БЕЛ Ł РУС

У непальскай катастрофе цудам ацалеў бірузовы дом, на які абрынуўся селевы паток. Як яму гэта ўдалося?

31.08.2026 / 16:24

Nashaniva.com

У раёне Трышулі ў Непале пасля магутнай паводкі ацалеў адзін з дамоў, які цяпер у сацыяльных сетках называюць «цуда-домам» і «бірузовым домам». Вада, гразь, камяні і абломкі разбурылі навакольныя будынкі, але жалезабетонная канструкцыя гэтага дома вытрымала ўдар стыхіі, піша Independent.

Скрыншот з відэа

На відэа, якія распаўсюджваюцца ў інтэрнэце, відаць, як бурныя патокі вады праносяцца праз ніжнія паверхі, зрываюць дзверы і вокны і запаўняюць памяшканні брудам. Жыхары тым часам хаваліся на верхніх паверхах і ў выніку не пацярпелі.

У доме знаходзіліся 45‑гадовы Пракаш Пандэй П'якюрэл, ягоная жонка, двое дзяцей і пажылыя бацькі. Калі пачалася паводка, муж і жонка былі ў суседняй краме. Іх сямігадовы сын пайшоў у школу за 15 хвілін да гэтага, а 11‑гадовая дачка толькі збіралася выходзіць.

Сям'я паспела вярнуцца ў дом, дзе амаль дзве гадзіны заставалася ў пастцы. Людзі назіралі, як ледзяная вада, насычаная граззю і абломкамі, б'е па будынку з усіх бакоў і прымушае яго дрыжаць. Жанчына прызналася, што яны ўжо рыхтаваліся да смерці, але ў выніку ўсе засталіся жывыя.

Пазней адзін з членаў сям'і пачаў махаць чырвоным сцягам, каб прыцягнуць увагу выратавальнага верталёта.

У відэароліку, апублікаваным у акаўнце Architecture Presentation у X, выказваецца меркаванне, што бірузовы дом ацалеў дзякуючы незвычайнай для Гімалаяў канструкцыі.

People were standing on a house balcony when a devastating flash flood suddenly struck the Nepal–Tibet border region. With floodwaters surrounding them, there was no clear way out pic.twitter.com/XtjWOdgIYs

— Surajit (@surajit_ghosh2) August 28, 2026

Большасць жылых дамоў у Непале ўзведзеныя з каменных муроў. Такія будынкі добра вытрымліваюць вертыкальную нагрузку, але пры моцным бакавым удары іх сцены могуць разбурацца, а дахі — абвальвацца.

Ацалелы дом мае жалезабетонны каркас, змацаваны бетонам і арматурай. Таму, калі на яго абрынуўся магутны селевы паток, ён вымыў частку мура са сцен і прайшоў далей, але асноўны каркас будынка застаўся цэлым.

Менавіта трывалая каркасная канструкцыя, як мяркуюць інжынеры, і дазволіла дому вытрымаць удар стыхіі.

Паводка пачалася каля 8:32 раніцы па мясцовым часе пасля таго, як частка гімалайскага ледавіка адарвалася і абрынулася ў даліну каля мяжы Непала і Кітая. Магутны паток панёс з сабой велізарныя камяні, дрэвы і гразь, разбураючы паселішчы, дарогі, масты і лініі сувязі.

Па стане на панядзелак колькасць загінулых у Непале і Кітаі вырасла да 908 чалавек, яшчэ каля 5 тысяч лічацца зніклымі без вестак.

Стыхія пашкодзіла 19 мастоў і каля 40 кіламетраў аўтамабільных дарог, а таксама вывела з ладу больш за 10% магутнасцяў па вытворчасці электраэнергіі ў Непале.

На фоне маштабных разбурэнняў ацалелы дом стаў для многіх сімвалам выжывання і нагадваннем пра тое, наколькі важнымі могуць быць якаснае праектаванне і трывалая канструкцыя будынкаў.

Чытайце таксама:

У гразевым патоку ў Непале загінула ці знікла 5700 чалавек

«Мы павінны былі ехаць гэтым жа маршрутам». Беларус цудам пазбег катастрофы ў Непале і страціў там сябра

У Непале пахавалі 229 неапазнаных цел. Сотні ахвяр паводкі могуць так і застацца неапазнанымі

«Я страціў 140 суседзяў». Рэпарцёры пабывалі ў зоне паводкі ў Непале

«Кайлас, я іду». Што за беларуска знікла ў жудасным селі ў Непале

Каментары да артыкула