Колькасць пацверджаных ахвяр катастрафічнай паводкі ў Гімалаях перавысіла 900 чалавек. Яшчэ каля 4,8 тысячы чалавек лічацца зніклымі без вестак. Ратавальнікі працягваюць пошукі ў цяжкадаступных раёнах Непала і Тыбета, дзе разбураныя дарогі і масты, а дрэннае надвор'е і дажджы пагражаюць новымі апоўзнямі.

Як паведаміла 31 жніўня ведамства па надзвычайных сітуацыях у Катманду, у Непале знойдзеныя целы 903 загінулых. У суседнім Кітаі пацверджаная гібель яшчэ як мінімум 16 чалавек.
У Непале без вестак зніклі 4247 чалавек, сярод якіх 592 замежнікі, у тым ліку беларуска Кацярына Саковіч. У Кітаі паведамляецца яшчэ пра 546 зніклых.
У пошукавай аперацыі ўдзельнічаюць тысячы ратавальнікаў.
Ратавальныя працы моцна ўскладняюць дрэннае надвор'е і ўздым узроўню вады. У рэгіёне чакаюцца новыя дажджы, а гэта павялічвае рызыку новых паводак і апоўзняў.
Неапазнаных загінулых хаваюць у брацкіх магілах
У Непале ўжо пачалі хаваць неапазнаныя целы ў брацкіх магілах. Перад гэтым у загінулых бяруць узоры ДНК і пазначаюць целы, каб сваякі маглі пазней іх апазнаць і забраць.
Для пераважна індуісцкага Непала гэтая працэдура асабліва незвычайная: паводле традыцыі памерлых там крэмуюць. Цяперашнія пахаванні разглядаюцца як часовая мера — да таго моманту, калі сваякі змогуць знайсці сваіх блізкіх. Тым не менш такое рашэнне ўжо выклікала крытыку ў сацыяльных сетках.
Многія целы знаходзяць на поўдні краіны, за дзясяткі кіламетраў ад месца асноўнага затаплення. Улады раёна Чытван, які мяжуе з Індыяй, паведамляюць, што частка целаў ужо знаходзіцца ў стане моцнага гніення, што ўскладняе іх хуткую ідэнтыфікацыю. Эксперты таксама папярэджваюць пра небяспеку ўзнікнення эпідэмій.
Катастрофа пачалася раніцай 26 жніўня ў высакагорным раёне Расува на мяжы Непала з Тыбетам.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай мог стаць вялікі апоўзень. Рака Бхотэ-Кошы, якая бярэ пачатак у Тыбеце, выйшла з берагоў пасля таго, як у яе рэчышча абрынулася велізарная маса гразі і камянёў.
Што менавіта выклікала абвал, пакуль дакладна невядома.
Каментары