Выпусцілі новую мадэль школьнага аўтобуса «Нёман»
Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ) прадставіў у Гомелі новую мадэль школьнага аўтобуса «Нёман-420432». Прэзентацыя адбылася падчас выставы ў межах абласной педагагічнай канферэнцыі, паведаміла прэс-служба прадпрыемства.
Фота: mzkt.by
Аўтобус створаны на ўласным шасі і прызначаны для бяспечнай і камфортнай перавозкі дзяцей. Ён абсталяваны дызельным рухавіком стандарту Еўра-5 і механічнай каробкай перадач, а яго максімальная хуткасць электронна абмежаваная да 60 км/г.
Салон разлічаны на 28 дзяцей і двух суправаджаючых. Усе дзіцячыя сядзенні маюць чатырохпунктавыя рамяні бяспекі. Таксама аўтобус атрымаў сістэмы ABS, ESP, ASR і ROP, кандыцыянер, ацяпляльнікі, блакіроўку дзвярэй і спецыяльныя знакі для перавозкі дзяцей.
Для кіроўцы прадугледжаныя пнеўматычнае сядзенне з падагрэвам, гідраўзмацняльнік руля, лічбавая панэль прыбораў і абаграванне люстэркаў.
У МЗКЦ адзначылі, што новая мадэль адаптаваная менавіта для перавозкі дзяцей і адпавядае патрабаванням бяспекі і камфорту.
МЗКЦ пачаў выпускаць аўтобусы пасля набыцця ў 2014 годзе ААТ «Лідскія аўтобусы «Нёман». На базе прадпрыемства ў Лідзе цяпер вырабляюць аўтобусы сярэдняга і буйнога класаў.
Чытайце таксама:
У санкцыйны спіс ЕС уключылі Беларускую нафтавую кампанію і «Волат-Санцзян»
Еўрасаюз прыняў 17‑ы пакет санкцыі супраць Расіі. У спісе і Мінскі завод колавых цягачоў