніцы: унучка пацыента кажа, што на яго звярнулі ўвагу праз шэсць гадзін, калі ўжо пена пайшла з рота — ён памёр24

Галоўнага расійскага прапагандыста Дзмітрыя Кісялёва адхілілі ад эфіру «Вестей недели»3

Арменія збіраецца ў найбліжэйшы час падаць заяўку на ўступленне ў ЕС5

«Усе, хто хацеў, працу знайшлі». Як жывуць беларускія айцішнікі ў Латвіі4

Вялікабрытанія і Францыя перадаюць Украіне сакрэтныя даныя для вытворчасці крылатых ракет SCALP. Для Крымскага моста?11

Мужчына думаў, што знайшоў добрую вакансію на нафтавай платформе ў Нарвегіі, але страціў грошы

«Кладзём на сумленне!» Чым жыве Вадзім Галыгін12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме4

Каледж хацеў засудзіць студэнта і спагнаць з яго 13 тысяч рублёў — але юнак даў адпор сістэме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць